Новости Молодечно и Молодечненского района

Дасяваем кукурузу і рыхтуемся да корманарыхтоўкі

  • 2022-05-30 07:17:12
  • Алег Бяганскі

— Сёлета пад кукурузу адведзена 680 гектараў, — адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Бітэль. — Плошча гэтай культуры пад зялёны корм у параўнанні з мінулым годам павялічылася. Гэта зроблена для забеспячэння гарантаванай кармавой базы для грамадскага статка. Немалаважна і тое, што падкормка траў і іншых адналетнікаў прайшла ў аптымальныя тэрміны. Гэта яшчэ больш абагаціць рацыён буйной рагатай жывёлы.

Як падкрэсліла спецыяліст, да «зялёнага жніва» рыхтуюцца і людзі, і тэхніка. Робіцца ўсё, каб работа паспяхова была праведзена на ўсіх этапах корманарыхтоўкі. Якасці сенажу і сіласу будзе нададзена асаблівая ўвага. Ад гэтага непасрэдна залежыць прадукцыйнасць сельскагаспадарчых жывёл.

— Важнае месца ў структуры пасяўных плошчаў у гаспадарцы адводзіцца азімай пшаніцы, — працягвае Таццяна Юр’еўна. — Займае яна больш за 700 гектараў. Пасевы гэтай культуры перанеслі зіму без страт. Значныя плошчы занятыя пад азімы рапс. Больш за 350 гектараў займаюць яравыя збожжавыя.

Субяседніца паведаміла, хто «Хажоваагра-2009» традыцыйна вырошчвае цукровыя буракі. Гэта культура патрабуе высокага ўзроўню агратэхнікі. Каб атрымаць добры ўраджай, трэба 7-8 разоў апрацаваць палі (унесці мінеральныя ўгнаенні, мікраэлементы, абараніць расліны ад пустазелля і гэтак далей). У гэтым годзе «бурачныя» плантацыі займаюць 230 гектараў.

— Сёлета з-за асаблівасцей надвор’я пасяўная зацягнулася, — зазначыла Таццяна Бітэль. — На тэмпы палявых работ паўплывалі замаразкі і вясеннія дажджы. Асабліва гэта тычыцца тарфяна-балотных меліяраваных глеб. Аднак хлебаробы справіліся з усімі цяжкасцямі і стварылі добрую аснову пад будучы ўраджай.

Галоўны аграном нагадала, што апыленне пчоламі значна павялічвае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Для гэтага ў гаспадарцы ёсць стацыянарная і мабільная пчальнікі. У зоне іх уплыву высяваюцца грэчка, люцэрна, іншыя меданосы. У гэтым годзе ўпершыню пасеялі фацэлію — добры меданос.

Дарэчы, дадатковы даход ад рэалізацыі мёду лішнім для сельгасарганізацыі не бывае. Гэта яшчэ адзін плюс, які даюць пчальнікі.

— У гаспадарцы ўжо рыхтуюцца да жніва, — сказала Таццяна Бітэль. — Час ідзе хутка, трэба загадзя зрабіць усё неабходнае для прыёму новага ўраджаю. Таму работнікі «Хажова-агра-2009» рыхтуюць складскія памяшканні, правяраюць зернесушыльны комплекс. Увогуле, калектыў настроены на плённую працу. Людзі ведаюць, што фінансавы стан гаспадаркі і яе перспектывы ў многім залежаць менавіта ад іх.

Разам з Таццянай Юр’еўнай мы пабывалі на палях, дзе засявалі кукурузу. Работу праводзілі механізатары Павел Вайцюлевіч і Віктар Завадскі. Кожны за змену высяваў па 25 гектараў «царыцы палёў». Работа ў вяскоўцаў спорылася.

— У гаспадарцы я каля двух дзясяткаў гадоў, — расказаў Віктар Уладзіміравіч. — Машынна-трактарны парк за гэты час пастаянна абнаўляецца. Абслугоўваць тэхніку дапамагае інжынерная служба. У залежнасці ад сезона заняты на розных работах. Калі пачнецца корманарыхтоўка, буду падвозіць зялёную масу з палёў да сянажных траншэй.

Для Віктара Завадскага гэта пасяўная далёка не першая ў працоўнай біяграфіі.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.