Леанід Жыткевіч (на фота) жыве ў вёсцы Навасёлкі 1 з 1958 года. Яго вуліца Зарэчная з’яўляецца працягам вуліцы Касцельнай у Дубраве. Мужчына бачыў мясцовы храм на працягу дзясяткаў гадоў.
– Пры мне службы ў касцёле ўжо не вяліся, – расказаў вясковец. – Будынак выкарыстоўваўся пад гаспадарчыя патрэбы. Тут захоўвалася збожжа для мясцовага спіртзавода. Памятаю, што ў касцельным склепе стаялі дзве труны. Мы з дзецьмі калі-нікалі заглядвалі ў гэты склеп. Храм канчаткова прыйшоў у заняпад пасля пажару.
Мужчына адзначыў, што работа па добраўпарадкаванні рэшткаў касцёла і навакольнай тэрыторыі дае свой плён. Наводзяць парадак мясцовыя жыхары, вернікі, валанцёры, работнікі сельвыканкама. Людзі стараюцца захаваць славутасць, каб знакавае месца і далей расказвала пра гісторыю роднага краю.
– Людзі павінны шанаваць сваю малую радзіму. Неабходна перадаць паважлівае стаўленне да яе наступным пакаленням, – акцэнтаваў Леанід Жыткевіч.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ