Новости Молодечно и Молодечненского района

Cупрацоўнікі Лебедзеўскага сельвыканкама з работнікамі культуры наведваюць мясцовых жыхароў з інваліднасцю

  • 2020-12-09 07:51:38
  • Анжаліка Крупянькова

— Сёлета ініцыятарам акцыі была мастацкі кіраўнік нашага Дома культуры Анастасія Сідар, — расказвае старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч. — Дзеці, якія наведваюць гурток па рукадзеллі, падрыхтавалі сувеніры. Спонсарам акцыі выступіла мясцовае гандлёвае прадпрыемства «Вікторыя-эталон», якое выдзеліла салодкія падарункі.

Штогод удзельнікі акцыі наведваюць людзей з інваліднасцю, якіх на тэрыторыі сельсавета 198. На гэты раз Тамара Дудзіч, Анастасія Сідар і інспектар сельвыканкама Жанна Нядзелька завіталі да васьмярых жыхароў Лебедзева і Маліноўшчыны – Святланы і Алены Чарняўскіх, Ільі Глода, Наталлі Посах, Станіславы Усік, Ніны Гаркуша, Веры Глінскай, Наталлі Глод. Для іх візіт прадстаўнікоў улады стаў прыемнай неспадзяванасцю, знакам увагі. Госці не толькі ўручылі падарункі, але і спыталі пра жыццёвыя праблемы людзей з інваліднасцю. У многіх лёс вельмі няпросты, ды і ўзрост немалады, але яны застаюцца аптымістамі, не скардзяцца. Як, напрыклад, адна з лебедзеўскіх доўгажыхарак 93-гадовая Вера Глінская, якая ўсё жыццё адпрацавала ў гандлі. Шчыра радавалася нечаканым гасцям і Ніна Гаркуша. Яна шмат гадоў таму пераехала ў Лебедзева з Гомельшчыны, працавала ў мясцовым калгасе, цяпер на пенсіі. Пра кожнага з гэтых людзей можна расказваць асобна, усе яны заслугоўваюць павагі. Ім надзвычай прыемна было пачуць цёплыя словы падтрымкі ў свой адрас, пераканацца, што пра іх памятаюць.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.