Новости Молодечно и Молодечненского района

Цель страхования -- вселить уверенность

  • 2017-12-04 07:48:27
  • Алег Бяганскі


— Галоўнае ў рабоце страхавых агентаў – проста і даступна данесці да насельніцтва перавагі страхавання, — адзначыла дырэктар прадстаўніцтва Ірына Завадская. — Таму работнікі Белдзяржстраху павінны быць камунікабельнымі, кампетэнтнымі, гатовымі заўсёды прыйсці на дапамогу. Немалаважнае значэнне мае і тэхнічная аснашчанасць. Так, заплаціць за страхавыя паслугі агенту цяпер можна не толькі наяўнымі, але і праз мабільны тэрмінал.

Увогуле, арганізацыя ідзе ў нагу з часам і ўкараняе самыя сучасныя метады арганізацыі працы. Сярод іх запаўненне страхавых полісаў па інтэрнэце і аплата праз адзіную разліковую і інфармацыйную прастору.

— Моладзь – найбольш крэатыўная, мабільная і тэхналагічна прасунутая частка грамадства. Таму асноўную стаўку Белдзяржстрах робіць менавіта на маладых спецыялістаў. У многім дзякуючы ім і дасягаюцца высокія паказчыкі, якімі ганарыцца калектыў, — адзначыла Ірына Іванаўна.


Субяседніца падкрэсліла, што з пачатку года сума страхавых узносаў, унесеных у Белдзяржстрах жыхарамі і суб’ектамі гаспадарання Маладзечаншчыны, склала амаль 4 мільёны рублёў. Плацельшчыкі ведаюць, што сродкі выдаткаваныя недарма. Яны ўпэўнены: арганізацыя не пакіне кліента сам-насам з бядой. І гэтаму ёсць шматлікія доказы.

У сваю чаргу, страхавыя работнікі цэняць давер кліентаў, апраўдваюць бездакорную рэпутацыю, пашыраюць пералік страхавых паслуг.

Так, у апошні час значнай папулярнасцю карыстаецца комплекснае страхаванне кватэр. Яно ахоплівае страхаванне памяшканняў, маёмасці і адказнасці ўладальніка нерухомасці. Бланкі адпаведных дагавораў рассылаюцца жыхарам разам з «жыроўкамі».

Многія прадпрыемствы і арганізацыі заключаюць дагаворы добраахвотнага страхавання медыцынскіх расходаў. Яны прадугледжваюць, у тым ліку, абследаванне стану здароўя работнікаў. Дзякуючы гэтаму людзі менш хварэюць, а прадпрыемствы атрымліваюць дадатковы прыбытак. Такія полісы дзейнічаюць на ММЦ, Маладзечанскім камбінаце хлебапрадуктаў, заводзе «Рамбыттэхніка»… У некаторых калектывах вышэйзгаданы від страхавання ўключаецца нават у абавязковы сацыяльны пакет.
З новага года ў Беларусі плануецца ўвядзенне электроннага страхавога поліса. Для гэтага будуць сінхранізаваныя базы даных Белдзяржстраху і МУС.

— Агенты – залаты фонд нашага прадстаўніцтва. Для кліентаў яны дарадцы і памочнікі. А паказваюць прыклад іншым такія работнікі, як Аксана Аляхновіч, Людміла Кісель, Святлана Высоцкая... На гэтых спецыялістаў у калектыве раўняюцца, іх вопыт пераймаюць, — падкрэсліла Ірына Завадская.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.