Новости Молодечно и Молодечненского района

Ці ў «форме» ферма?

  • 2017-10-31 13:09:26
  • Аляксандр Лазоўскі

Чалавеку, далёкаму ад сельскай гаспа    даркі, трэба яшчэ змікіціць, што хаваецца за такой фармуліроўкай. Той жа, хто ў тэме, адкажа без ваганняў: колькасць і якасць атрыманага малака і мяса, эканоміка сельгаспрадпрыемстваў, якія з’яўляюцца іх вытворцамі, узровень заробкаў іх работнікаў…

На гэтым аспекце засяродзіў увагу прысутных і старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец: пяцьдзясят працэнтаў, а ў некаторых гаспадарках і больш, валавой вытворчасці прадукцыі прыпадае менавіта на жывёлагадоўлю. Мяса і асабліва малако здольныя прыносіць у грамадскую касу «хуткія» грошы. Не разумець гэтага, а тым больш ігнараваць — значыць, спадзявацца на ўдачу.

Юрый Брыль, выконваючы абавязкі першага намесніка старшыні райвыканкама, досыць грунтоўна прааналізаваў становішча ў грамадскай жывёлагадоўлі раёна. Так, валавая вытворчасць прадукцыі за дзевяць месяцаў года ў супастаўных цэнах у параўнанні з адпаведным перыядам летась вырасла на 3,3 працэнта, альбо на 1223,4 тысячы рублёў. Разам з тым, адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Дубрава-2013», «Заскавічы» і сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «ЯхімоўшчынаАгра» не дасягнулі ўзроўню папярэдняга года. Дарэчы, назвы згаданых гаспадарак найчасцей гучалі ў негатыўнай танальнасці.

Далей Ю. Брыль адзначыў: хаця за ўказаны перыяд валавая вытворчасць малака ў раёне ўзрасла ў параўнанні з леташнім на 3,4 працэнта і склала 52412,1 тоны, то ў ААТ «Заскавічы», СУП «ЯхімоўшчынаАгра» і КСУП «Відзеўшчына» дапушчана зніжэнне аб’ёмаў. Прычыны недабору элементарныя і ляжаць на паверхні – нізкая вытворчая дысцыпліна работнікаў, недастатковая кармавая база і пралікі ў арганізацыі кармлення жывёлы, недапрацоўкі спецыялістаў. Яшчэ адзін «мінус» – нізкія таварнасць і якасць малака. Так, у ААТ «Дубрава-2013» гатункам «экстра» не рэалізавана ніводнага кілаграма, у ААТ «Купала-Агра» (пры росце надояў на кожную карову больш чым 800 кілаграмаў) – толькі 7 працэнтаў, у «Відзеўшчыне» – 7,8.

Спецыялісты ведаюць, што патэнцыял жывёлагадоўчай галіны залежыць у значнай ступені ад колькасці ацёлаў і атрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, які ў перспектыве выкарыстоўваецца на так званы рамонт статка. Хаця гэтыя паказчыкі сёлета перакрываюць мінулагоднія, работу заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў усё яшчэ нельга лічыць дастаткова эфектыўнай. Як і намаганні, накіраваныя на прафілактыку захворванняў і лячэнне жывёлы.

Своеасаблівым экзаменам для жывёлаводаў, кіраўнікоў гаспадарак, работнікаў спецыялізаваных раённых службаў стане асенне-зімовы перыяд. Зімоўка праверыць, у якой «форме» знаходзіцца жывёлагадоўля раёна ў цэлым і кожная канкрэтная ферма ў прыватнасці. На гэту акалічнасць на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта была звернута ўвага ўсіх, хто ў той ці іншай ступені нясе адказнасць за развіццё стратэгічнай галіны АПК.