Новости Молодечно и Молодечненского района

Бычок за плённую працу

  • 2021-06-15 12:22:00
  • Алег Бяганскі

У гэтым мы пераканаліся, калі наведалі малочнатаварную ферму «Аборак» і малочнатаварны комплекс «Груздава». Суправаджала нас кіраўнік гаспадаркі Алена Халматава.

На МТФ «Аборак» утрымліваюцца дойны статак і цяляты да трохмесячнага ўзросту. Для даення выкарыстоўваецца сучасная апаратура кампаніі «ДэЛаваль». Кожная карова мае «дасье» з данымі аб прадукцыйнасці і іншай інфармацыяй. Даныя аўтаматычна заносяцца ў камп’ютар.

Маладняк пояць малаком тройчы на дзень. У бычкоў і цялушак заўсёды ёсць чыстая вада і свежы подсціл. Ім даюць спецыяльную кармавую сумесь. Утрымліваюцца цяляты ў добрых умовах.

— На сёння даглядаю 87 падапечных, — гаворыць аператар па вырошчванні маладняку Ніна Прыгодская. – Галоўнае, каб цяляты не хварэлі і былі сытыя. Калі на працягу года не дапушчу падзяжу і выканаю іншыя ўмовы прафесійнага спаборніцтва, у якасці прэміі атрымаю бычка. Спадзяюся на гэта, бо па выніках работы за мінулы год аднаго ўжо атрымала.

Ніна Прыгодская і Андрэй Чарняўскі сваю работу любяць і ганарацца ёю.

Ніна Іванаўна працуе ў гаспадарцы дваццаць гадоў. Раней была «днявальнай» (дзённым жывёлаводам). Субяседніца нарадзілася і жыве ў Палачанах. У яе дружная працавітая сям’я, дом з усімі выгодамі. Спецыяліст працягвае дынастыю жывёлаводаў – яе маці працавала загадчыцай фермы.

У калектыве МТФ цэняць і паважаюць слесара па даенні Андрэя Чарняўскага. Мужчына пераехаў на Маладзечаншчыну 13 гадоў таму. Спецыяльнасць атрымаў у Вілейскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Жыллё выдзеліла гаспадарка. Спецыяліст адказвае за надзейную работу даільнага абсталявання. Са сваімі абавязкамі ён спраўляецца выдатна.

На тэрыторыі фермы мы сустрэліся з вадзіцелем Андрэем Маскалевічам. За рулём службовага аўтамабіля за дзень ён накручвае шмат кіламетраў. Спецыялісту трэба развезці персанал на аб’екты жывёлагадоўлі, а потым выканаць іншыя даручэнні.

Андрэй Маскалевіч устае рана, каб адвезці работнікаў ферм на першую дойку.

— Ранішняя дойка пачынаецца ў пяць гадзін, — паведаміў Андрэй Аляксандравіч. – Значыць, мне трэба быць гатовым да выезду ўжо ў чатыры. Да такога графіку прывык. Галоўнае, не падвесці гаспадарку.

На МТК «Груздава» мы прыехалі ў час дойкі. У спецыяльнай даільнай зале адначасова «давалі прадукцыю» 32 каровы. У памяшканні працавалі аператары машыннага даення Алеся Маркоўская і Ілона Суліма. Было бачна, што работа дзяўчатам падабаецца. За дзвярыма чакала сваёй чаргі наступная партыя рагуль.

У даільнай зале МТК «Груздава» адначасова «даюць прадукцыю» 32 рагулі.

— На комплексе прымяняецца абсталяванне «Унібокс», — адзначыла Алена Халматава. — Працэс даення камп’ютарызаваны. У кожнай каровы ёсць бірка-чып, якая дазваляе адсочваць колькасць малака, якую дала жывёла, іншыя паказчыкі.

Дырэктар падкрэсліла, што гаспадарка пастаўляе малако на перапрацоўку толькі гатункам «экстра». Гэтаму ў немалой ступені садзейнічае прафілактыка захворванняў буйной рагатай жывёлы. Эфектыўна працуюць заатэхнічная і ветэрынарная службы. Вялікая ўвага надаецца якасці кармоў.

Пробы малака аналізуе лабарант Ніна Юркевіч.

Корманарыхтоўка праходзіць паспяхова. Праводзіцца касьба траў, закладваюцца сянажныя траншэі. Кампанія ідзе ў тандэме з ААТ «Гарадзілава». Такім чынам, грамадскі статак будзе цалкам забяспечаны кармамі. А ў тым, што жывёлаводы не падвядуць, сумненняў няма.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.