Новости Молодечно и Молодечненского района

Бульбу нарыхтаваць і грошы атрымаць

  • 2021-10-19 07:41:19
  • Алег Бяганскі

Калі мы наведвалі фермера, уборка бульбы была ў самым разгары. На полі працавалі ўдзельнікі аплачваемых работ, якіх накіравала раённая служба занятасці. Добраахвотныя памочнікі размеркаваліся па некалькі чалавек на рад. Жанчыны збіралі бульбу, мужчыны ссыпалі яе ў мяшкі. Работа ішла спорна.

Жанчыны збіраюць бульбу ў вёдры, мужчыны ссыпаюць яе ў мяшкі.

— Акрамя бульбы вырошчваем капусту, буракі, моркву, іншую агародніну, — гаворыць Алена Аляксандраўна. – Сёлета разлічвалі на большы ўраджай. Аднак падвяло надвор’е. Цяпер асноўная задача як мага хутчэй убраць вырашчанае. І ўдзельнікі аплачваемых работ у гэтым дапамагаюць. Разлічваемся з імі грашыма і агароднінай. Людзям такая форма аплаты падабаецца.

Уборка бульбы – калектыўная праца.

Субяседніца паведаміла, што ў фермерскай гаспадарцы вырошчваецца бульба гатункаў «беларужа» і «гала». Раз у два-тры гады гатункі абнаўляюцца.

Ураджай рэалізуецца сацыяльным установам, пастаўляецца ў магазіны. Частка бульбы ідзе на пасадкі ў наступным годзе.

— Вырасціць бульбу — даволі працаёмкая задача, — падкрэсліла Алена Троцкая. — Трэба падрыхтаваць поле, унесці ўгнаенне, абагнаць. Важна таксама абараніць пасевы ад шкоднікаў. Убіраць лепш уручную. Так клубні менш пашкоджваюцца і захоўваюцца даўжэй. Праца цяжкая. Аднак попыт на бульбу стабільны. Таму на ёй спецыялізуюцца многія фермерскія гаспадаркі.

Мы пагаварылі з людзьмі, якія дапамагалі фермеру збіраць ураджай. Многія з іх працуюць на бульбяных палетках не першы сезон. Гэта для іх добрая магчымасць нарыхтаваць агародніну сабе і блізкім. А яшчэ праца на свежым паветры замяняе фізкультуру.

Жыхар Маладзечна Анатолій Кандраценка ўдзельнічае ў аплачваемых работах не першы сезон.

— Я ўжо на заслужаным адпачынку, сядзець дома надакучыла, — гаворыць Людміла Дзмітрыеўна. – А тут можна і бульбу назапасіць, і грошы атрымаць. Атрымліваецца добрая прыбаўка да пенсіі. Карысць ад такой працы агульная.

На бульбяным полі ля вёскі Дзякшняны кіпіць работа.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.