Змянілася не толькі шыльда, але і адносіны ў калектыве. Па сутнасці, як адзначаюць ветэраны таварыства, два дзесяцігоддзі таму была закладзена аснова сучасных, больш эфектыўных падыходаў да арганізацыі ўсяго вытворчага працэсу. Значна зменшылася кола пытанняў, якія трэба было ўзгадняць з рознымі вышэйстаячымі арганізацыямі. Затое вырасла індывідуальная адказнасць кожнага за сваю працу, у тым ліку і кіраўніка за ўласныя рашэнні перад калектывам. Гэта дазволіла ў сціслыя тэрміны палепшыць дысцыпліну на аб’ектах, павысіць прадукцыйнасць працы.
— Тады закладваўся фундамент сучаснай вытворчай базы акцыянернага таварыства, — адзначае дырэктар ААТ «Будаўнік-197» Кірыл Міхайленка. — Для больш хуткага асваення вялікіх аб’ёмаў капіталаўкладанняў набываліся новая тэхні-ка, механізмы, інструмент. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што частка прыбытку інвесціравалася ва ўласнае развіццё прадпрыемства. Шмат фінансавых сродкаў укладвалася ў асваенне новых тэхналогій. Галоўны прыярытэт быў і застаецца адзін – гэта якасць выконваемых работ. Такі падыход дазволіў таварыству заняць дастойнае месца на рынку
будаўніцтва жылля.
Разам з іншымі арганізацыямі калектыў ААТ «Будаўнік-197» прымаў актыўны ўдзел у ажыццяўленні праграмы падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011», што праходзіў у Маладзечне. Дзякуючы агульным намаганням у нашым горадзе вырас цэлы мікрараён. Аб адным унікальным аб’екце, які стаў сімвалам Маладзечна — вертыкальнай манументальнай стэле з выявай Божай Маці, хацелася б сказаць асобна. Бо да рэалізацыі гэтага велічнага аб’екта непасрэдныя адносіны маюць спецыялісты ААТ «Будаўнік-197». Вышыня кампазіцыі складае 15 метраў, а вага скульптуры, вылітай з бронзы – каля дзвюх тон. Яе ўзвядзенне стала адным з самых адказных і складаных аб’ектаў напярэдадні рэспубліканскага свята. Будаўнікі паспяхова справіліся з пастаўленай задачай, што яшчэ раз даказала іх высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць.
Як паведаміў Кірыл Міхайленка, сёлета калектыву даручана будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў у вёсцы Краснае. Жыллё прызначана для мнагадзетных сем’яў. Будаўнікі разумеюць усю важнасць пастаўленай задачы і прыкладуць усе намаганні, каб выканаць яе якасна і ў аптымальныя тэрміны.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.