Новости Молодечно и Молодечненского района

«Беспилотник» помогает выявлять пожары

  • 2018-11-21 07:01:25
  • Алег Бяганскі



— Беспілотныя лятальныя апараты дапамагаюць і лесаводам Маладзечаншчыны, — гаворыць намеснік дырэктара Маладзечанскага лясгаса Віталій Дземеш. – Выдзяляе «беспілотнікі» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Асабліва запатрабаваная такая тэхніка ў пажаранебяспечны перыяд. З вышыні птушынага палёту добра бачна, куды распаўсюджваецца пажар, якую плошчу ён ахапіў. Гэта дазваляе аператыўна прымаць правільныя рашэнні.

У раёне паветраная тэхніка выдатна паказала сябе і пры абследаванні сасновых насаджэнняў. На пачатковым этапе былі выяўлены ачагі паражэння зялёных масіваў насякомымі-караедамі. У выніку эпідэмія была спынена, а вялікія ўчасткі лясной расліннасці захаваныя. Такая «хуткая дапамога» для лесу будзе прымяняцца і надалей.

Віталій Іванавіч дадаў, што назіранне з «беспілотніка» вядзецца ў рэжыме рэальнага часу. На апараце ўстаноўлена камера з высокай адчувальнасцю. Таксама ёсць магчымасць апрацаваць даныя пасля прызямлення апарата.

— Галоўныя перавагі такой тэхнікі – аператыўнасць, комплекснасць у вырашэнні задач, параўнальна невысокі кошт выкарыстання. Мабільная паветраная тэхніка эканоміць значныя сродкі, дазваляе абследаваць вялікія плошчы за кароткі прамежак часу. Уся тэрыторыя ляснога фонду аказваецца ў прамым сэнсе на далоні. Яна незаменная на цяжкадаступных участках (балотах, бураломах). Адпаведная інфармацыя дапамагае эфектыўна планаваць лесагаспадарчую дзейнасць, — падкрэсліў намеснік дырэктара Маладзечанскага лясгаса.