Мерапрыемства праходзіла на базе раённага вузла сувязі горада Барысава. Прысутных вітала намеснік дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Алена Ішчук. Яна падзякавала журналістам за супрацоўніцтва і адказала на іх пытанні, якія тычыліся ў асноўным далейшага развіцця паштовай сувязі ў краіне. Адбыўся абмен думкамі. У ходзе размовы кожны меў магчымасць выказаць асабісты погляд на гэту тэму.
Выдатным дапаўненнем да размовы стала прэзентацыя новых паслуг, над укараненнем якіх актыўна працуюць паштавікі. Сярод іх інтэрнэт-магазін shop.belpost.by. Гэта гандлёвая анлайн пляцоўка, дзе ўжо сёння прадаецца больш за дзевяць тысяч тавараў самых буйных айчынных вытворцаў. Штодзённа павялічваецца іх асартымент, праводзяцца акцыі. Пашырае магчымасці і інтэрнэт-магазін. Якасную прадукцыю з маркай «Зроблена ў Беларусі» цяпер могуць набыць жыхары Расіі, Украіны, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Германіі.
Набірае папулярнасць у насельніцтва і новая паслуга «МАХ» па перавозцы і дастаўцы тавараў і грузаў вагой больш за 30 кілаграмаў. А новы сэрвіс «Лёгкі шопінг» дазволіць парадаваць падарункамі сваіх блізкіх па ўсёй Беларусі. Для гэтага трэба толькі набыць тавар, запоўніць адрасны ярлык, перадаць супрацоўніку гандлёвай арганізацыі і аплаціць паслугу. Пакуль набываць пакупкі з дастаўкай на дом можна ва ўнівермагу «Веста» ў Барысаве і шасці буйных гандлёвых цэнтрах Мінска. Вядуцца перагаворы з іншымі гандлёвымі арганізацыямі сталічнага рэгіёна.
Для ўдзельнікаў прэс-тура правялі экскурсію па вытворчых памяшканнях раённага вузла сувязі. Яны наведалі ўчасткі па апрацоўцы, сартаванні і перавозцы пошты, пазнаёміліся з прынцыпам работы паштамата, які нядаўна быў устаноўлены тут. Навінка ўяўляе сабой аўтаматычны тэрмінал з мноствам ячэек, куды кур’ер дастаўляе пошту, а атрымальнік можа ў любы зручны для яго час забраць яе. Як адзначыла начальнік участка раённага вузла сувязі Таццяна Шышла, карыстацца паштаматам проста, як і звычайным банкаматам. Адпраўшчыку трэба ўказаць адрас паштамата, па якім даставяць пасылку. Калі яна паступіць у паштамат, атрымальніку прыйдзе СМС-апавяшчэнне і код адкрыцця ячэйкі.
У рамках прэс-тура адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Лепшы матэрыял аб пошце» сярод журналістаў друкаваных і электронных СМІ. У іх ліку адзначаны і маладзечанцы. Дыпломы Мінскага філіяла РУП «Белпошта» за свае творчыя работы атрымалі Вячаслаў Табулін («Маладзечанская газета») і Іна Пудакевіч (Маладзечанскае тэлебачанне, тэлепраграма МКТБ).
Тэкст і фота: Вячаслаў ГРЫГОР’ЕЎ.