На мерапрыемства, былі запрошаны намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, член Савета Рэспублікі Віктар Сірэнка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец і іншыя.
— «Белая Русь» аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп беларускага грамадства, — падкрэсліў старшыня Мінскай абласной арганізацыі РГА Віктар Гумінскі. – Каб рэалізаваць свае здольнасці, сюды прыходзяць крэатыўныя, творчыя, неабыякавыя людзі. Таму не дзіўна, што аб’яднанне стала адным з самых масавых і ўплывовых у Беларусі.
Віктар Аляксандравіч адзначыў, што члены арганізацыі ўзнімаюць найбольш актуальныя для нашай краіны пытанні: прычыны скарачэння рабочых месцаў, прымяненне норм Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», узаемаадносіны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Аб’яднанне асвоіла такую форму работы з насельніцтвам, як грамадскія прыёмныя (за
5 гадоў у вобласці ў іх звярнуліся больш за дзве тысячы чалавек). Рэгулярна праводзяцца маніторынгі грамадскай думкі, патрыятычныя акцыі. Таксама набыты вялікі вопыт у правядзенні выбарчых кампаній. Вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню моладзі. Без удзелу «Белай Русі» не абыходзіцца ніводная значная грамадска-палітычная падзея, у тым ліку святкаванне Дня Незалежнасці, Дня Перамогі і інш.
У час канферэнцыі многа добрых слоў было сказана ў адрас Маладзечанскай раённай арганізацыі, дзейнасць якой не раз прыводзілася ў прыклад. У гэтым немалая заслуга яе старшыні Анатолія Асманава.
Колькасць Мінскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» складае амаль 26 тысяч чалавек. У цэнтральным рэгіёне дзейнічае 1421 «пярвічка».
На ўліку ў Маладзечанскай раённай арганізацыі 4732 жыхары горада і раёна. У яе структуру ўваходзяць тры арганізацыі, створаныя па вытворчым прынцыпе на базе Маладзечанскіх электрасетак, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і цэнтральнай раённай бальніцы.
Па словах старшыні РГА Аляксандра Радзькова, «Белая Русь» адыгрывае значную ролю ў беларускім грамадстве. Яна з’яўляецца рэзервам і школай кадраў для дзяржаўных устаноў, надзейнай апорай Прэзідэнта. Паказальна, што колькасць членаў арганізацыі пастаянна расце. Неабходна прыцягваць у аб’яднанне больш моладзі, умацоўваць узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, адміністрацыямі прадпрыемстваў і ўстаноў, дэпутацкім корпусам.
Адным з пунктаў канферэнцыі былі выбары савета і старшыні Мінскай абласной арганізацыі «Белая Русь». Па іх выніках абласную структуру РГА узначаліла выконваючая абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок.
Адбылося ўзнагароджанне актыву аб’яднання. Сярод іншых былі адзначаны дырэктар Палаца культуры нашага горада Святлана Сарока, Аляксандр Яхнавец і Анатолій Асманаў.