Удзельнікі кластара маглі вывучыць кан’юнктуру рынку, вызначыць, якія мадэлі карыстаюцца ў еўрапейскіх спажыўцоў найбольшай папулярнасцю. Прадстаўнікі айчынных суб’ектаў гаспадарання правялі перагаворы з патэнцыяльнымі партнёрамі з Іспаніі, Францыі, Германіі. Былі заключаны дагаворы аб намерах. Польскія прадпрымальнікі выказалі гатоўнасць ствараць сумесныя вытворчасці па вырабе мэблі як на тэрыторыі Беларусі, так і Польшчы.
Поспеху прэзентацыі паспрыяў імідж Беларусі. Наша рэспубліка асацыюецца ў еўрапейцаў з надзейнасцю і якасцю. Таму стаўленне да беларускіх вытворцаў было надзвычай добразычлівае. Важна і тое, што польскі прадпрымальнік Рычард Ліпінскі правёў вялікую падрыхтоўчую работу. Ён стварае для вырабаў прадпрыемстваў кластара тавараправодную сетку ў краінах Еўрасаюза.
Цяпер галоўная задача ўдзельнікаў выстаўкі – заключыць з патэнцыяльнымі партнёрамі дагаворы аб сумеснай дзейнасці і наладзіць экспарт прадукцыі.
Міжнародная выстаўка «MEBLE POLSKA 2018» — найбуйнейшая падзея ў галіне дызайну інтэр’ера ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У ёй прынялі ўдзел звыш 1300 кампаній з Еўропы, Паўночнай Амерыкі, а таксама такіх дзяржаў, як Сірыя, Егіпет, Індыя, Інданезія, Маўрыкій і Перу. Экспазіцыя была прадстаўлена 11 павільёнамі агульнай плошчай больш за 70 тысяч квадратных метраў. Наведалі мерапрыемства каля 25 тысяч спецыялістаў з 53 краін.