Месца для правядзення семінара было выбрана невыпадкова — пытанням тэхнікі бяспекі на «Унікабе» надаецца вялікая ўвага. На прадпрыемстве ўпэўнены: калі чалавек прыйшоў на працу, ён павінен вярнуцца дадому жывым і здаровым. Вось чаму тут рэгулярна атэстуюцца рабочыя месцы, работнікі забяспечаны неабходнымі сродкамі аховы, абсталяваны спецыяльны клас, праводзяцца розныя тэматычныя мерапрыемствы. На паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне яе бяспекі сёлета маладзечанскія машынабудаўнікі накіравалі 2140 рублёў.
Аб мерах, якія прымаюцца ў раёне па прафілактыцы вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнага заканадаўства, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч. Ён паведаміў, што па стане на 1 кастрычніка на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна пры выкананні працоўных абавязкаў пацярпелі чацвёра чалавек — адзін загінуў і трое атрымалі цяжкія траўмы (летась за студзень – верасень на вытворчасці загінуў адзін работнік, шасцёра былі цяжка траўміраваныя).
Для папярэджання трагедый у райвыканкаме створана спецыяльная мабільная група, працуюць камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў і па праверцы ведаў у галіне аховы працы.
Сёлета мабільная група правяла інспекцыю на 72 суб’ектах гаспадарання розных форм уласнасці і галін народнай гаспадаркі. Усяго выяўлена звыш 1140 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, пажарнай бяспекі, правілаў эксплуатацыі электраўстановак, вытворчай санітарыі. Кіраўнікам арганізацый выдадзены рэкамендацыі аб ліквідацыі недахопаў.
Генадзій Рамуальдавіч дадаў, што з пачатку года камісія райвыканкама праверыла звыш трохсот кіраўнікоў, службовых асоб і спецыялістаў па ахове працы розных прадпрыемстваў. На жаль, некаторыя адказныя асобы ігнаруюць праверкі. У гэтым выпадку яны прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.
— У раёне рэгулярна праводзіцца конкурс сярод спецыялістаў па ахове працы за права быць занесенымі на раённую Дошку гонару. Па выніках работы за мінулы год вылучана кандыдатура прадстаўніка камбіната хлебапрадуктаў. Плануецца аднавіць такія конкурсы і сярод прадпрыемстваў і арганізацый Маладзечаншчыны. Гэта яшчэ больш павысіць прэстыж адпаведнай службы, пад-
крэсліць яе сацыяльную значнасць, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама.
Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што з пачатку года суб’екты гаспадарання раёна выдаткавалі на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці 342 тысячы рублёў, на паляпшэнне ўмоў працы – 222,1 тысячы. Прыведзена ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі дванаццаць рабочых месцаў са шкоднымі ўмовамі працы.
Сярод прадпрыемстваў, дзе пытанням аховы працы надаецца значная ўвага, выступоўца адзначыў УП «Камунальнік», УП «Маладзечнаводаканал», ЗАТ «Амкадор-Унікаб», ЗАТ «Струм», СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод - «Аквадыў», ТАА «Белхол», ААТ «ПМК-212», ААТ «Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.