Акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца ў Беларусі па ініцыятыве рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з мэтай павышэння прэстыжу чалавека працы, матэрыяльнага і маральнага заахвочвання работнікаў галіны, нарошчвання аб’ёмаў і паляпшэння якасці прадукцыі жывёлагадоўлі і ахоплівае шырокае кола мерапрыемстваў. І наймальнікі, і прафсаюзныя камітэты абавязаліся садзейнічаць стварэнню аптымальных умоў для выканання жывёлаводамі сваіх працоўных абавязкаў праз вырашэнне арганізацыйных, медыцынскіх, санітарна-бытавых пытанняў, праз стымуляванне працоўнай актыўнасці.
Як паведаміла ў пачатку сустрэчы старшыня прафкама прадпрыемства Галіна Жохавец, сёння калектыў налічвае 235 работнікаў, усе яны з’яўляюцца членамі прафсаюза. Сярэдні ўзрост працуючых – 45 гадоў. 107 чалавек, альбо 45,5 працэнта, занятыя ў жывёлагадоўлі. Калектыўным дагаворам для іх прадугледжаны надбаўкі да тарыфных ставак за спецыфічныя ўмовы працы, за работу ў начны час, за стаж і майстэрства. Усе работнікі галіны забяспечваюцца сродкамі аховы і спецадзеннем у адпаведнасці з дзеючымі нормамі. У перыяд масавых сельскагаспадарчых кампаній пэўныя катэгорыі жывёлаводаў атрымліваюць гарачае харчаванне з аплатай 30 працэнтаў кошту абедаў. Словам, чалавек працы пастаянна ў цэнтры ўвагі адміністрацыі і прафкама.
Прафсаюзнага лідара дапоўніў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гнілазуб, які адзначыў, што праца жывёлаводаў нялёгкая, але вельмі каштоўная. За гэтай, здавалася б, банальнай фразай стаіць рэальная эканоміка: жывёлагадоўчая галіна з’яўляецца галоўнай і стабільнай крыніцай фінансавых паступленняў. Гаспадарка займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне па аб’ёмах рэалізацыі малака. Рэнтабельнасць яго вытворчасці па ферме «Хажова» склала больш за 22 працэнты.
У адзін рад з шахцёрамі і нафтаперапрацоўшчыкамі паставіў жывёлаводаў намеснік старшыні Мінскага абкама прафсаюза АПК Пётр Окунеў: менавіта рэалізацыя калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў і малочнай прадукцыі за мяжу прыносіць асноўную масу валюты ў казну дзяржавы. Летась у нашай краіне атрымана
7 мільёнаў тон малака, па яго вытворчасці на душу насельніцтва мы абагналі суседзяў. Айчынная малочная прадукцыя запатрабаваная на ўсіх кантынентах свету. Словам, у руках жывёлаводаў ключы ад дабрабыту кожнага беларуса.
Падтрымаў калегу і старшыня райкама галіновага прафсаюза Уладзімір Саланенка. Ён паведаміў, што такія сустрэчы на працягу чатырох месяцаў прайшлі літаральна на кожнай ферме раёна, каля ста жывёлаводаў былі адзначаны за самаадданую працу.
Не абышлося без цёплых слоў падзякі і ўзнагарод і на гэты раз – іх атрымалі і кіраўнікі сярэдняга звяна, і спецыялісты, і радавыя жывёлаводы. Сярод апошніх аказалася і першая па выніках работы за 2017 год аператар машыннага даення МТФ «Хажова» Людміла Казменка, якая ад кожнай каровы сваёй групы атрымала без малога 6000 кілаграмаў малака.
Аператары машыннага даення Людміла Казменка, Яўгеній Магалп, Святлана Вайцюлевіч і загадчыца фермы Святлана Луновіч (у цэнтры).
У размове з журналістамі нашага выдання Людміла Васільеўна прызналася, што трапіла ў жывёлагадоўлю выпадкова. Як, дарэчы, і ў Беларусь. Разам з сям’ёй вымушана была ратавацца ад баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны, з Марыупаля перабралася ў Маладзечна. Работу знайшла ў СУП «Хажоваагра-2009». Менш чым за тры гады асвоіла прафесію аператара машыннага даення кароў, імкнецца працаваць старанна, самааддана. Адсюль і поспех. А галоўнае, што сустрэла душэўных людзей, сапраўдных сяброў. Гаспадарка выдзеліла работніцы трохпакаёвую кватэру, дапамагла ўладкаваць быт. На беларускай зямлі адчула сябе патрэбным чалавекам. Адчула сябе сваёй.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.