Новости Молодечно и Молодечненского района

Адкуль ёлку везяце?

  • 2017-12-26 05:54:58
  • Алег Бяганскі


Калі рэдакцыйная машына пад’ехала да паста, інжынер па ахове і абароне лесу Маладзечанскага лясгаса Павел Самаль, майстар лесу Лебедзеўскага лясніцтва Андрэй Рубан і супрацоўнік РАУС Святаслаў Літвіновіч даглядалі чарговы аўтамабіль. Вадзіцель транспартнага сродку паказаў дакументы і адчыніў багажнік. Там было пуста.

— Такія выбарачныя праверкі на Маладзечаншчыне прадоўжацца да 31 снежня, — гаворыць Павел Самаль. — Наша мэта — зберагчы маладыя елкі і сосны ад браканьераў. Для гэтага ля лясных масіваў і на найбольш ажыўленых трасах арганізуюцца стацыянарныя і мабільныя пасты, у лясах праводзяцца спецыяльныя рэйды. Разам з лесаводамі ў прафілактычных мерапрыемствах задзейнічаны інспектары дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і супрацоўнікі міліцыі.

Звычайна на пасадах правяраюцца аўтамабілі, якія едуць з боку лесу або выклікаюць падазрэнні па іншых прычынах. Пакуль парушэнняў экалагічнага заканадаўства не выяўлена. Аднак попыт на жывыя сімвалы свят значна павялічваецца ў апошні тыдзень перад Новым годам.

Субяседнік адзначыў, што незаконная высечка дрэў і іх перавозка без суправаджальных дакументаў з’яўляюцца сур’ёзнымі правапарушэннямі. Таму людзі, якія купілі навагодняе дрэўца на ёлачным кірмашы і вязуць яго дамоў, абавязкова павінны мець пры сабе таварны чэк.

Увага! У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях незаконнае знішчэнне або пашкоджанне дрэў і кустоў караецца штрафам у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Індывідуальны прадпрымальнік заплаціць ад 20 да 200 «базавых», юрыдычная асоба — ад 50 да 300.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.