У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі структурных падраздзяленняў, старшыні сельскіх і пасялковага Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі арганізацый раёна.
Практычная частка семінара прайшла на тэрыторыі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада. Начальнік гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Ушацкі звярнуўся з уступным словам да прысутных, правёў экскурсію па тэрыторыі ПАВА, расказаў аб магчымасцях тэхнікі і ўзбраення атрада. Удзельнікі семінара змаглі адпрацаваць навыкі карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, прымераць баявое адзенне, патушыць умоўны пажар.
Тэарэтычную частку семінара ў раённым выканаўчым камітэце адкрыў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што кожны павінен валодаць элементарнымі ведамі па пажарнай бяспецы, якія могуць спатрэбіцца як на вытворчасці, так і ў звычайным жыцці. Асаблівую ўвагу Юрый Мікалаевіч звярнуў на разгляд пытанняў, звязаных з карупцыяй. Ён паведаміў, што работа ў раёне па барацьбе з гэтай з’явай праводзіцца маштабная, але факты ўсё ж выяўляюцца. І гэты год не выключэнне.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч расказаў, што ў раёне створана камісія па супрацьдзеянні карупцыі, распрацаваны план яе работы. За мінулы год праве-дзена 8 пасяджэнняў, з іх два — выязныя. Было падкрэслена, што галоўная задача выканаўчай улады — не дапусціць карупцыйных праяў.
Перад прысутнымі таксама выступілі старшы памочнік пракурора Таццяна Уліцкая і начальнік аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзмітрый Жартун. Яны расказалі аб найбольш распаўсюджаных карупцыйных праявах на Маладзечаншчыне. Сярод іх выкарыстанне службовага становішча з асабістай мэтай, прыняцце на работу «мёртвых душ», крадзеж ГМЗ і інш.
У раёне былі выяўлены факты незаконнага выкарыстання службовага транспарту кіраўнікамі і спецыялістамі прад-прыемстваў з асабістай мэтай. Выступоўцы падкрэслілі, што гэта можа прывесці да крымінальнай адказнасці. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што выкарыстанне службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў дапускаецца для службовых мэт у межах устаноўленых заканадаўствам лімітаў іх колькасці і прабегу. Здараюцца выпадкі, калі кіраўнікі, якія былі за рулём службовага аўтамабіля, перакладаюць адказнасць за перавышэнне хуткасці ці іншыя парушэнні на сваіх вадзіцеляў. Гэта таксама з’яўляецца перавышэннем службовых паўнамоцтваў і можа прывесці да крымінальнай справы.
У нашай краіне створаны і рэалізуюцца на практыцы механізмы дзяржаўнай антыкарупцыйнай палітыкі, якія даказалі сваю эфектыўнасць. На Маладзечаншчыне барацьба з карупцыяй вядзецца пастаянна: на 2019 год распрацаваны адпаведны план работы па супрацьдзеянні гэтай з’яве, запланаваныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўні-коў пракуратуры, АБЭЗ, райвыканкама.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.