Пытанні, якія хвалююць жыхароў Маладзечна, выслухала ў час асабістага прыёму член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Каліна Капуцкая. Людзей цікавілі тэмы працаўладкавання, гандлёвага абслугоўвання, арэнды залы для занятку спартыўнымі бальнымі танцамі, размяшчэння аўтобуснага прыпынку, добраўпарадкавання вуліц і іншыя.
Так, адна наведвальніца прапанавала ўладкаваць прыпынак для гарадскіх аўтобусаў непа-
срэдна ля гандлёвага цэнтра «Спадарожнік» па вуліцы Вялікі Гасцінец. Справа ў тым, што пакупнікам, якія не карыстаюцца асабістымі аўтамабілямі, нязручна з набытым таварам ісці да бліжэйшых прыпынкаў. Сярод тых, хто ездзіць грамадскім транспартам, шмат пенсіянераў, людзей з інваліднасцю. Гэта катэгорыя насельніцтва патрабуе асаблівай увагі.
Каліна Віктараўна паабяцала зрабіць запыты ў арганізацыі, ад якіх залежыць вырашэнне пытання.
Калектыўны зварот жыхароў Святаянскай тычыўся работы магазіна, размешчанага на гэтай вуліцы. Цяпер гандлёвы аб’ект не функцыяніруе, бо не прыносіць прыбытку. Людзі спадзяюцца на дапамогу парламентарыя. На іх погляд, тавараабарот магазіна можна павялічыць, калі добраўпарадкаваць праезды на суседнія вуліцы. Тады колькасць пакупнікоў значна павялічыцца.
Як адзначыла начальнік аддзела гандлю і паслуг райвыканкама Алена Белановіч, якая прысутнічала на прыёме, для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання мясцовых жыхароў па панядзелках і пятніцах на вуліцы Святаянскую (з 10.30 да 11.10) і Спартыўную (з 11.20 па 12.00) будзе прыязджаць аўтакрама кампаніі «Еўрагандаль».
Выязны гандаль па вуліцах Святаянскай, Спартыўнай, Маладзечанскай і Набярэжнай наладзіў Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў. Інфармацыя пра магазін па Святаянскай рэгулярна даводзіцца да патэнцыяльных арандатараў.
Каліна Капуцкая дадала, што без увагі не застанецца і пытанне добраўпарадкавання вуліц у названым раёне горада.
— Як дырэктар СШ №14 і дэпутат Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў, я добра ведаю праблемы, што хвалююць жыхароў мікрараёна і Маладзечаншчыны ў цэлым, — расказала пасля прыёму Каліна Капуцкая. – Заўсёды стараюся дапамагчы людзям. Пішу звароты ў профільныя арганізацыі, дасканала разбіраюся ў кожнай сітуацыі. Набыты вопыт дапамагае ў рабоце ў Савеце Рэспублікі. На ўзроўні парламента ёсць магчымасць вырашаць больш складаныя праблемы.
Каліна Віктараўна нагадала, што ў Савеце Рэспублікі яна прадстаўляе Маладзечанскі, Вілейскі і Мядзельскі раёны. Прыёмы грамадзян адбываюцца ва ўсіх трох раёнах. Людзі звяртаюцца да парламентарыя. Яны спадзяюцца на вырашэнне ўзнятых праблем.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Ігар АРАБЕЙ.