Новости Молодечно и Молодечненского района

«Высокую самую ў свеце адзнаку за шчырасць і ласку паставіць хацелі б»

  • 2024-10-06 08:09:00
  • Марина ПУЦЕЙКО

Радкі, вынесеныя ў загаловак нашага інтэрв’ю, узяты з паэмы, якую напісалі і прысвяцілі свайму класнаму кіраўніку Ірыне ГУЛАК выпускнікі 2008 года сярэдняй школы №4. Менавіта гэты верш, а не шматлікія дыпломы і ўдзячныя лісты розных узроўняў настаўніца беларускай мовы і літаратуры лічыць самай высокай сваёй узнагародай за 42 гады педагагічнага стажу.

Ірына Рыгораўна нарадзілася ў невялічкай прыгожай вёсачцы Боркі Уздзенскага раёна. Расла і выхоўвалася ў простай сціплай сям’і: мама медыцынскі работнік, таты рана не стала. Затым паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут, а пасля яго адразу атрымала накіраванне ў Маладзечна. І вось ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №4. Прызнаецца, за столькі гадоў былі прапановы пайсці ў іншыя ўстановы адукацыі, і ў гарана запрашалі.

– Але настаўнікі чацвёртай школы яе ні на што не памяняюць, – адзначае Ірына Гулак. – Тут цудоўны калектыў: ад кіраўніка, завуча да кожнага настаўніка. Вучыла ў гэтых сценах дзяцей, потым іх дзяцей, хутка, мабыць, унукаў сваіх першых выпускнікоў змагу ў школе сустрэць. З’яўляюся класным кіраўніком ужо для пятага выпуску. Кожны з іх займае асаблівае месца ў маім сэрцы. Першы выпуск – 37 вучняў. Колькі гадоў прайшло, але і сярод ночы назаву па імені кожнага. Мяняецца час – мяняюцца і дзеці. З лёгкім сэрцам магу сказаць: за ўсе гады я ніколі не спрачалася з вучнямі, у мяне не было з імі канфліктаў. Люблю творчых дзяцей, люблю, калі яны размаўляюць, шчыра выказваюць сваё меркаванне. Падручнік ім і застанецца, а вось дзіця з яго асаблівасцямі – іншая, цудоўная гісторыя. Шмат выпускнікоў пайшло па маіх слядах. У адным выпуску чацвёра вучняў аддалі перавагу беларускай філалогіі. Хтосьці працуе настаўнікам, нехта выбраў крыху іншы напрамак, нават у вас у рэдакцыі мая вучаніца працуе.

– Ірына Рыгораўна, а чаму вы ў свой час выбралі гэту прафесію?

– Уявіце: вясковая школа, цудоўны класны кіраўнік – выкладчык беларускай мовы і літаратуры, беларускае слова – роднае, пяшчотнае, усе грані якога паказаў мне мой настаўнік…  А потым і мама гаварыла: «Паглядзі, Ірына, настаўнік – самая паважаная прафесія. А твая натура тонкая і добрая, у цябе павінна атрымацца». Напэўна, усё разам і вызначыла мой выбар. Дарэчы, мая сястра таксама настаўніца – выкладае замежную мову.

– А што вам больш імпануе: настаўнік або педагог?

– Я сказала б, усё ж настаўнік. Педагог выклікае больш асацыяцый з метадычнай работай. А настаўнік бліжэй да дзяцей. Быў выпуск 2001 года, калі ўсе мае дзеці сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Часта ўспамінаю іх словы: «Ірына Рыгораўна, вы наша другая маці». А цяпер уявіце, як радавалася маё сэрца, калі ўсе мае дзеці сталі студэнтамі. Прайшло столькі гадоў, а яны і цяпер мне тэлефануюць, прыязджаюць. Абнімуцца, падзеляцца навінамі, параяцца са мной – з настаўнікам. У педагога, лічу, больш афіцыйны статус.

– Калі спыніліся на настаўніку: гэта ўсё ж прафесія, якой можна навучыцца за колькі гадоў у інстытуце, ці сапраўднае прызванне?

– Прызванне! Я ўспамінаю свой курс: былі дзяўчаты з чырвонымі дыпломамі, якія ўжо на практыцы адзначалі, што ім вельмі цяжка. Не фізічна – цяжка менавіта працаваць з дзецьмі. Вучыцца было лягчэй, чым вучыць. Быць настаўнікам – вялікая адказнасць. Дзеці паўтараюць, адлюстроўваюць цябе. Праз год-другі заўважаеш, што яны пачынаюць гаварыць тваімі выразамі, выкарыстоўваюць твае абароты, раздзяляюць твае думкі.

– Раскрыйце сакрэт: як дапамагчы дзіцяці пачуць, палюбіць родную мову, чытаць беларускую літаратуру? На жаль, сёння для многіх школьнікаў, асабліва малодшых класаў, беларуская мова амаль што замежная.

– Вялікае значэнне мае асяроддзе, у якім расце дзіця, і, канешне, настаўнік. Не хачу ганарыцца, але вельмі спадзяюся, што ні адзін з маіх вучняў не скажа, што не любіць беларускую мову. Калі яе ўсім сэрцам любіць настаўнік, як ён можа не падзяліцца гэтай любоўю? Як можна не любіць Купалу, Багдановіча, Шамякіна, Мележа? Дзеці могуць не ведаць мову. У пятым класе вучні часта глядзяць на мяне шырокімі вачыма, не разумеючы і паловы таго, пра што ім расказваю. Мяняецца іх асяроддзе, на жаль, родную мову многія чуюць толькі на ўроку. І вось зрабіць так, каб яна заквітнела ў сэрцы, павінен настаўнік.

– Давайце паразважаем: наколькі сёння прафесія настаўніка прэстыжная, паважаная і запатрабаваная?

– Самая галоўная павага – удзячнасць дзяцей. Калі гэта адчуваеш, пачуцці акрыляюць. Мне шанцуе і на дзяцей, і на іх бацькоў. Адзін з маіх выпускаў прысвяціў мне цэлую паэму. Гэта мая галоўная ўзнагарода – самая шчырая і высокая. Калі мае дзеці становяцца пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, атрымліваюць стобальныя сертыфікаты… Уяўляеце, што адчувае душа настаўніка ў такія моманты?

–- Безумоўна, гэта самае прыемнае ў вашай працы. А што самае складанае?

– Для мяне крыху складана, калі прыходзяць дзеці з іншых школ. Гэта адаптацыя ўзаемная, калі фундамент быў закладзены іншым настаўнікам. Складана бывае знайсці нешта агульнае з бацькамі. Першапачаткова дзеці выхоўваюцца ў сям’і, як бацькі ставяцца да школы і настаўнікаў, так будуць і іх дзеці. А калі вы маеце на ўвазе складанасці падчас правядзення ўрокаў, то калі яны і ўзнікаюць, за столькі гадоў ужо зусім не страшныя. І самая галоўная складанасць – гэта паперы. За імі мы не бачым дзяцей. Так хочацца больш цеснага кантакту, нейкіх падарожжаў, экскурсій, мерапрыемстваў. Але мора папер гасіць гэты пажар… Часам сорамна перад дзецьмі, што за работай з паперамі мы не можам удзяліць ім лішнюю хвілінку. У нас столькі настаўнікаў з палаючымі вачыма! Вельмі не хочацца, каб гэты агонь пагас за стосам папер.

– Намалюйце, калі ласка, партрэт ідэальнага настаўніка. Напэўна, такі быў і ў вашым жыцці?

– З настаўніка заўжды бяруць прыклад. Ён павінен валодаць ведамі, асабліва па сваім прадмеце. У дзяцей бывае такі перыяд, калі яны нібыта правяраюць настаўніка, часта задаюць каверзныя пытанні. Я ніколі не саромеюся адказаць, што чалавек не можа ўсяго ведаць: пагляджу, знайду – скажу. Трэба, каб дзеці ведалі, што настаўнік – гэта асоба, якая таксама вучыцца, у тым ліку ў сваіх вучняў. А яшчэ ідэальны настаўнік – гэта адкрытая душа. І дзеці павінны бачыць гэту адкрытасць і не сумнявацца ў ёй. Ідэальны настаўнік любіць дзяцей і заўсёды рад сустрэчы з тымі, хто прыходзіць да яго ўпершыню, і з тымі, каго выпусціў у самастойнае жыццё. Ідэальны настаўнік шукае сувязі не толькі з вучнямі, але і з бацькамі, сям’ёй.

– А ідэальны вучань – які ён?

– Адразу скажу: любімчыкаў у мяне няма. Ёсць дзеці больш слабыя і, наадварот, моцныя. Калі бачу ў вучня здольнасці, але ён крыху гультай – такога магу «паганяць». Калі стараецца – наадварот, заахвочу. Адзнакі? Яны могуць быць рознымі. Што гэта за вучань, калі ні адной двойкі не мае? І ў ідэальных яны бываюць. А наогул, чалавек не ідэальны, у кожнага могуць быць свае слабасці. А можа, яны з’яўляюцца адметнасцю?

– Ірына Рыгораўна, у сувязі з чым вы маглі б пазайздросціць або, наадварот, паспачуваць сучаснаму вучню?

– Магчыма, пазайздросціць можна таму, што лінія вучань – настаўнік у сучасных дзяцей не такая яўная, як у мой час. Так лягчэй наладжваць кантакт. Дзеці больш шчырыя і смелыя. Паспачуваць можна ў сувязі з тэхналагічным векам, які акрамя вялізных плюсаў прыносіць і свае мінусы. Дзеці менш чытаюць, у сувязі з гэтым горш выказваюць свае думкі, робяць больш памылак. Гаджаты пазбаўляюць самага цудоўнага – быць разам з сябрамі ў рэальнасці, а не віртуальна. А пазайздросціць яшчэ можна ўмовам вучобы. Паглядзіце, якія ўтульныя, цёплыя, прыгожыя сёння школы! Колькі крыніц інфармацыі, можа, нават і зашмат. Колькі магчымасцей літаральна на далоні!

– Як вы думаеце, чаму нават пры названых вамі вышэй плюсах сёння ўсё часцей звяртаюцца да савецкай школы? Што гэта: настальгія сённяшніх бацькоў – былых савецкіх вучняў – ці штосьці іншае?

– Цяпер часта спрачаюцца наконт падручнікаў, параўноўваюць з тымі, па якіх вучыліся 30 гадоў таму. На мой погляд, сучасныя сапраўды ўступаюць. Вось я рыхтую дзяцей да паступлення, экзаменаў. Паглядзіце, вось гара падручнікаў і дапаможнікаў. У сучасных шмат лішняга і незразумелага. Дзецям стараюся даць свой канспект, фундамент якога якраз з савецкіх падручнікаў.

– Пяцібальная ці дзесяцібальная сістэма адзнак вам бліжэй?

– Я яшчэ той загартоўкі – мне бліжэй пяцібальная сістэма. Пяць – значыць, пяць, чатыры – значыць, чатыры. А цяпер хтосьці дзясятку паставіць толькі за яўную творчасць, а іншы настаўнік больш шчодры – у яго вучняў россып вышэйшых адзнак. Іншы раз паставіш дзевяць, а вучань пытаецца, чаму не дзесяць. Пяцібальная сістэма больш простая. А як заўжды выводзіліся пяцёркі – прыгожыя, пузаценькія! А цяпер? Адзінка і ноль.

– Пытанне настаўніку літаратуры: якую кнігу вы параіце абавязкова прачытаць кожнаму?

– Кожнаму беларусу грэх не ведаць «Новую зямлю» Якуба Коласа – гэта наша энцыклапедыя. «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава – цудоўны твор, які абавязкова трэба прачытаць. Для моладзі параю «Прынцэсу з тусоўкі» Яўгена Хвалея. Там актуальныя праблемы выхавання, вечнае пытанне дзяцей і бацькоў. Шкада, што вынеслі з праграмы «Трывожнае шчасце» Івана Шамякіна, але той, хто чытае, цікавіцца нашай літаратурай, павінен ведаць гэты твор.

– Ірына Рыгораўна, дзякуй вам за такую шчырую размову. Магчыма, напярэдадні прафесійнага свята захочаце звярнуцца да калег?

– Хачу павіншаваць усіх настаўнікаў, асабліва беларусазнаўцаў, з якімі на працягу 40 гадоў працавала, сутыкалася, тых, хто пайшоў на заслужаны адпачынак, тых, хто быў маімі настаўнікамі. Перш-наперш пажадаю здароўя. А яшчэ творчых поспехаў і жыцця не тлення, а яскравага гарэння. Не зважайце на ўзрост, галоўнае – наколькі маладая душа і які агонь у ёй гарыць. Маладым настаўнікам хачу сказаць: дарога наша не абсыпана ружамі, але калі вы сапраўды любіце сваю работу, гэтыя ружы расквітнеюць у вашым сэрцы. Са святам, дарагія настаўнікі!

Тэкст і фота: Марына ПУЦЭЙКА