×

Внимание

There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery Pro plugin tags exists and contains valid image files. The plugin could not locate the folder: media/k2/galleries/2448

Равеснікі Міншчыны. Людміла Абраменка

Працягваем ствараць галерэю партрэтаў нашых землякоў, якія разам са сталічнай вобласцю сёлета адзначаюць сваё 80-годдзе. Сярод іх Людміла Абраменка, якая з 1976-га па 1998 год узначальвала гарадскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму і адначасова была дырэктарам цэнтральнай гарадской бібліятэкі.

Менавіта ў час яе кіраўніцтва наш галоўны храм кнігі стаў насіць імя Максіма Багдановіча. Тут з’явіліся першыя камп’ютары, праводзіліся  надзвычай папулярныя сярод маладзечанцаў літаратурна-музычныя вечары, дыспуты, сустрэчы з вядомымі людзьмі, сярод якіх былі Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Сцяпан Гейчанка, Яраслаў Еўдакімаў і многія іншыя.

Прафесію выбраў дзядуля
Людміла вырасла ў вялікім сяле Цвярской (цяпер Калінінскай) вобласці. Маці – фельчар-акушэр, тата – кантралёр ашчаднага банка не шкадавалі грошай на кнігі для дачкі і сына. Людміла Сяргееўна і цяпер захоўвае «Падарожжы Гулівера» 1947 года выпуску – адну з любімых кніг яе дзяцінства. У пасляваенны час абавязковай была сямігадовая адукацыя, вучоба ў 8-10 класах — платная. Грошы немалыя: 150 рублёў за год, у той час як зарплата фельчара была 70-80 рублёў. Між тым бацькі нанялі для Люды кватэру ў раённым цэнтры, плацілі за вучобу. Калі надышоў час выбіраць прафесію, маці давала параду пайсці на агранома, каб быць увесь час на свежым паветры. А дачка бачыла сябе то настаўніцай, то артысткай… Кропкі над «і» расставіў дзядуля: «Работа бібліятэкара вельмі падыходзіць для дзяўчыны!». І паколькі ён быў для ўнучкі вялікім аўтарытэтам, Люда згадзілася, адна паехала паступаць у бібліятэчны тэхнікум у невялікі горад Зубцоў каля Ржэва. Прырода там маляўнічая: гарадок стаіць на месцы зліцця Волгі і Вагузы. Як адна з лепшых навучэнак, Людміла магла выбраць размеркаванне. Найперш прапанавалі Магадан і Туву, але яна папрасілася на Смаленшчыну, у шахцёрскі гарадок Сафонава, дзе жыў дзядуля. Там і прайшлі першыя тры гады работы ў раённай бібліятэцы. Яе часта адпраўлялі інспектаваць сельскія філіялы. Дабіралася сама, найчасцей пешшу адмярала па 10-12 кіламетраў, бо прынцыпова ў спадарожныя машыны не садзілася. З усмешкай прыгадвае, што была строгай, магла  паўшчуваць чытача, які не прынёс кнігу ва ўстаноўлены тэрмін. «Аднойчы еду ў аўтобусе і чую, як адзін пасажыр расказвае іншаму, што ў бібліятэку прыйшла сярдзітая маладая супрацоўніца, — успамінае субяседніца. — Я зразумела, што гэта пра мяне гавораць, і з той пары на наведвальнікаў не сварылася…». Перыядычна бібліятэкары самі рэкламавалі кніжныя навінкі: на лісце ватману капіравалі вокладкі новых кніг, пісалі ад рукі невялікія анатацыі. У Людмілы з маляваннем не вельмі ладзілася, часта яе выручала матуля, у якой гэта добра атрымлівалася. Памятае і памер сваёй першай зарплаты – 49 рублёў 50 капеек, на той час на яе можна было купіць дзве пары туфляў.

«Выходзь за гэтага хлопца, не прагадаеш!»
Дзед паўплываў не толькі на прафесійны лёс унучкі, але і на выбар спадарожніка жыцця. У час паступлення ў Ленінградскі бібліятэчны інстытут, філіял якога знаходзіўся ў Смаленску, Людміла пазнаёмілася з беларусам Аркадзіем Абраменкам, маладым мастаком, які закончыў Віцебскае педвучылішча і працаваў у Маладзечне. І хаця ён, атрымаўшы «тройку» па адным з экзаменаў, забраў дакументы і паехаў дамоў, яны абмяняліся адрасамі, пісалі адзін аднаму. «Дай пачытаць пісьмо», — папрасіў аднойчы дзядуля. Людміла не адмовіла. «Ведаеш, унучка, калі гэты хлопец прапануе табе выйсці за яго замуж, ідзі, сэрцам адчуваю, што ён добры чалавек», — сказаў дзядуля, які разбіраўся ў людзях, працаваў начальнікам геолагаразведачнай партыі.

Таварыш Берлінгуэр і іншыя
У 1961 годзе Аркадзій Абраменка прывёз маладую жонку ў Маладзечна. Людміла Сяргееўна ўспамінае, як прагульваліся з мужам па цэнтры горада і зайшлі ў цэнтральную бібліятэку. Яе будынак з высокімі калонамі вельмі ўразіў яе. «Вось каб тут працаваць!» — усклікнула я тады. Хіба магла Людміла падумаць, што стане дырэктарам гэтага цудоўнага храма кніг, нямала зробіць для яго развіцця. Але спачатку была работа ў дзіцячай бібліятэцы па вуліцы Савецкай. Удзячная яе загадчыцы Яўгеніі Зайдэль, якая вельмі шмат падказвала ў прафесійным плане. «Сядай за лічыльнікі, будзем вучыцца», — гаварыла яна і дапамагала асвоіць бібліятэчную бухгалтэрыю. Разумеючы, што трэба рухацца наперад, атрымліваць вышэйшую адукацыю, Людміла паступіла ў Мінскі педінстытут на бібліятэчны факультэт, яе муж – на гістарычны. Вучыліся завочна, працавалі, гадавалі свайго першынца Уладзіслава. Наступным крокам у кар’ернай лесвіцы стала прапанова ўзначаліць партыйную бібліятэку гаркама, якая знаходзілася ў правым крыле першага паверха ЦРБ. Яе чытачы – работнікі гаркама, лектары, палітінфарматары, прапагандысты. З імі Людміла Сяргееўна заўжды знаходзіла агульную мову, сама 12 гадоў узначальвала пярвічную партыйную арганізацыю ўстаноў культуры. І сёння яна цікавіцца палітыкай, памятае прозвішчы ўсіх членаў Палітбюро СССР, лідараў Камуністычных партый краін свету. Усміхаючыся, найперш называе сакратара Італьянскай камуністычнай партыі Энрыка Берлінгуэра, прозвішча якога на ўсё жыццё засела ў галаве…

 

«А мы тут для чаго?»
Прапанова ўзначаліць ЦРБ прагучала, калі яна была цяжарная другім сынам. «У мяне не атрымаецца!» — падзялілася сумненнямі з Алай Гатоўскай, адной з самых вопытных калег. «А мы тут для чаго?» — усклікнула Ала Іванаўна. І сапраўды, гэта быў моцны, творчы, дружны калектыў, розгалас аб якім ішоў не тое што па вобласці і рэспубліцы, па ўсім Савецкім Саюзе. На сустрэчу з маладзечанскімі чытачамі прыязджаў дырэктар Пушкінскага музея-запаведніка «Міхайлаўскае» Сцяпан Гейчанка. Двойчы ў бібліятэцы выступаў Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, тут спяваў Яраслаў Еўдакімаў. А якія ладзіліся літаратурна-музычныя вечары, якой таленавітай салісткай была бібліятэкар Вера Качкан! Здаецца, яе сапрана і сёння гучыць у высокіх зводах бібліятэкі.  У фае пастаянна дзейнічалі выстаўкі мясцовых мастакоў. Ала Гатоўская стварыла выдатны даведачна-бібліяграфічны аддзел, аб вопыце маладзечанцаў пісалі ў саюзным часопісе «Бібліятэкар». На базе ЦРБ пастаянна праходзілі практыку студэнты, многія з іх потым прыходзілі працаваць. Людміла Сяргееўна з вялікай цеплынёй называе імёны сваіх калег Алы Гатоўскай, Ніны Артышэвіч, Раісы Давідовіч, Ганны Бабушкінай, Лізаветы Шустэрман, Валянціны Антропавай, Галіны Еўдакімчыкавай, Марыны Кароль, Нэлі Ястраб, Валянціны Тучковай, Клеапатры Катушонак, Таццяны Летуновай, Ларысы Берташ і многіх іншых. З удзячнасцю расказвае, што нават у самыя няпростыя часы бібліятэцы аказвалі дапамогу аддзел культуры гарвыканкама, які ўзначальвала Надзея Сідарэнка, фінансавы аддзел на чале з Палінай Вашкевіч. Удавалася рабіць рамонты, набываць абсталяванне. Калі ЦРБ прысвоілі імя Максіма Багдановіча, у чытальнай зале ўстанавілі бюст паэта скульптара Заіра Азгура. Людміла Сяргееўна некалькі разоў ездзіла ў майстэрню знакамітага скульптара. Эпоха Людмілы Абраменка – гэта і стварэнне гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, і першыя камп’ютары, якія старанна асвойвалі Наталля Мартыненка і Ларыса Сташкевіч, і конкурсы на лепшага па прафесіі, шматлікія экскурсіі, якія згуртоўвалі калектыў. Былыя і цяперашнія калегі ўспамінаюць Людмілу Сяргееўну з цеплынёй і павагай, гавораць, што яна заўсёды падтрымлівала іх творчыя пачынанні, вельмі ім давярала, ніколі не ставіла сябе вышэй за іншых.

Карціны – нібы ў музеі
Так склаліся абставіны, што Людміла Сяргееўна не працавала пасля дасягнення пенсіённага ўзросту, трэба было даглядаць ляжачую матулю. Яна пяць гадоў клапацілася пра блізкага чалавека, атуліла яе клопатам і любоўю.

Калі трапляеш у невялікую, але вельмі ўтульную кватэру Абраменкаў, адразу адчуваеш, што яе гаспадары творчыя і захопленыя людзі. Аркадзій Трафімавіч шмат гадоў працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў гімназіі №10. Усё жыццё ён не расстаецца з пэндзлем,  сцены ў кватэры завешаны яго работамі, як аўтарскімі, так і надзвычай дасканалымі копіямі вядомых мастакоў. Людміла Сяргееўна захапляецца літаратурай, кулінарыяй. Іх старэйшы сын Уладзіслаў – палкоўнік, кандыдат сацыялагічных навук, працаваў у Маскве, цяпер  жыве пад Еўпаторыяй. Малодшы Анатолій – інжынер-механік, узначальвае адно з канструктарскіх бюро на Мінскім трактарным заводзе. Такое супадзенне: жонкі ў абодвух сыноў – бухгалтары. «Нявесткі Марына і Вольга – цудоўныя маці, гаспадыні», — адзначае мая субяседніца. У Абраменкаў двое ўнукаў: Юрый – эканаміст, захапляецца вывучэннем японскай мовы, малодшы Васілій — трэцякласнік. Хочацца спадзявацца, яны будуць дастойнымі прадаўжальнікамі слаўнага роду, у якога заўсёды былі ў пашане адукаванасць, інтэлігентнасць, выхаванасць, уменне ладзіць з людзьмі і вялікае жаданне прыносіць ім карысць.

Галерея изображений

{gallery}2448{/gallery}
Прочитано 9560 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.