Равеснікі Міншчыны. Сцяпан Рабушка

Як адзін інжынер падаіў 13 тысяч кароў.

Равеснікі Міншчыны. Сцяпан Рабушка "Маладзечанская газета"


15 студзеня Мінская вобласць урачыста адзначыла сваё 80-годдзе.Мы працягваем расказваць пра яе равеснікаў — нашых землякоў, якія нарадзіліся ў 1938 годзе. Сярод іх Сцяпан Рабушка.

Ён адзін з тых спецыялістаў, хто займаўся механізацыяй ферм раёна. «Я падаіў 13 тысяч кароў», — усміхаючыся, гаворыць Сцяпан Мацвеевіч. І гэта сапраўды так. Працуючы спачатку старшым тэхнікам, пазней першым намеснікам кіраўніка раённага аддзялення «Сельгастэхнікі», ён не толькі ўстанаўліваў даільныя сістэмы, але і вучыў даярак імі карыстацца.

За плённую працу, удалыя інжынерныя рашэнні і арганізатарскія здольнасці Сцяпан Рабушка быў узнагароджаны Міністэрствам сельскай гаспадаркі БССР ганаровым знакам «Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі», бронзавым медалём выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, шматлікімі граматамі.

Разбураны калодзеж

Бацьку забралі на фронт, Сцёпа застаўся з матуляй Верай і старэйшым на тры гады братам Валодзем. Іх дом на хутары Галубоўшчына ля вёскі Вайтэлі стаяў на ўзгорку, усё наваколле – як на далоні. «Хавайцеся!» — паспела крыкнуць сынам маці, угледзеўшы праз акно, што фашысцкі танк паўзе прама на іх дом. Дзякуй Богу, мінуў, а вось па калодзежы прайшоў, разбурыў яго. «Дзеці, на печ!» — часта з трывогай у голасе загадвала матуля. І малыя ведалі: зноў чужынцы ідуць са сваім нязменным: «Матка, яйка, шпэк!».

Неяк днём Сцёпа напароўся на немца, які непадалёк ад іх сядзібы варыў сабе нешта ў кацялку. Закамандаваў перапалоханаму хлопчыку прынесці соль, а ўзамен працягнуў яму кавалак колатага цукру… У час наступлення нашай арміі ў 1944-м некалькі сутак праседзелі ў глыбокім яры ў лесе, ратуючыся ад снарадаў. Калі ўсё сціхла, хлопчыкі прыносілі з лесу цэлыя кішэні патронаў, награвалі іх у вогнішчы, радаваліся гучным стрэлам і не задумваліся, што забава гэта можа стаць смяротнай.

Ад снегу да снегу — басанож

У 1945-м абодва браты Рабушкі пайшлі ў першы клас Аляхновіцкай сямігодкі. Паперы не было, сшыткі майстравалі з папяровых мяшкоў, якімі разжываліся на чыгунцы. Пісалі хімічнымі алоўкамі, іх трэба было слініць: сядзелі на ўроках з сінімі языкамі…
На той час ужо вярнуўся з фронту паранены бацька з ордэнам і медалямі на грудзях і асколкам у лёгкіх.
У калгас забралі каня, гаспадарчыя пабудовы – свіран, кузню. Жыццё было вельмі цяжкім. У хлопчыкаў нават не было абутку, каб хадзіць у школу за тры кіламетры па бездарожжы. Ад ранняй вясны да позняй восені бегалі басанож, і хваробы не прыставалі. Маючы прадпрымальніцкую жылку, бацька арганізаваў дома цэх па перапрацоўцы мяса. У сыноў была дарослая работа: чысціць скуры… «Мацвееў сын? Сядай, «два»!» — нязменна гаварыў настаўнік матэматыкі, які затаіў нейкую злосць на яго бацьку. Пачуццё несправядлівасці абпальвала душу хлопцу, але ж спрачацца ён не мог… Жыць стала яшчэ цяжэй, калі ў 1951-м памёр бацька, пакінуўшы жонку з траімі сынамі, меншаму Аляксандру было ўсяго два гады. Ды на гэтым іх беды не закончыліся. Старэйшы брат у 17 гадоў трапіў пад машыну, яму аднялі нагу. Уся мужчынская работа лягла на плечы падлетка Сцяпана. Дзесяцігодку заканчваў у Радашковічах, штодня дабіраўся туды за дзесяць кіламетраў.

Залатое правіла прагрэсіі

Сцяпан Мацвеевіч памятае пераломны момант у вучобе. Настаўнік матэматыкі паставіў яму «двойку» за тое, што не ўспомніў залатое правіла прагрэсіі, а аднакласнік адказаў на «пяць». «Мяне такая злосць узяла, і я пачаў дасканала рыхтавацца да ўрокаў. Неўзабаве стаў адным з лепшых матэматыкаў у школе», — успамінае мой субяседнік. Школу закончыў на «пяцёркі», аднак у Мінскі політэх-
нічны інстытут не паступіў — не хапіла балаў. Паехаў у Ашмянскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, вярнуўся дамоў з пасведчаннем трактарыста і выдатнымі адзнакамі абсалютна па ўсіх дысцыплінах. А ў 1959-м ад цяжкай хваробы памерла маці, Сцяпан застаўся ў сям’і адзіным кармільцам.

Пах роднай зямлі

Два трактарысты было на ўвесь калгас «Сцяг Ільіча» — Фёдар Варывода і Сцяпан Рабушка. Працавалі па 24 гадзіны, змяняючы адзін аднаго. Да змены Сцяпану трэба было падаіць карову, распаліць печ, насмажыць бульбяных бліноў з мачанкай, каб братам было што есці. Працаваў на першым беларускім трактары МТЗ-2, які цяпер стаіць на пастаменце ля Мінскага трактарнага завода. «Залаты трактар, хоць і без кабіны. Ару поле, песні спяваю, а ён мне падыгрывае – душа радуецца! — паэтычна гаворыць Сцяпан Мацвеевіч. – Кожны сантыметр пашы я ў наваколлі Аляхновіч перавярнуў. Глеба ў нас — суглінак, гліна. Сонца ранічкай узыдзе, нібы лакам пацягнутыя, блішчаць на ім перавернутыя рудыя пласты. А як пахне свежаўзараная родная зямелька! Я шмат па свеце паездзіў, нідзе больш такога паху няма…».

Піянер механізацыі ферм

Да арміі Сцяпан паспеў паступіць на завочнае аддзяленне інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Яго тэхнічныя здольнасці былі запатрабаваныя і ў войску: служыў у Крыме механікам па рамонце верталётаў. Дамоў вярнуўся, зноў трэба было па-новаму пачынаць жыццё, думаць, як зарабіць грошай, каб дапамагчы братам. У сталіцы заробкі былі вышэйшыя — пайшоў грузчыкам у мінскі «Міжкалгасбуд». Аднойчы на будоўлі зламаўся пад’ёмны кран, і ніхто, акрамя Рабушкі, не змог яго адрамантаваць — перавялі ў электрыкі. А потым здарылася каханне: у Аляхновічах пазнаёміўся з мясцовай жыхаркай прыгажуняй Ірынай. Іх шлюбу ўжо 53 гады…

У 1965 годзе Сцяпан уладкаваўся ў «Сельгастэхніку» на пасаду старшага тэхніка па механізацыі працаёмкіх вытворчасцей у жывёлагадоўлі. Спачатку падводзілі ваду, ставілі воданапорныя вежы. Ветэран працы ўспамінае, як аднойчы патэлефанаваў яму старшыня аднаго з калгасаў: «Выйшаў на ганак на вашу вежу палюбавацца, здалося, што яна нахіленая. Пакуль па акуляры схадзіў, гля-
джу, а вежы няма…». Аказалася, работнікі калгаса сэканомілі на цэменце, рыхтуючы раствор для бетанавання, і ён не вытрымаў шматтонную жалезную махіну…

На кожнай ферме пасля наладжвання даільных установак Сцяпан Мацвеевіч сам распачынаў дойку, цярпліва вучыў даярак, якія баяліся, што рагулі не аддадуць усё малако, што тэхніка пашкодзіць ім вымя. Праз некалькі гадоў Рабушку было даверана арганізаваць на базе сельгастэхнікі станцыю па тэхабслугоўванні ферм, на якой рамантавалі, дэзынфіцыравалі даільныя апараты. Праект давялося зацвярджаць ажно ў Маскве. «Станцыя атрымалася як лялька!» — не без гордасці гаворыць яе стваральнік, якому было наканавана не раз пачынаць з нуля важныя дзяржаўныя праекты. Гэта тычыцца і станцыі па абслугоўванні машынна-трактарнага парка калгасаў раёна, і наладжвання ў калгасах зернесушыльных комплексаў. За які аб’ект ні адказваў Рабушка, даводзіў яго да дасканаласці, падбіраў і рыхтаваў кадры.

Прыгадвае і казусы. Сцяпан Мацвеевіч вельмі ганарыўся сваім чарговым дзецішчам – уласна сканструяваным штангавым транспарцёрам для ўборкі гною на свінаферме калгаса імя Леніна. Раптам адтуль званок: «Свінні ў гнаі топяцца, транспарцёр не працуе!». «Прыязджаю, а свінні і праўда ў жыжы стаяць, адны галовы тырчаць, а ў парасят – толькі пятачкі, ледзь іх уратавалі. Сталі разбірацца. Аказалася, цесляры, якія дах перакрывалі, упусцілі ўніз брусок, ён трапіў у транспарцёр і заклінаваў яго… Усё нанова наладзілі, шмат гадоў транспарцёр выдатна працаваў без рамонту…».

Быў аўрал і на КЗС у адным з калгасаў: загрузілі на сушку збожжа недапушчальна высокай вільготнасці, комплекс перагрэўся, пачаў гарэць. Прыйшлося частку выразаць і манціраваць па-новаму.

Сад яго мары

З маладосці Сцяпан Мацвеевіч песціў мару пасадзіць свой сад, які б нагадваў дзедаў у родных Вайтэлях. На жаль, заўчасна пайшлі з жыцця браты, на былым хутары жывуць чужыя людзі… Каб стварыць садаводчае таварыства «Зялёны луг» для работнікаў «Сельгастэхнікі», дайшоў ажно да Савета Міністраў. І вось ужо шмат гадоў кожную вясну радуюць яго квітнеючыя яблыні, ігрушы. Гаспадар укладвае ў свае дрэўцы шмат клопатаў, да садаводства, як і да любой іншай справы, у яго навуковы падыход. А ўраджаем ёсць каго частаваць: прыязджаюць са сваімі сем’ямі сын і дачка, цешаць дзядулю і бабулю трое ўнукаў. Дарэчы, сын і старэйшы ўнук таксама атрымалі спецыяльнасць інжынера.
Сцяпан Мацвеевіч гаворыць, што і цяпер кожны яго дзень напоўнены справамі: шмат чытае тэхнічнай, агранамічнай літаратуры, кансультуе знаёмых аўтааматараў. Дае другое жыццё зламанай бытавой тэхніцы, наракае, што цяпер яна няякасная, аднаразовая. Пры гэтым горда дэманструе прас 1966 года, які атрымаў за перамогу на спаборніцтвах па шашках. Прас, безумоўна, у ідэальным стане: у таленавітага інжынера з залатымі рукамі проста не можа быць інакш…

Фота: Аляксей ПЛАТКО, уласны архіў
Сцяпана РАБУШКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/ravesniki-minshchyny/item/2222-ravesniki-minshchyny-stsyapan-rabushka.html#sigProId8599e6c63e
Прочитано 5152 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.