Равеснікі Міншчыны. Софія Чапурок

У многіх на слыху папулярная ў 50-60-я гады мінулага стагоддзя песня «Выходил на поля молодой агроном». Аказваецца, у той час у калгасах нашага раёна пераважную большасць сярод аграномаў складалі жанчыны. У іх ліку і кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Софія ЧАПУРОК, якая 26 лютага адзначыць сваё 80-годдзе.

Равеснікі Міншчыны. Софія Чапурок "Маладзечанская газета"

Яна адпрацавала галоўным аграномам калгаса імя Кірава (цяпер — ААТ «Селеўцы») 25 гадоў і змагла даказаць, што і на цяжкіх землях гаспадаркі можна атрымліваць высокія ўраджаі, калі ўкараняць агранамічныя дасягненні, ставіцца да працы добрасумленна, укладваць у яе душу. Насеннем ільну, якое вырошчвала Софія Іванаўна са сваімі паляводамі, «кіраўцы» забяспечвалі палову раёна. Менавіта за гэту культуру калгас быў узнагароджаны дэфіцытным па тых часах тэлевізарам на выстаўцы народных дасягненняў у Маскве.

«Нас вялі на расстрэл»

У Ермаках, роднай вёсцы Софіі Чапурок, стаіць сціплы помнік мясцовым жыхарам, якія загінулі ў гады вайны. На яго плітах прозвішчы не толькі франтавікоў, партызан, але і мірных жыхароў. «Сярод іх маглі быць і мы з мамай і бацькам, — вяртаецца ў ваеннае дзяцінства мая субяседніца. — 26 чэрвеня 1941 года ля нашай вёскі завязаўся бой паміж савецкімі і фашысцкімі разведчыкамі. Ворагаў загінула больш, і ў гэтым акупанты абвінавацілі мясцовае насельніцтва. Усіх вяскоўцаў пагналі на расстрэл. Мама расказвала, што несла мяне, трохгадовую, на руках, а фашыст падпіхваў штыком. У лузе ля вёскі прымусілі ўсіх легчы, жанчын і мужчын раздзялілі, пачуліся аўтаматныя чэргі. Некалькіх чалавек забілі, тату майго ранілі, але ўсіх знішчаць не сталі, відаць, рашылі ў страху людзей трымаць. Паўзком, са мной на руках, мама прабралася да хаты, а тая гарыць. Паспела ўскочыць, выкінуць праз акно тое-сёе з адзення». Толькі сем хат засталося з трыццаці чатырох, чужыя людзі далі прытулак Чапуркам. Увосень за прададзенае жыта перавезлі з Валожыншчыны свіран, перабраліся ў часовую будыніну. Але і яна згарэла ў час наступлення Чырвонай Арміі ў 44-м. Іх сям’я жыла ў лесе ў зямлянцы, потым зноў тулілася па чужых кутках. «Бяда і беднасць ваеннага ліхалецця вельмі аб’ядноўвалі людзей, яны былі больш добрымі, спагадлівымі, менш зайздроснымі і прагнымі, чым цяпер», — разважае жанчына.

І жыта жала, і лён малаціла

Першыя ўрокі аграноміі Соня, як і любая вясковая дзяўчынка, атрымала ў юным узросце: умела і жыта сярпом жаць, і лён малаціць, і бульбу садзіць ды капаць. Бацька мала пражыў пасля вайны, а маці, якая не мела свайго дома, згадзілася выйсці замуж за ўдаўца. Ён быў заядлым садаводам, па са-
джанцы яблынь ездзіў у Лошыцу пад Мінск, падчарцы падабалася назіраць, як ён даглядаў свой вялікі сад. А ў старэйшых класах Хоўхлаўскай школы пад кіраўніцтвам калгаснага агранома вучні рабілі з торфу гаршкі і вырошчвалі ў іх расаду памідораў, даглядалі цяпліцы. Акрамя таго, апрацоўвалі прыствольныя кругі ў школьным садзе, адказвалі за канкрэтныя дрэвы.

Як падняць ураджайнасць?

Соня была першай у класе па матэматыцы, школу закончыла добра, паехала паступаць на біялагічны факультэт у Белдзяржуніверсітэт. Конкурс быў дзевяць чалавек на месца, ёй не хапіла ўсяго аднаго бала. Тагачасны першы сакратар райкама камсамола Уладзімір Калачык прапанаваў актыўнай камсамолцы месца ў сельскім клубе, але яна выбрала Полацкі сельгастэхнікум, атрымала спецыяльнасць агранома. Пачынала ў калгасе «Сталінец» Гарадзілаўскага сельсавета, а ў 1959-м яе перавялі галоўным аграномам у родны калгас імя Кірава. У 23 гады яна адказвала за ўсё паляводства, да таго ж была сакратаром партыйнай арганізацыі. Калі гэту пасаду зрабілі аплачваемай, прапанавалі перайсці, але яна засталася вернай аграноміі.

«Калі пачынала працаваць, ураджайнасць у калгасе была 15 цэнтнераў з гектара, — успамінае мая субяседніца. – Землі ў нас цяжкія, пазней 500 гектараў тарфянікаў было аддадзена пад торфараспрацоўкі. На маю долю выпала задача ўвесці ў абарот землі хутароў, якіх у нас было вельмі шмат». У 1966 годзе яна нават дзялілася вопытам на раённым пленуме, які быў прысвечаны пытанням
пад’ёму сельскай гаспадаркі. З тэхнікі ў калгасе былі толькі некалькі трактароў «Беларус» ды гусенічных, магутнасць іх невялікая, часта не вытрымлівалі нагрузкі, ламаліся. Асабліва нялёгка даводзілася ў час сяўбы, якую трэба было правесці ў сціслыя тэрміны.

Сапраўдны рывок па ўраджайнасці – 28 цэнтнераў з гектара — маладому аграному ўдалося зрабіць у пачатку 70-х, калі ў раёне далі ўстаноўку змешваць насенне з грануляваным суперфасфатам, які забяспечваў фарміраванне коласа, памер зярнят. Спецыяльных сеялак для гэтага ў калгасе не было. Паляводы ўручную змешвалі насенне з суперфасфатам і адразу ж высявалі. Калі прамарудзіш — тэхналагічны працэс парушыцца, і ўраджай не атрымаеш. Асабліва добра раслі на калгасных палях ячмень, азімае жыта, лён.

Праца галоўнага агранома ў любы перыяд напружаная і адказная, патрабавала поўнай самааддачы. У шэсць раніцы бегла на планёрку ў праўленне калгаса, заканчваўся працоўны дзень позна вечарам, а ў час жніва і за поўнач. Між тым у яе ўжо была сям’я, падрасталі двое сыноў. Добра, што разам жыла матуля, якая брала на сябе ўсе клопаты па доме. «З раніцы вып’ю кубак сырадою, што мама надаіла — ды і пабегла. Днём калі выкамбіную час забегчы дадому, а калі і не. За 25 гадоў толкам і ў адпачынку ні разу не пабыла. Адпускалі ў яго выключна зімой. Але, бывае, два дні пасяджу — і трэба то ў праўленні нейкія неадкладныя пытанні абавязкова вырашыць, то на склад зайсці ці бульбу ў буртах праверыць…», — расказвае пра свае будні, як пра нешта звычайнае, былы аграном. Прызнаецца, што пабойвалася строгага старшыні калгаса Васілія Гардзіенкі, усе яго ўказанні старанна запісвала ў сшытак, каб нічога не выпусціць з віду. Адзінаццаць гадоў яны адпрацавалі разам, і пры ўсёй сваёй строгасці кіраўнік цаніў галоўнага агранома, прадстаўляў яе да ўзнагарод.

Уклад Софіі Чапурок быў высока ацэнены дзяржавай: яе ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Уручаў яго першы сакратар райкама партыі Уладзімір Быкоўскі. Акрамя ордэна, яна была ўзнагароджана граматай Вярхоўнага Савета БССР за подпісам тагачаснага старшыні Сяргея Прытыцкага.

«З усяго сельскагаспадарчага цыкла я найбольш любіла жніво. Вельмі радасна было на душы, калі ў засекі пачынала паступаць збожжа, калі было яго шмат і добрай якасці», — святлее твар у Софіі Іванаўны, калі ўспамінае гады сваёй плённай працы. Усюды яна паспявала: на полі за работай камбайнераў назірала, на палі тэхніку накіроўвала, на збожжасховішчы кантралявала, каб збожжа з насенных участкаў асобна засыпалі, своечасовую адгрузку дзяржаве забяспечвала…

Першай села за руль

У пачатку працоўнай біяграфіі Софія аб’язджала палі на веласіпедзе, пазней – на мапедзе. Зімой перасаджвалася на сані. Калі ж калгас атрымаў першага «Масквіча»-«каблука», адразу села за яго руль. Яшчэ ў тэхнікуме навучылася вадзіць машыну. У 1970-я яна была адзінай жанчынай-вадзіцелем у калгасе. Ды і ў раёне такіх можна было пералічыць па пальцах. Сярод свайго пакалення называе былога галоўнага агранома з Маркава Эмілію Чачкову, былога намесніка старшыні калгаса «Палачаны» Ніну Станевіч, якія таксама ўсё жыццё за рулём.

Світары для любімых унукаў

Апошнія гады перад пенсіяй Софія Іванаўна ўзначальвала калгасную прафсаюзную арганізацыю, на заслужаным адпачынку працавала дыспетчарам. Вольнага часу з’явілася больш, і яе захапленнем стала вязанне. Па журналах вязала цёплае і прыгожае адзенне для ўсёй сям’і. Месяц – вось табе і новы світар, два тыдні – і сын ці ўнукі прымяраюць утульную камізэльку. Сыноў Алега і Аляксандра выгадавала Софія Іванаўна. Старэйшы служыў у ракетных войсках, страціў здароўе, на жаль, у 25 гадоў пайшоў з жыцця… Ужо дваццаць гадоў мая гераіня жыве ў Маладзечне разам з сям’ёй малодшага сына. У яе двое ўнукаў і двое праўнукаў – ёсць каму вязаць рукавічкі ды шалікі… Улетку былы аграном вырошчвае кветкі ля сваёй сядзібы, асабліва любіць ліліі. Дае сілы і вера ў Бога, якую, нягледзячы на дзесяцігоддзі антырэлігійнай прапаганды, захавала з дзяцінства. І цяпер памятае, як тата вадзіў яе да споведзі…

Усё сваё працоўнае жыццё Софія Іванаўна выпісвае нашу газету. Першае, на што звяртае ўвагу, – сезонныя зводкі аб рабоце сельгаспрадпрыемстваў. Радуецца за родную гаспадарку ААТ «Селеўцы», якая трымае перадавыя пазіцыі. Расказвае, што нядаўна запрашалі яе на свята вёскі Селеўцы. Вельмі хочацца, каб у раёне не забывалі такіх выдатных спецыялістаў, як Софія Іванаўна, запрашалі на мерапрыемствы, часцей гаварылі ім словы падзякі і выказвалі павагу. Без перабольшвання, яны – наш залаты фонд, ім мы абавязаны многімі сённяшнімі поспехамі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Софіі ЧАПУРОК.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/ravesniki-minshchyny/item/2146-ravesniki-minshchyny-sofii-chapurok.html#sigProId46d3250a65
Прочитано 4185 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: Равеснікі Міншчыны. Сцяпан Рабушка »