Новости Молодечно и Молодечненского района

Звычайнае жыццё невялікай вёскі

  • 2024-11-24 07:15:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Вёска Вазгелы пакідае прыемнае ўражанне. Чыстая вуліца, дагледжаныя падворкі, шмат зеляніны. Прыемна было таксама паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі.

Паклікалі карані

Прыехаў я ў Вазгелы, каб сустрэцца з мясцовымі жыхарамі Віктарам Грынкевічам і яго жонкай Таццянай Канстанцінаўнай. Чаму зацікавіла менавіта гэта сям’я? Таму што пасля выхаду на заслужаны адпачынак месцам пражывання гаспадар і гаспадыня выбралі не сталіцу, а сельскую мясцовасць. Звычайна перамяшчэнне насельніцтва адбываецца ў зваротным напрамку.
Абодва субяседнікі маюць вясковыя карані. Таму гэты стыль жыцця для іх звыклы. Віктар Рафаілавіч нарадзіўся ў Навасёлках, жыў у Дубраве, вучыўся ў мясцовай школе. Бацька яго быў ветурачом. Ён купіў дом даваеннай пабудовы. Потым гэты дом будзе разабраны і перавезены ў Вазгелы.

Працаваў Віктар Грынкевіч электрыкам на спіртзаводзе ў Дубраве, пасля на Мінскім трактарным заводзе, Мінскім заводзе шасцерняў, у сталічным аўтапарку. Калі надышоў пенсійны ўзрост, вырашыў жыць у Вазгелах – тут яму больш звыкла, спакойна і зручна.

Што тычыцца Таццяны Канстанцінаўны, яна ў Вазгелах нарадзілася. Населены пункт і мясцовых жыхароў у некалькіх пакаленнях ведае выдатна. Людзі яе паважаюць. Жанчына ўпэўнена, што калі ў доме ёсць усе выгоды, жыць у вёсцы лепш, чым у горадзе.

На ўсе рукі майстар

Віктар Грынкевіч у сельскай мясцовасці не сумуе. Сад, агарод – усё патрабуе клопату і ўвагі. Свая вітамінная прадукцыя дазваляе эканоміць сямейны бюджэт. Галоўнае тут не ленавацца. Калі ёсць вольны час – накіроўваецца ў лес, што блізка ля вёскі. Грыбы, ягады ў сезон заўсёды даступныя. Гэты год, дарэчы, багаты на грыбны ўраджай. Курачкі, радоўкі, падзялёнкі можна было збіраць да сярэдзіны лістапада. Слоікі з нарыхтоўкамі даволі часта раздаюцца сваякам і знаёмым.


Сваімі рукамі гаспадар сабраў два міні-трактары. Тэхніка вельмі дапамагае ў гаспадарцы і цалкам апраўдвае сябе.

– Першы трактар зрабіў на базе каляскі ад матацыкла, – расказаў Віктар Рафаілавіч. – Яму ўжо чатыры дзясяткі гадоў. Больш сучасны ўзор зроблены са спісаных запасных частак. Коней у вёсцы цяпер ніхто не трымае. Таму работа для тэхнікі заўсёды ёсць.

Цывілізацыя на месцы

Пакінутымі мае субяседнікі сябе не лічаць. Жыць у сельскім населеным пункце ім камфортна. Дамы ў Вазгелах падключаны да цэнтральнага водазабеспячэння. Нядаўна ўступіла ў строй мабільная станцыя абезжалезвання, што значна палепшыла якасць вады.

Многія дамы ў вёсцы газіфікаваныя. Няма праблем з інтэрнэтам. У населены пункт падведзены оптавалаконны кабель. З дастаўкай прадуктаў таксама ўсё нармальна. Тры разы на тыдзень у вёску прыязджае аўтакрама «Еўраопта» (вялікая, лічы, мабільны магазін, унутр якога можна зайсці) і два разы – ад Белкаапсаюза.

Эканамічны цэнтр жыцця вёскі – чыгуначная станцыя Дубравы. Адсюль на электрычцы можна даехаць да Мінска, Маладзечна, іншых населеных пунктаў. На чыгунцы працавалі або цяпер працуюць многія мясцовыя жыхары.

– За апошнія гады вёска значна змянілася, – адзначыў Віктар Грынкевіч. – Сюды вяртаюцца людзі. Сярод вяскоўцаў ёсць сем’і з дзецьмі. Бацькоўскія дамы не пустуюць. Летам у нас шмат дачнікаў. Увогуле, Вазгелы – жывая вёска. Усё, што трэба, у нас ёсць. Галоўнае, каб быў мір.

Людзі гавораць

Экскурсія па вёсцы была кароткай (бо населены пункт невялікі) і цікавай. Адзначыў прыгожае наваколле. Ля галоўнай вуліцы невялікі вадаём. Ёсць дамы, узведзеныя па індывідуальных праектах, тыпавыя катэджы, простыя вясковыя хаты, нават двухпавярховае шматкватэрнае жыллё. Па словах мясцовых жыхароў, вялікі ўклад у развіццё вёскі ўнесла Беларуская чыгунка.

– Да выхаду на пенсію працаваў на чыгунцы, – паведаміў Антон Ціхановіч, які ехаў на мотаблоку з прычэпам. – Вазгелы – камфортная вёска. У нас спакойна. Усе ведаюць адзін аднаго. Дастаўка прадуктаў добрая. Мая дачка жыве недалёка. Пастаянна бачымся з ёю. Яна мне дапамагае, калі ў гэтым ёсць патрэба.

Мотаблок у гаспадарцы – незаменная рэч, заўважыў субяседнік. І да аўтакрамы на ім больш зручна дабірацца, і пакупкі свае і знаёмых дадому можна падвезці. Увогуле, адметная рыса вяскоўцаў – узаемадапамога. Як ты ставішся да чалавека, так і ён да цябе.

З гэтым згодная Ірына Варыкаш. Яна пражыла ў вёсцы больш за 40 гадоў. Жанчына цэніць выгоды, якімі карыстаюцца мясцовыя жыхары. Недалёка размешчаны Купалаўскі запаведнік у Вязынцы, іншыя славутасці. Вельмі зручна, што побач знаходзіцца чыгуначная станцыя. Адарванымі ад цывілізацыі людзі сябе не адчуваюць. І гэта выдатна!

Лічбы і факты

Вёска Вазгелы вядомая з XVI стагоддзя як сяло маёнтка Дзякшняны ў Мінскім павеце і ваяводстве ВКЛ. У 1595 годзе ў населеным пункце было 37 жыхароў мужчынскага полу. Аднаго з іх звалі Пётр Вазгелаў. Мабыць, гэта прозвішча і дало назву населенаму пункту.

У канцы XVIII стагоддзя вёска была ўласнасцю Валадзьковіча. Тады ў ёй жыло 29 асоб мужчынскага полу. У міжваенны час і да 1960 года населены пункт знаходзіўся на тэрыторыі Радашковіцкага раёна спачатку Вілейскай, а потым Маладзечанскай вобласці.

Цяпер насельніцтва вёскі складае больш за сто чалавек, большасць з іх – працаздольнага ўзросту.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ