Новости Молодечно и Молодечненского района

Жыццё – маліна

  • 2022-03-14 09:12:18
  • Алег Бяганскі

Па меркаванні краязнаўцаў, назва «Малінаўшчына» паходзіць ад слова «маліна». Зараснікі гэтай ягады і цяпер сустракаюцца ля вёскі. Упершыню населены пункт упамінаецца ў інвентары 1579 года як засценак Лебедзеўскага двара. У 1702-м маёнтак набыў Клімент Свентаржэцкі. З гэтым родам звязана далейшая гісторыя Маліноўшчыны аж да 1939 года.

Найбольш выразны помнік, звязаны са Свентаржэцкімі, — фамільны склеп гэтага роду. Размешчаны ён на тэрыторыі Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода — «Аквадыў». Славутасць адметная незвычайнай архітэктурай. Склеп уяўляе сабой піраміду з невялікім дахам. У сцены ўмураваныя вапнавыя пліты з мемарыяльнымі надпісамі. Дзякуючы прадпрыемству ён добра захаваўся. Завод выдаткаваў грошы на рамонт помніка архітэктуры.

Дзякуючы прадпрыемству «Аквадыў» фамільны склеп Свентаржэцкіх добра захаваўся. Гэта адзначаюць усе турысты.

Пра былы маёнтак нагадвае прыгожы флігель. Яго можна ўбачыць, калі пад’язджаеш да завода з боку Лабачоўкі. Фасад флігеля падзелены стральчатымі аконнымі і ўваходнымі праёмамі. Тыповая неаготыка. У часы Свентаржэцкіх будынак служыў кухняй, пральняй, жыллём для повара. У савецкія часы тут была бібліятэка.

Вялікае ўражанне пакідае парк (батанічны помнік прыроды мясцовага значэння). Гэта быў адзін з першых пейзажных паркаў на тэрыторыі Беларусі, разбіты ў рамантычным стылі. У парку былі створаны шэсць сажалак, тры з якіх захаваліся да нашага часу. Турысты могуць пагуляць па алеях з піхты сібірскай, сасны Веймутава, лістоўніцы сібірскай. Недалёка ад ручая знаходзіцца абеліск, устаноўлены на магіле Міхала Свентаржэцкага.

Унутраны дэкор склепа просты і адначасова выразны.

Наведванне Маліноўшчыны – добры варыянт экскурсіі выхаднога дня. Размешчана вёска недалёка ад Маладзечна, да яе вядзе добрая дарога. Пры гэтым уражанняў ад падарожжа застанецца вельмі шмат.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, інтэрнэт-рэсурсы.