Новости Молодечно и Молодечненского района

Завітаем у Старынкі

  • 2025-12-14 05:44:30
  • Олег БЕГАНСКИЙ

 

Вёска з мілагучнай назвай Старынкі прытулілася ў маляўнічым месцы ля дарогі на Аляхновічы. Мясцовых жыхароў тут каля пяцідзесяці чалавек. Вуліца адна. Жыццё ў населеным пункце нетаропкае, размеранае. Захоўваюць памяць пра мінулае старажылы. Аднак і для моладзі знаходзіцца занятак. Пра гэта даведаўся ў час невялікай краязнаўчай экспедыцыі па родным краі.

Раней усе сем’і былі мнагадзетныя

Пра вёску і свой лёс расказала Лілія Лазоўская. Яна нарадзілася ў Старынках. Чатыры класы закончыла ў суседніх Кайценях. Потым вучылася ў Аляхновіцкай школе.

– Пасля школы працавала ў мясцовай гаспадарцы аператарам машыннага даення, – гаворыць Лілія Іванаўна. – Даглядала паўсотні падапечных. Ручной працы тады было нашмат больш, чым цяпер. Аднак людзі на гэта не наракалі. Калектыў быў вельмі дружны. Усе былі адной сям’ёй. Калі дзеці падраслі, уладкавалася на чыгунку. Адтуль і выйшла на пенсію.

Субяседніца расказала, што сама вырасла ў мнагадзетнай сям’і – у бацькоў было сямёра дзяцей. Лілія – малодшая. У Старынках засталася яна адна, астатнія раз’ехаліся хто куды. Жанчына лічыць, што, застаўшыся ў вёсцы, выцягнула шчаслівы білет. Сапраўды, дзе нарадзілася, там і спатрэбілася...

– Раней Старынкі былі мнагалюдныя, – працягвае Лілія Іванаўна. – Усе сем’і магадзетныя. Было шмат моладзі. Танцы ладзіліся ў суседняй Такарэўшчыне. Кожны год гулялі па некалькі вяселляў. Цяпер гарадская моладзь прыязджае сюды летам. Дачнікам падабаецца гэта месца. Ствараецца камфорт і для мясцовых жыхароў.

Так, тройчы на тыдзень прыязджае аўтакрама. Асартымент прадуктаў у ёй неблагі. У дамы падведзена вада. Паступае яна з воданапорнай вежы ля населенага пункта. Дзякуючы мадэрнізацыі электрычных сетак сельскія жыхары маюць магчымасць карыстацца электрычным ацяпленнем. У многіх вяскоўцаў умовы ў дамах, як у гарадскіх кватэрах.

– Па гаспадарцы мне дапамагаюць дзеці, дачка і сын, – адзначыла субяседніца. – Ёсць у мяне трое ўнукаў і дзве ўнучкі. Сям’я наша дружная. Усе клапоцяцца адзін аб адным.

Ладзяцца футбольныя турніры

У час размовы з Ліліяй Лазоўскай у дом прыйшлі яе зяць Сяргей Скрыпай, унукі Артур і Ксенія. Дзеці вучацца ў Аляхновіцкай сярэдняй школе. Артур – пяцікласнік. Яго любімыя прадметы – гісторыя і працоўнае навучанне. Ксенія – васьмікласніца. Сярод яе любімых прадметаў біялогія.

– Сам я працую ў Заслаўі, – паведаміў Сяргей Барысавіч. – Дзяцей гадуем разам з жонкай Святланай Міхайлаўнай. У Аляхновічы іх дастаўляе школьны аўтобус. Гэта зручна і бяспечна. Сын і дачка растуць нашымі памочнікамі.

Жыхары Старынак не лічаць, што жывуць наводшыбе – Аляхновічы недалёка, побач з вёскай ёсць аўтобусны прыпынак. Летам, калі прыязджае шмат дачнікаў, у тым ліку моладзі, Сяргей Барысавіч удзельнічае ў імправізаваных футбольных турнірах паміж камандамі. Ён любіць спорт і прывівае гэту любоў дзецям.

Пяць хат ля дарогі

Наступная мясцовая жыхарка, якая расказала пра сябе, – Марыя Явароўская. Яна нарадзілася ў Старынках. Працавала на мясцовай жывёлагадоўчай ферме, потым у адной з мінскіх арганізацый. У яе трое дзяцей, васьмёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў. Таму жанчына лічыць сябе багатай і паспяховай.

– Пра вайну бацькі мне практычна нічога не расказвалі, – зазначыла Марыя Фёдараўна. – Ведаю толькі, што ў нашых месцах дзейнічалі партызаны. Мясцовыя жыхары хаваліся ад фашыстаў. Як насталі мірныя гады, гаспадарка была разбураная. Нават пітная вада была не ва ўсіх дварах. Хадзілі па яе далёка. Бывала, нясеш па дарозе вядро – выпадкова разліеш, паплачаш і вяртаешся зноў да студні.

Паступова жыццё наладжвалася. Людзі будавалі дамы, стваралі сем’і. Муж Марыі Явароўскай, Васілій Васільевіч, працаваў трактарыстам. Мінула шмат гадоў, як яго не стала.

– Людзі ў нашай вёсцы дружныя, дапамагаюць адзін аднаму, – працягвае субяседніца. – У цёплую пару года насельніцтва павялічваецца. Дачнікаў прыцягваюць прырода, грыбы і ягады ў суседніх лясах. Сама я даглядаю невялікі агарод. Дапамагаюць вырошчваць агародніну блізкія. Дарэчы, ураджай сёлета быў не вельмі – падвяло надвор’е. Аднак пенсіянеру можна і на вёсцы жыць камфортна. Трэба толькі не ленавацца.

Наконт паходжання назвы населенага пункта мясцовая жыхарка выказала наступнае меркаванне. Маўляў, у далёкія часы ў вёсцы было толькі пяць хат. Жылі ў іх пажылыя людзі. Вось і сталі населены пункт называць Старынкі (ад слова старыя). Увогуле, вёсак з такой назвай шмат. І знаходзяцца яны ў розных раёнах Беларусі.

Хварэць не было калі

Алімпіядзе Носавай споўнілася 88 гадоў. У такім узросце жанчына выглядае энергічнай. Яна ахвотна дзеліцца сваім жыццёвым вопытам.

– Майго бацьку прызвалі ў польскую армію ў 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, – паведаміла Алімпіяда Уладзіміраўна. – Ён трапіў у нямецкі палон. Дадому вярнуўся ў 1945-м. Памятаю, як у час акупацыі мясцовыя жыхары хаваліся ад немцаў. Жылі мы настолькі бедна, што мне не давялося павучыцца. З малых гадоў працавала, пасла кароў у вяскоўцаў. Калі падрасла, была занятая ў мясцовай гаспадарцы. Потым уладкавалася ў Мінск. Прыкладна 15 гадоў адпрацавала на чыгунцы і столькі ж у магазіне. У мяне двое дзяцей і двое ўнукаў.

Жанчына ўспамінае, што раней дамы ў вёсцы былі невялікія, усяго на тры акны. Памяшканні ўцяпляліся адходамі ад вытворчасці лёну. Імі канапацілі шчыліны. Работы было вельмі шмат. Нават для хваробы часу не заставалася. Станоўча на здароўі адбівалася і вясковая загартоўка. Цяпер жанчыне дапамагаюць дзеці і ўнукі. Дровы для печкі набываюцца гатовыя, паколатыя. Ёсць невялікі агарод.

Усім людзям субяседніца пажадала міру, спакою, дабрабыту. Галоўнае, каб людзі паважалі адзін аднаго, не сварыліся, разам вырашалі розныя пытанні. Усе ж жывём на адной зямлі. Што каму тут дзяліць?

З гэтым згодная яшчэ адна мясцовая жыхарка – Тэрэза Казак. Яна пераехала ў Старынкі да мужа ў 1965 годзе. Вёска стала для яе роднай. Жанчына больш за 30 гадоў адпрацавала на чыгунцы. Мае статус ветэрана працы.

Так атрымалася, што большасць, з кім пагаварыў у Старынках, – людзі пажылыя. Тым больш цікава было паслухаць іх меркаванні, запісаць успаміны. Яны – наша жывая памяць, скарбніца мудрасці. Дзякуючы ім не перарываецца гістарычная сувязь пакаленняў.

Старонкі гісторыі

Як сказана ў кнізе «Памяць», у 1800 годзе ў Старынках налічвалася 9 двароў, 69 жыхароў. Належаў населены пункт пану Глушынскаму.

Праз паўстагоддзя вёска стала цэнтрам аднайменнага маёнтка Красненскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У пачатку ХХ стагоддзя адносіцца да Ушаўскай сельскай грамады. Недалёка размяшчаўся фальварак Радзевіча, які валодаў 20 дзесяцінамі зямлі.

Пасля вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў верасні 1939 года ў вёсцы ўсталявалася савецкая ўлада. У складзе Ушаўскага сельсавета Радашковіцкага раёна Вілейскай, а затым Маладзечанскай вобласці населены пункт быў з 20 верасня 1944 года па 16 кастрычніка 1964-га. Потым Старынкі ўвайшлі ў Аляхновіцкі сельсавет.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ