Новости Молодечно и Молодечненского района

Завітаем у Слабодку

  • 2024-12-22 08:57:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Вёска Слабодка хаця і знаходзіцца недалёка ад горада, аднак згадваецца ў раённых навінах не так часта. Як падказвае Вікіпедыя, назва населенага пункта паходзіць ад слова «слабада» – пасяленне ці раён горада, на момант заснавання якога яго жыхары служылі дзяржаве, былі гасударавымі людзьмі. Ганарацца сабой, сваім краем, малой радзімай і сучасныя вяскоўцы.

Чатыры вуліцы ў вёсцы

З асаблівасцямі вясковага жыцця нас пазнаёміла стараста населенага пункта Наталля Каралевіч. Субяседніца нарадзілася ў Бяртошках, закончыла Хажоўскую сярэднюю школу, пераехала ў Слабодку, дзе выйшла замуж і засталася жыць. Працавала загадчыкам магазіна «Культтавары» ў Хажове, потым спецыялістам Хажоўскага сельвыканкама.

– Жыву на вуліцы Новай, – гаворыць Наталля Васільеўна. – Вуліца наша адпавядае назве. Узнікла яна пазней за іншыя. Тут раней сяліліся хутаране. Цяпер яна папулярная сярод дачнікаў. Ёсць у нас яшчэ тры вуліцы: Сацыялістычная (самая доўгая), Садовая і Палявая. Калі едзеш з Маладзечна, справа ад дарогі знаходзіцца Слабодка, злева – Мойсічы. Не ўсе пра гэту асаблівасць ведаюць, таму некаторыя блытаюць населеныя пункты. Граніцу паміж імі абазначае дарога.

Стараста адзначыла, што тэмп і рытм жыцця вёскі вызначае блізкасць да горада. Дзякуючы гэтаму населены пункт прыцягальны для дачнікаў. Гараджане або купляюць падворкі, або добраўпарадкоўваюць бацькоўскія дамы. Летам жыццё літаральна віруе. Да бацькоў прыязджаюць дзеці і ўнукі. Пастаянна жывуць у Слабодцы маладыя сем’і з дзецьмі. Моладзь лічыць вёску перспектыўнай. Дзеці вучацца ў Хажове. Да школы іх падвозіць спецыяльны аўтобус.
Сярод пераваг Слабодкі – газіфікацыя населенага пункта. Праз вёску пракладзены водаправод. Некаторыя хатнія гаспадаркі падключыліся да яго. Ёсць планы падключыць да цэнтральнага водазабеспячэння вуліцу Новую. У цёмны час сутак вёска асвятляецца. Сёлета ў Мойсічах зноў запрацаваў магазін. Мясцовыя жыхары вельмі рады гэтаму. Асартымент прадуктаў у пункце гандлю добры.

Значны плюс і мадэрнізацыя сістэмы электразабеспячэння. Нядаўна былі заменены электрычныя слупы, электралініі, падстанцыі. У выніку вяскоўцы атрымалі магчымасць карыстацца электрычным ацяпленнем. Гэта значна павышае камфорт пражывання ў Слабодцы.

Агульная бяда згуртавала людзей 

Наталля Каралевіч зазначыла, што жыццё ў вёсцы паступова змяняецца. Раней у мясцовай рачулцы вадзілася рыба. Людзі лавілі карасёў. Многія на сваіх падворках трымалі кароў, нарыхтоўвалі сена, пасвілі жывёлу ў наваколлі населенага пункта. Такім чынам, у пустазелля не было магчымасці захапіць тэрыторыю. Цяпер, калі своечасова не дагледзіш, з падворкаў на луг «уцякае» параснік яблыкаў, ігруш, іншых дрэў і кустоў. Таму трэба рэгулярна добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Вяскоўцы пра гэта ведаюць і ўносяць свой уклад у агульную справу.

Дарэчы, недалёка ад Слабодкі знаходзіцца невялікі лясны масіў. Тут дачнікі і мясцовыя жыхары любяць збіраць дары лесу. Гэты год быў ураджайны на іх. Лес – дадатковы бонус для тых, хто звязаў сваё жыццё з вёскай. Але збліжаюць людзей не толькі агульныя захапленні.

– Жыхары вёскі дружныя, гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу, – падкрэсліла Наталля Каралевіч. – Гэта выявілася сёлета ў жніўні, калі ў Слабодцы здарыўся магутны буралом. Асабліва пацярпела вуліца Сацыялістычная. У складаны момант людзі не засталіся абыякавымі да сваіх суседзяў і знаёмых – дапамагалі падвезці шыфер, іншыя будматэрыялы, плёнку, ратавалі маёмасць. У бядзе вяскоўцы праявілі свае лепшыя якасці. Адказна справіліся з работай прадстаўнікі страхавой арганізацыі.

Настрой на пазітыў

Працавітасць з’яўляецца адной з адметных рыс мясцовых жыхароў. У гэтым пераканаўся, калі пагаварыў з некаторымі вяскоўцамі. Дзмітрый Ганчароў працуе жывёлаводам на МТФ «Слабодка». Ён даглядае малых цялят, не раз атрымліваў заахвочванні ад кіраўніцтва гаспадаркі.

– Працую на ферме тры дзясяткі гадоў, – паведаміў Дзмітрый Аляксандравіч. – Работу люблю. Жыву ў сваім доме. У нас з жонкай трое дзяцей. На сёння ўсе яны працаўладкаваныя. Адзін з іх – малады спецыяліст СУП «Хажоваагра-2009». Зручна, што месцы работы і пражывання знаходзяцца ў адным населеным пункце. Так эканоміцца час для хатніх спраў.

Субяседнік зазначыў, што ленавацца ў вёсцы няма калі. Акрамя працы ў гаспадарцы, клопатаў хапае на ўласным падворку. Трэба дагледзець участак, не запусціць агарод. Да такога стылю жыцця мужчына прывык. Галоўнае, каб і самому, і сям’і было бяспечна і камфортна.

З гэтым пагаджаліся іншыя субяседнікі. Людзі адзначалі пазітыўныя рухі ў вясковым жыцці, гаварылі, што цэняць мір і спакой у дзяржаве. Будучыню вяскоўцы ўспрымаюць пазітыўна. А інакш і быць не можа, бо будучыню ствараем усе мы. Не застаюцца ўбаку і жыхары Слабодкі, невялікай вёсачкі, размешчанай недалёка ад Маладзечна.

Старонкі гісторыі

Як сказана ў кнізе «Памяць», у XIX стагоддзі вёска Слабодка ўваходзіла ў склад маёнтка Ізабеліна Маладзечанскай воласці Віленскага павета Віленскай губерні.

Колькасць жыхароў населенага пункта паступова расла. У 1866 годзе тут было 83 жыхары, у 1909-м – 244. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны насельніцтва складала 311 чалавек.

У гады вайны акупанты загубілі 6 мірных жыхароў, аднаго забралі ў германскую няволю, 18 чалавек загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У розныя гады вёска ўваходзіла ў Хажоўскі, Цюрлёўскі, а потым зноў у Хажоўскі сельсавет. Цяпер у ёй жыве больш за 170 чалавек, звыш ста з якіх працаздольнага ўзросту.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ