Калі едзеш на машыне з Маладзечна ў бок Хажова, Мыслевічы праносяцца за вокнамі літаральна за хвіліну. Нават нічога асабліва не паспяваеш разгледзець. Між тым населены пункт чацвёрты па колькасці насельніцтва ў Хажоўскім сельсавеце. Тут жывуць каля 300 чалавек, абсалютная большасць з якіх – дзеці, моладзь і прадстаўнікі працаздольнага ўзросту. Гэта значыць, вёска перспектыўная. Яна прыцягвае людзей. А тыя, у сваю чаргу, клапоцяцца пра сваю малую радзіму.
Бачыла вайну
Першай, з кім пазнаёміўся ў час візіту ў Мыслевічы, была старэйшая жыхарка населенага пункта Таццяна Грыневіч. Жыве яна ва ўласным доме. Пакоі і падворак дагледжаныя. Дапамагаюць ёй па гаспадарцы сваякі, а таксама сацыяльныя работнікі.
– Нарадзілася я ў вёсцы Прынта Вілейскага раёна, – гаворыць Таццяна Сцяпанаўна. – Калі пачалася вайна, была падлеткам. Ля рэчкі Віліі тады ішлі жорсткія баі. Памятаю, што немцы забралі і забілі мноства людзей. Наша сям’я, як магла, хавалася ад гэтага пекла.
Жанчына правяла невялікую экскурсію па сваіх доме і агародзе. Да яе жылля, як і да падворкаў іншых вяскоўцаў, падведзены газ і вада. Дзякуючы гэтаму ўмовы жыцця набліжаны да гарадскіх. Аднак наша субяседніца не любіць лайдачыць. Яна сама працуе ў садзе і агародзе.
– Люблю даглядаць кветкі. Вельмі падабаюцца вяргіні, цюльпаны, – гаворыць Таццяна Сцяпанаўна. – Як толькі надыходзяць цёплыя дні, працую ў агародзе. Агародніну вырошчваю сама. У мяне заўсёды добры ўраджай клубніц, часнаку, морквы. Раней гандлявала сваёй агароднінай на рынку. Мяне і сёння прадаўцы там ведаюць, вітаюцца, калі прыязджаю па пакупкі.
Дзецям тут камфортна
Сваё меркаванне пра населены пункт выказаў мясцовы жыхар Аляксей. Мужчына на выдзеленым яму зямельным участку пабудаваў дом і цяпер займаецца яго добраўпарадкаваннем.
– Галоўная адметнасць Мыслевічаў – блізкасць да горада, – падкрэсліў субяседнік. – Гэта зручна і адкрывае дадатковыя магчымасці. Напрыклад, мае дзеці вучацца ў гарадской школе і адначасова карыстаюцца перавагамі сельскага жыцця: свой сад, агарод, чыстае паветра, бяспека. Дзецям тут вельмі падабаецца.
Лідзія і Васілій Бажко пераўтварылі свой прысядзібны ўчастак у сапраўдны філіял раю на зямлі. Кветнікі, малыя архітэктурныя формы зроблены з густам і любоўю. Можна толькі ўявіць, наколькі прыгожа тут летам.
– Ідэі для садовага дызайну распрацоўваем і рэалізуем самі, – падкрэслілі муж і жонка. – Любім парадак, ствараем вакол сябе прыгажосць і камфорт. У горадзе няма столькі магчымасцей рэалізаваць усе свае задумы. А на вёсцы – калі ласка!
Дачнае пытанне і погляд збоку
У Мыслевічах камфортна сябе адчуваюць не толькі мясцовыя жыхары, але і дачнікі. Гэта зазначыла адна з іх – Тамара Ліпская.
– З Мыслевічаў родам мой муж, – гаворыць жанчына. – На дачы мы жывём з красавіка па кастрычнік. Па прадукты ездзім у горад. Увогуле, транспартная даступнасць вёскі добрая: прыпынак побач, аўтобусы ходзяць часта. Хочаш – едзь у Маладзечна, калі трэба – у Хажова.
Па словах субяседніцы, вялікі плюс дае газавае ацяпленне іх дома. А яшчэ дзякуючы дачнаму ўчастку заўсёды ў наяўнасці вітамінная прадукцыя. Нядаўна гаспадары завялі курэй. Такім чынам, на стале будуць і свежыя яйкі.
– Дзеці і ўнукі любяць прыязджаць на дачу, – зазначыла жанчына. – Дзеці не могуць дачакацца цёплых дзён. Камфортна ў Мыслевічах усім пакаленням нашай сям’і.
Сваё меркаванне пра вёску выказала жыхарка суседняй вёскі Гаравіны Лізавета Борыс – жанчына чакала аўтобус на прыпынку ў Мыслевічах.
– Раней я працавала ў атэлье «Бярозка» ў Маладзечне, – паведаміла субяседніца. – Бывала, на работу хадзіла пешшу. У Мыслевічах жывуць некалькі маіх знаёмых. Усе яны пажылыя. Вёска гэта зручная. Да горада блізка. У дамы падведзены газ, вада, тэлефон, інтэрнэт. Жыві і радуйся ды не гняві Бога.
Пад крыламі буслоў
З Лізаветай Борыс можна пагадзіцца. Камфорт, псіхалагічная атмасфера, добраўпарадкаванасць у населеных пунктах у многім залежаць ад саміх людзей. І няхай у вёсцы можа не быць яркіх славутасцей, малая радзіма заўсёды будзе тым месцам, дзе хочацца жыць, куды прыемна вяртацца пасля развітання. Жыхары Мыслевічаў гэта разумеюць. Яны звязваюць з населеным пунктам сваю будучыню, бачаць у ім перспектывы, ствараюць трывалы падмурак, каб дзецям і ўнукам жылося камфортна і бяспечна.
Увогуле, вёска пакідае прыемнае ўражанне. Тут звычайныя вясковыя дамы суседнічаюць з сучаснымі катэджамі. Некалькі дамоў у стадыі будаўніцтва і рамонту. Праз поле добра бачныя гарадскія мікрараёны. Сам населены пункт даволі кампактны.
Дарэчы, вельмі сімвалічна, што ў цэнтры вёскі ля скрыжавання вуліц Хажоўскай і Зялёнай звіла гняздо пара буслоў. Калі я наведваў населены пункт, птушкі выконвалі сваю песню. Іх клёкат чуўся далёка ў ваколіцах. Значыць, на нашу зямлю зноў прыйшла мірная вясна.
Старонкі гісторыі
Вёска Мыслевічы вядомая з пачатку ХІХ стагоддзя як уласнасць роду Агінскіх. У 1800 годзе ў ёй налічвалася 6 двароў, насельніцтва складала 33 жыхары.
У пачатку ХХ стагоддзя назву Мыслевічы мелі вёска, пасёлак і фальварак. Тады ў населеным пункце было 80 жыхароў, якім належала 86 дзесяцін зямлі.
Да 12 чэрвеня 1958 года вёска ўваходзіла ў склад Велікасельскага сельсавета, да 28 мая 2013-га – у склад Цюрлёўскага.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ