Новости Молодечно и Молодечненского района

Завітаць у Пазнякі ніколі не позна

  • 2025-11-02 08:02:17
  • Олег БЕГАНСКИЙ

У гэтай невялікай вёсачцы жывуць каля 40 чалавек. Аднак населены пункт мае свае «мікрараёны». Дамы згрупаваныя ў дзвюх лакацыях. Паміж іх даволі вялікі ўчастак поля. І гэта толькі адна з асаблівасцей Пазнякоў.

Каровы прывялі да… прыгажосці

Першае, што ўбачыў, калі прыехаў у Пазнякі, як мужчына пераганяў з поля ў двор дзвюх кароў. Карціна для сучаснай вёскі нетыповая. Абсалютная большасць сельскіх жыхароў купляе малочныя прадукты ў магазіне. Таму пайшоў услед за міні-статкам і трапіў на падворак, якім можна любавацца бясконца.

Як аказалася, упраўляўся з буронкамі Іван Дзяўго. Яго жонка Людміла Язвіцкая завіхалася на падворку, які літаральна патанаў у кветках. Уражанне дапаўнялі шматлікія садовыя скульптуры. Нават у канцы кастрычніка здавалася, што сонечныя прамяні надоўга пасяліліся тут. І гэта не дзіўна. Некалькі гадоў таму падворак Людмілы Іванаўны быў адным з лідараў агляду-конкурсу «Ветэранскае падвор’е».

– Я нарадзілася ў Пазняках, жыву з мужам у бацькоўскім доме, – расказала гаспадыня. – Усё тут для мяне сваё, мілае, роднае. Раней жыла ў сталіцы. Але цяпер не перабяруся ў горад нават каб за гэта давалі кватэру і машыну. Калі наводжу прыгажосць на падворку, адпачываю душой. Мне падабаецца парадак і ўвогуле люблю працаваць.

Сапраўды, сям’я даглядае дойных кароў, забяспечвае сябе малочнымі прадуктамі. Жывёлам неабходна нарыхтаваць на зіму даволі шмат сена. Увагі патрабуюць сад, агарод, цяпліцы. Дарэчы, сёлета ўраджай дазволіў зрабіць шматлікія нарыхтоўкі на зіму. Урадзілі і клубніцы. Усё гэта настройвае гаспадароў на пазітыў.

– Нашы Пазнякі размясціліся ў лагчыне паміж узгоркаў, – працягвае Людміла Язвіцкая. – Прыродныя катаклізмы вялікага ўрону вёсцы не наносяць. Бог беражэ населены пункт. Тройчы на тыдзень да нас прыязджае аўтакрама. Ды і Аляхновічы з магазінамі і сацыяльнымі аб’ектамі недалёка. Прыпынак электрычак «Раманы» ў крокавай даступнасці. Таму адарванымі ад цывілізацыі мясцовыя жыхары сябе не лічаць. Людзі сябруюць, калі трэба, дапамагаюць адзін аднаму. Так і жывём.

Танцы ладзілі па хатах

Пра мінулае Пазнякоў расказаў мясцовы старажыл Іосіф Харук. Разам з жонкай Вольгай Саваўнай ён жыве ў доме на самым краі вёскі. Прычым дом пабудаваны на ўзвышшы. З падворка ўвесь населены пункт як на далоні.

– Нарадзіўся я ў 1940 годзе, – гаворыць Іосіф Канстанцінавіч. – Сям’я наша жыла на хутары, якіх у ваколіцы тады было шмат. Бацькі расказвалі, што пры Польшчы сялянам даводзілася батрачыць на паноў. У час Вялікай Айчыннай вайны людзі галадалі, баяліся трапіць немцам на вочы.

Калі настала мірнае жыццё, субяседнік вучыўся ў Дубраўскай школе. Да яе было кіламетры два ад дома. З 1955 года працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Асвоіў усе віды сельскагаспадарчай тэхнікі, якая раней выкарыстоўвалася.

Жаніўся Іосіф Канстанцінавіч яшчэ на хутары. Жонка была з Пазнякоў. Пераехалі ў гэты населены пункт, можна сказаць, выпадкова. Калі рассялялі хутаран, ім выдзялялі ўчасткі пад будаўніцтва. Сям’і Харук такі ўчастак дастаўся менавіта тут. Аб чым вяскоўцы не шкадуюць.

– У Пазняках жывём з 1967 года, – працягвае Іосіф Канстанцінавіч. – Выгадавалі дзвюх дачок. Ёсць у нас унук і ўнучка, праўнук і праўнучка. Сям’я дружная. Трымаем гаспадарку, агарод. Зямлі ў нас 15 сотак. Дом абсталявалі як гарадскую кватэру. Ацяпленне электрычнае. Ёсць нават душ. Як кажуць, жыві і радуйся.

Пры гэтым мужчына з настальгіяй гаворыць пра былыя гады. Тады жылі весялей: было шмат моладзі, ладзілі танцы, летам збіраліся на вуліцы, зімой – па хатах. Гарманіста запрашалі з суседняй вёскі. Вяселлі гулялі ўсёй грамадой. Сярод найбольш любімых свят адзначалі Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова, Сёмуху… Ды і здароўе раней было іншае, маладое.

Мядовае шчасце

З Іосіфам Лобачам пазнаёміўся выпадкова. Мужчына даглядаў свой пчальнік, рыхтаваў напярэдадні зімы дамы для пчол. Іосіф Іосіфавіч – кандыдат псіхалагічных навук, былы загадчык кафедры псіхалогіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Цяпер на заслужаным адпачынку. У Пазняках у яго бацькоўскі дом.

– Пчалярства – справа вельмі карпатлівая, не ўсім яна па сілах, – выказаў сваё меркаванне субяседнік. – Неабходна добра ведаць біялогію пчол, іх звычкі. Пчалярству мяне навучыў дзядуля. А яшчэ я наведваў спецыяльныя курсы ў Мінску, чытаў шмат тэматычнай літаратуры. Для мяне гэта справа для душы.

Мужчына зазначыў, што негатыўны ўплыў на пчол аказвае хімічная апрацоўка раслін і палёў. У апошнія гады ўсё больш хімічных прэпаратаў для аховы ад шкоднікаў прымяняюць дачнікі. Ды і гэты год з-за ўмоў надвор’я не зусім спрыяльны для пчалярства. Аднак такія абставіны не падстава, каб згортваць справу.

– Вялікія ўчасткі навакольных палёў засяваюцца рапсам, а гэта выдатны меданос, – падкрэсліў Іосіф Лобач. – Акрамя таго, недалёка ад вёскі знаходзіцца лес. У населеным пункце растуць ліпы, садовыя дрэвы. Дарэчы, мой пчальнік значна павялічвае іх ураджайнасць. Сам я для севазвароту высаджваю фацэлію. Гэта адзін з лепшых меданосаў. Такім чынам, маючы неабходны вопыт і навыкі, заўсёды ёсць магчымасць атрымаць карысны салодкі прадукт.

Субяседнік заўважыў, што жыццё ў сталіцы і сельскім населеным пункце мае свае вартасці і недахопы. У вёсцы чалавеку заўсёды знаходзіцца нейкая справа. Тут у любы час адчуваеш сябе патрэбным. Гэта стымулюе жыццёвую энергію, падтрымлівае самаадчуванне, дае магчымасць адпачыць душой.

Грыбы любяць «жаўрукоў»

У час наведвання Пазнякоў давялося размаўляць з многімі мясцовымі жыхарамі. І ўсе яны з гонарам расказвалі пра сваю малую радзіму, дзяліліся думкамі і асабістымі ўражаннямі. Многія вярнуліся ў бацькоўскія дамы. Мужчыны і жанчыны клапоцяцца пра свае падворкі, наводзяць на іх парадак. Кветкавыя кампазіцыі і малыя архітэктурныя формы гарманічна выглядаюць ля вясковых дамоў.

Адзін з мясцовых жыхароў – Аляксандр Грышэль. Месца, дзе ён жыве, называецца Калінаўкай. Раней тут была панская сядзіба. Мужчына пераехаў у Пазнякі 36 гадоў таму.

– У населеным пункце жывуць і вяскоўцы, і дачнікі, – паведаміў субяседнік. – Жыццё ў сельскай мясцовасці мне падабаецца. Агарод дае вітамінную прадукцыю. Навакольныя лясы багатыя на грыбы і ягады. Праўда, каб назбіраць іх, трэба ісці ў лес як мага раней. Многія аматары ціхага палявання прыязджаюць на электрычцы і ствараюць канкурэнцыю.

Галоўнае, што цэніць на вёсцы мужчына, – адчуванне свайго дома, сваёй зямлі. Гэта пачуццё аб’ядноўвае ўсіх мясцовых жыхароў. Калі яно ёсць – малая радзіма будзе жыць!

Старонкі гісторыі

Як сказана ў кнізе «Памяць», вёска Пазнякі вядомая з XIX стагоддзя. У 1800 годзе населены пункт належаў пану Дышлевічу. Тут у двух дварах жыло 12 чалавек.

Пазней вёска ўваходзіла ў склад маёнтка Уша Ракаўскай воласці. У 1870-м яе ўладаром быў пан Ачакаўскі. У 1960 годзе ў вёску сселеныя жыхары вёскі Калінаўкі. У склад Аляхновіцкага сельсавета Пазнякі ўвайшлі ў 1964 годзе.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ