На цэнтральнай плошчы добраўпарадкаваная тэрыторыя, прыгажосцi якой могуць пазайздросцiць некаторыя малыя гарады. Маляўнічыя будынкi XIX стагоддзя зручна дапаўняе сучасны ландшафтны дызайн.
Менавiта тут велiчна iмкнецца да неба знакаміты касцёл Нараджэння Панны Марыі, пабудаваны ў 1914 годзе. Дата гэта афіцыйная, але мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што і сам храм, і будынкі вакол яго пабудаваныя ў 1903 годзе.
Магутная архiтэктурная кампазiцыя размешчана на ўзвышшы, таму калi глядзiш на яе, здаецца, што верхам яна дакранаецца да сонца. Большасць крыніц сцвярджае, што гэта самы высокі касцёл Беларусі. Яго вышыня складае каля 60 метраў!
Будаваўся ён на ахвяраванні вернікаў. За больш чым сто гадоў быў неаднаразова сур’ёзна пашкоджаны. У час Першай сусветнай вайны ў яго вежах размяшчаліся назіральныя пункты, якiя шмат разоў абстрэльвалi. У памяць аб падзеях таго часу ў сцены храма былі ўмураваныя два снарады, якiя пакідаюць моцнае ўражанне ў наведвальнiкаў. Здаецца, што нанесеныя чалавекам раны храм захаваў як напамiн аб тых падзеях, калi людзi знiшчалi адзiн аднаго і ў iх сэрцах не было месца для святасцi.
Разбураўся будынак i ў час Вялiкай Айчыннай вайны. Пасля яе заканчэння тут быў склад, затым зернясховішча, потым – спартыўная зала. Рэстаўрацыя касцёла пачалася ў 1988 годзе. Сёння прыгажосць храма не пакiдае абыякавым нiводнага чалавека. Касцёл з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і важнай славутасцю Беларусі, якой ганарацца не толькi жыхары Браслаўшчыны, але i ўсе грамадзяне нашай краiны.
Вандруючы па Відзах, складваецца ўражанне, што гісторыя пакідала ў гэтым пасёлку свае сляды, якія беражліва захоўваюцца мясцовымі жыхарамі. Гэта адчуваецца і ў будынках мінулых стагоддзяў, і ў назвах вуліц, якія не пераназывалі ў гады перабудовы (прыемна прайсціся па вуліцы Леніна і перайсці на Савецкую). Нават мясцовы аддзел па надзвычайных сітуацыях захаваў стылезаваную пад старажытнасць прыбудову і драўляны калодзеж. А невялікая прыгожая царква (тварэнне аднаго з мясцовых жыхароў), пабудаваная крыху больш за дзесяць гадоў таму, захавала павеў часу старажытнай хрысціянскай культуры.
Акрамя велiчнай архiтэктуры, мяне ўразiла вялiкая колькасць буслоў навокал. Бусел — сімвал Беларусі, міралюбівасці і мудрасці нашага народа. Гэту птушку любяць i ахоўваюць мясцовыя жыхары, у яе гонар яны ўстанавілі некалькi прыгожых скульптурных кампазiцый.
Вабіць турыстаў і прырода вакол пасёлка. Шматлікія азёры з вялiкiмi, прасторнымі пляжамі не пакідаюць абыякавымi аматараў адпачынку.
Бываюць месцы, пасля наведвання якіх адчуваеш своеасаблiвае ачышчэнне душы, лёгкасць успрымання і вызваленне ад цяжару сучаснага жыцця. Менавiта такiя пачуццi застаюцца пасля наведвання пасёлка Вiдзы.
Вандруйце па Беларусi — i вы даведаецеся пра шматлiкiя каштоўнасцi нашай самабытнай краiны!