Саламяныя ўмацаванні і разбураная царква
Да Крэва вядуць некалькі дарог. Я выбраў маршрут праз Смаргонь. Пралягае ён па цікавых і маляўнічых мясцінах. Праязджаем Лебедзева, Заскавічы, старажытныя паселішчы з слаўнай гісторыяй. У Смаргонскім раёне мінаем паварот на Залессе. Былыя «Паўночныя Афіны» пакідаюць незабыўныя ўражанні. На долю хвіліны ў прасвеце ляснога масіву паказваецца возера Белае, куды прыязджаюць рыбачыць многія жыхары Маладзечаншчыны.
А вось і крэпасць. Яна нагадвае Крэўскую, але знаходзіцца чамусьці ля Смаргоні. Ды і пабудавана з саломы… Незвычайная кампазіцыя звяртае на сябе ўвагу. Такім чынам на Смаргоншчыне папулярызуюць славутасці раёна.
Ад Смаргоні да Крэва маршрут ідзе па лініі фронту Першай сусветнай вайны. Уздоўж былых акопаў пракладзена добраўпарадкаваная аўтадарога. Сведчанні жорсткіх баёў добра захаваліся. Ля абочыны бачны нямецкі бетонны дот. Выбух вывернуў яго з зямлі і паваліў на бок.
Выбоіны ад прамых пападанняў снарадаў захаваліся на сценах царквы ў вёсцы Наваспаск. Згодна з паданнем у храме замураваны скарб.
Грошы на вецер
Вось што не чакаеш убачыць у ваколіцах старажытнага Крэва, дык гэта ветраэнергетычныя ўстаноўкі. Тут іх дзве. Магутнасць кожнай – 650 кВт.гадз. Такое спалучэнне гісторыі і перадавых тэхналогій выклікае гонар. Міні-ветрапарк бачны здалёк. У яго стварэнне інвесціравала сродкі кампанія з беларуска-літоўска-расійскім капіталам. Землі гэтых краін калісьці ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Вось такая атрымалася сумесная гаспадарчая дзейнасць.
Крэва вельмі ўтульны, дагледжаны населены пункт. На цэнтральнай плошчы створаны невялікі гідрапарк. На ўзгорках стаяць царква і касцёл. А вось замак «спусціўся» ў нізіну. Знаходзіцца ён у месцы зліцця рэчак Краўлянкі і Шляхцянкі. Пойма іх забалочаная. У час асады гэта дапамагала трымаць абарону. Цяпер турыстам даводзіцца абараняцца хіба што ад мясцовых качак, якія настойліва патрабуюць «мытны збор» хлебам і печывам.
З міру па камяні
Выгляд замка вельмі змяніўся за час рэканструкцыі. Няма груд камянёў (як было некалькі гадоў таму). Адна з вежаў (Княжацкая) закансерваваная. Адноўлена абарончая паўночна-заходняя сцяна. Ля ўвахода ў замак прадаюцца сувеніры.
Некалькі турыстаў аглядалі ваколіцы. Я пазнаёміўся з мясцовым жыхаром.
— Для аднаўлення сцяны было выкарыстана некалькі 20-тонных машын камення і чатыры самазвалы будматэрыялаў, — паведаміў мужчына. – Раствор для кладкі вырабляўся па ўнікальным рэцэпце. Яго адметнасць – мінерал, які звязвае соль і папярэджвае яе з’яўленне на кладцы. Інакш сцяна хутка разбурыцца, бо стаіць на забалочанай глебе.
Субяседнік задаволены, што замак рэканструюецца. Дзякуючы гэтаму ў Крэва прыязджае больш турыстаў. У мясцовых жыхароў з’явілася дадатковая магчымасць зарабіць грошы. Адны прымаюць гасцей на сваіх аграсядзібах, іншыя прапануюць паслугі ў якасці гідаў. У апошні час сюды пераехалі некалькі сем’яў. Людзі ўбачылі перспектыву адраджэння малой радзімы.
— А вы падыміцеся на Юраву гару, — звярнуўся да мяне яшчэ адзін мясцовы жыхар. – Раней там было язычніцкае капішча, стаялі камяні-абярэгі. Згодна з паданнем кожнаму, хто падымаецца на вяршыню, будзе спадарожнічаць поспех. Скарыстайце такі шанц!
Так і зрабіў. Камянёў на гары цяпер няма. Затое з вяршыні адкрываецца цудоўны від. А яшчэ нехта зрабіў там арэлі. Гойдаешся на іх, быццам у небе лунаеш. Не верыце?
Тады вам у Крэва па новыя эмоцыі і адчуванні.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.