Але спачатку крыху гісторыі. У Першую сусветную Смаргонь была адзіным горадам на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, які доўга і ўпарта (810 дзён і начэй) абараняла руская армія. Адна з ліній умацаванняў называлася «Залатая горка». Знаходзілася яна на выездзе з горада ў бок Вілейкі і была занятая нямецкімі войскамі. З пануючай вышыні нямецкая артылерыйская батарэя наносіла рускім вялікі ўрон.
Рускае камандаванне вырашыла пераламаць сітуацыю. Для гэтага салдаты выкапалі пад варожыя пазіцыі шматметровы тунэль. Сапёры выносілі мяшкі з зямлёй у тыл на 400-500 крокаў, ссыпалі яе і маскіравалі. Работамі на працягу месяца займаліся каля тысячы чалавек. Выбух адбыўся раніцай 3 ліпеня 1916 года. Рускія пайшлі ў атаку і ўзялі вышыню.
Сёння лінія ўмацаванняў «Залатая горка» ўваходзіць у турыстычны маршрут, прысвечаны Першай сусветнай вайне. Недалёка знаходзіцца мемарыял памяці ахвяр таго ваеннага канфлікту. Турыстам і аматарам гісторыі будзе цікава наведаць яго. Ад мемарыяла накіруемся да былой лініі фронту.
На транспартным кальцы з фігурай мядзведзя паварочваем направа, увесь час трымаемся ўзлеску, прапускаем паварот на дарогу з указальнікам «Автодром ДОСААФ», а на наступнай развілцы збочваем налева і паглыбляемся ў лес.
Спецыяльнага ўказальніка на аб’ект няма, таму не прамахніцеся.
Праз некалькі дзясяткаў метраў бачым паляну. На ёй лінія рэстаўраваных траншэй. У час Першай сусветнай іх займалі рускія салдаты. Міжволі падумаў, наколькі блізка гэта ад горада. Зразумела, чаму Смаргонь была амаль цалкам разбурана.
У цэнтры паляны ўстаноўлены праваслаўны крыж. На саму паляну мясцовыя жыхары прыязджаюць адпачываць. Там, дзе больш за стагоддзе таму рваліся снарады, свісталі кулі, сцяліўся па зямлі атрутны газ, сёння гуляюць дзеці. Пра былыя падзеі нагадвае інфармацыйная шыльда.На дне варонкі ад выбуху ўстаноўлены крыж.
Варта паглыбіцца ў лес, і можна ўбачыць бясконцыя лініі траншэй. Сёння ўжо цяжка зразумець, нямецкія гэта былі ўмацаванні або рускія. Уражваюць канцэнтрацыя абарончых пазіцый і малая адлегласць паміж імі. Гэта значыць, праціўнікі выдатна чулі, што робіцца ў варожых акопах.
І ў такіх абставінах рускім сапёрам трэба было таемна вырыць тунэль, умацаваць яго бярвёнамі, закласці тоны ўзрыўчаткі. Сапраўды, ратная праца — штодзённы подзвіг, кроў, бруд, стрэс, безумоўнае падпарадкаванне загадам, вера, што аддасі жыццё нездарма. Гэта не прыгожыя пастановачныя «кіношныя» карцінкі. Каб адчуць, наколькі страшная вайна, трэба часцей бываць у такіх месцах.
Гіганцкая варонка ад выбуху пад нямецкімі пазіцыямі захавалася да гэтага часу. Яна адзіная ў Беларусі падобнага памеру. Яе глыбіня — 8 метраў, радыус — некалькі дзясяткаў. У яме вырас лес. На дне ўстаноўлены крыж. Да яго вядуць прыступкі. Побач можна ўбачыць яшчэ варонкі. Як сведчаць гісторыкі, на Смаргоншчыне падземная вайна вялася ў некалькіх месцах.
Так, усе войны пакідаюць шрамы на зямлі, калечаць лёсы людзей, нясуць спусташэнне. Памяць пра былыя падзеі ў Беларусі беражліва захоўваецца. Нашы землякі як ніхто разумеюць, што значыць жыць пад мірным небам.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і інтэрнэт-крыніцы.