Новости Молодечно и Молодечненского района

Вандруем па cвятынях

  • 2025-04-07 06:41:48

Стагоддзямі людзі шукалі сэнс жыцця і крыніцу натхнення ў веры і ў Богу. Яны будавалі касцёлы, капліцы, што станавіліся сімваламі набожнасці і надзеі. Адзін з такіх будынкаў знаходзіцца ў Дубраве – гэта касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які ўражвае сваімі памерамі і архітэктурнай прыгажосцю. Аповед пра яго напоўнены загадкамі і сюрпрызамі.

Упершыню ў летапісных крыніцах вёска Дубрава ўпамінаецца ў 1453 годзе, калі беларускія шляхціцы Глябовічы пабудавалі тут названы касцёл. Аднак, магчыма, гаворка ідзе не пра яго будаўніцтва, а толькі пра стварэнне самастойнага фонду і прызначэнне святара.

Новы касцёл на гэтым месцы адбудаваў (ён быў зруйнаваны ў час вайны з Маскоўскім царствам) Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, які ў 1576 годзе надзяліў святыню і новым фундушам.

Храм быў зноў сур’ёзна пашкоджаны ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гг. Каля 1670 г. адбываецца рэканструкцыя храма пасля разбурэнняў у вайне, фінансаванне было за кошт сродкаў Марцыбяліны Глябовіч. Разбураная вайной парафія не магла існаваць самастойна і ў 1680-1740 гг. перайшла ў ранг філіяльных пры Краснасельскай парафіі.

Намаганнямі Матэвуша Марцінкевіча касцёл у 1725 годзе быў адноўлены. Але пакуль дзесяцігоддзямі ішлі доўгія судовыя працэсы паміж Марцінкевічамі, Сапегамі і Пшаздзецкімі аб тым, хто з’яўляецца гаспадаром Дубрава, ніхто не ахвяраваў грошай на святыню, і яна занядбала. Толькі ў 1744-м Матэвуш Марцінкевіч вяртаецца да спраў фундатарскіх і будуе новы драўляны касцёл.

У 1787 годзе адбыўся пажар у касцёле, і ён згарэў. У 1791-м мястэчка становіцца ўласнасцю мінскага ваяводы Адама Міхала Станіслава Хмары, кавалера ордэна Станіслава і Белага Арла. Адам Хмара зрабіў бліскучую кар’еру ад лоўчага (загадванне лясной гаспадаркай, паляванне) да мінскага ваяводы. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай ён прысягнуў на вернасць Кацярыне II і атрымаў тытул тайнага саветніка, а пасада мінскага ваяводы была скасаваная.

Адам Хмара ўзвёў у сваіх уладаннях два касцёлы. Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі (1791-1802 гг.) быў пабудаваны недалёка ад маёнтка Сёмкава (цяпер в. Сёмкаў Гарадок). А 4 студзеня 1796 года пачалося будаўніцтва другога касцёла з фонду Адама Хмары. Гэта быў цагляны будынак, прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубраве. Так на ўзгорку над мястэчкам узвысіўся касцёл у стылі класіцызму. Адначасова Дубраву вярнулі статус самастойнай парафіі. Будаўніцтва завяршылася праз некалькі гадоў, і 3 чэрвеня 1805 года касцёл быў асвечаны мінскім біскупам Якубам Дэдэркам.
У цэнтры храма размяшчаўся абраз Маці Божай, які Адам Хмара сам ахвяраваў касцёлу. Але, на жаль, фундатар не дачакаўся заканчэння будаўніцтва, у тым жа годзе Адам Хмара памёр. Яго пахавалі ў сутарэннях касцёла. Існуе нават дакумент, выдадзены ў друкарні Юзафа Завадскага ў Вільні ў 1806 годзе, у якім зроблена вельмі падрабязнае апісанне пахавальнай дзеі з раскрыццём многіх дэталяў «жалобнага тэатра». Пазней сутарэнні святыні сталі радавым склепам і для трох пакаленняў яго нашчадкаў.

Крыху больш чым за 60 гадоў касцёл спраўна выконваў свае функцыі, але пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. быў закрыты, у 1868-м – перададзены праваслаўным, а ў 1884-м – перабудаваны пад царкву.

Пасля царскага маніфеста 1905 года аб волі сумлення католікам дазволілі ўзвесці ў Дубраве драўляную капліцу. Але цалкам парафія адрадзілася толькі ў міжваеннае дзесяцігоддзе. У 1919-м будынак вярнулі католікам, і ў 1926-1929-х гадах ён зведаў яшчэ адну рэканструкцыю з мэтай надання аблічча Рымска-каталіцкага храма.

У 1944-1948 гг. пробашчам быў ксёндз Ян Такарскі SDB (SDB – таварыства св. Францыска Сальскага). 16 чэрвеня 1948 года святара арыштавалі. З гэтага часу пачалося занядбанне касцёла: у чэрвені 1948-га яго закрылі, а ў 1949-м – перадалі Дубраўскаму спіртзаводу пад склад, і з часам ён ператварыўся ў руіны.
Да 1980 года касцёл быў у добрым стане, накрыты дахам. Яго не пашкодзілі войны, ён знаходзіўся на тэрыторыі трох краін, паспеў пабыць сховішчам, а знішчылі яго пажар і бяспечнасць студэнтаў. У 1980-я гады яны прыехалі на сельгасработы ў вёску, расклалі агонь на даху былога касцёла. У выніку будынак выгараў, засталіся толькі сцены і калоны. Сёння пра былую веліч старажытнага касцёла нагадваюць мураваныя сцены ды рэшткі калон.

15 мая 2024 года касцёл атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і быў уключаны ў Дзяржаўны спіс ГКК 3-й катэгорыі. А ў 2025-м яго чакаюць некалькі важных дат для святкавання і захавання памяці: 30 мая – 220-я гадавіна з дня смерці Адама Хмары; 3 чэрвеня – 220 гадоў з дня асвячэння касцёла; 20 снежня (па іншых звестках 22 снежня) – 305 гадоў з дня нараджэння Адама Хмары.

Сёння ад нас з вамі залежыць, якім будзе далейшы лёс гэтай святыні.

Таццяна ШУМЕЛЬ