Чаму вадзяныя млыны будаваліся на Заходняй Бярэзіне? Рака ж невялікая, расход вады малы. Аднак яна праразае Мінскае ўзвышша, таму мае значныя перапады і хуткае цячэнне. У выніку ў даліне зручна ствараць вадасховішчы.
Адметная і кладка сцен будынка. Пры будаўніцтве прымяняліся камяні. Узоры падобнай тэхналогіі сустракаюцца па ўсёй Беларусі. Такім чынам дойліды не ва ўрон якасці змяншалі кошт работ. Камяні — прыродны матэрыял. Іх у наваколлі хапае. У сценах бачныя нават фрагменты жорнаў. Такая кладка вельмі трывалая. Ды і выглядае маляўніча.
Ля млына захаваліся рэшткі гідратэхнічных збудаванняў. Можна ўбачыць сцены шлюза, на якім былі ўстаноўлены вялікае кола або турбіна. Энергія кручэння перадавалася на вал, ад яго праз сістэму шасцерань — на жорны. І жорны, і адсек, дзе былі зманціраваны механізмы, можна ўбачыць нават цяпер.
Дарэчы, на адным з жорнаў бачныя завадское таўро і дата «1978 год». Шлюз быў абноўлены ў 1956-м, пра што сведчыць пакінуты будаўнікамі надпіс. Сам будынак выкарыстоўваўся да 90-х гадоў мінулага стагоддзя як гідратэхнічнае збудаванне. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што ў перыяд перад закрыццём млын працаваў на электрычнасці, а не на энергіі вады.
Трэба адзначыць, што людзі ў нашым краі навучыліся выпрабоўваць энергію вады шмат стагоддзяў таму. Селячыся на берагах рэк, нашы продкі будавалі млыны, у якіх малолі збожжа, рэзалі дошкі, валялі сукно.
Вадзяныя млыны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў XII-XIII стагоддзях, асабліва пашырыліся ў XVI-XVIII. Шырока выкарыстоўваліся яны да XX стагоддзя. Уладальнікамі млыноў былі купцы, дзяржава, манастыры і багатыя людзі, але першапачаткова іх пачалі будаваць у манастырах і пры гаспадарках князёў.
У ХVІІІ — першай палове ХХ стагоддзя вадзяныя млыны былі лакальнымі цэнтрамі эканамічнага і грамадскага жыцця рэгіёна. Такім чынам, Заходняя Бярэзіна стварала ўмовы для развіцця гаспадаркі ў гэтым куточку Маладзечаншчыны.
Ля Пятроўшчынскага млына за дамбай знаходзіцца ўтульнае вадасховішча. Тут на ўлонні прыроды можна палюбавацца краявідамі, выпрабаваць рыбацкае шчасце, падыхаць лясным паветрам з фітанцыдамі. А заадно агледзець узор аб’екта зялёнай энергетыкі пазамінулага стагоддзя. Вось вам і чарговая ідэя для падарожжа выхаднога дня…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.