Знаходзяцца Абадоўцы недалёка ад вёскі Ілья. Ад Маладзечна да населенага пункта вядзе асфальтаваная дарога. У час падарожжа можна любавацца прыгожымі краявідамі, асабліва ў раёне Вілейскага вадасховішча. Месцазнаходжанне былой сядзібы выдае старажытны парк. Многія дрэвы ў ім узнеслі свае кроны на дзясяткі метраў. На іх і трэба арыентавацца.
Адзначым, што сядзіба была ўзведзена каля 150 гадоў таму. Род Багдановічаў меў некалькі сядзіб, але фамільнае гняздо знаходзілася менавіта ў Абадоўцах. Гаспадарка дзесяцігоддзямі ўтрымлівалася ва ўзорным парадку і чысціні. Нават цяпер некаторыя будынкі з поспехам эксплуатуюцца.
Калі падыходзіш да былой сядзібы, адразу звяртаеш увагу на будынак вінакурні. Вялікія стральчатыя вокны дазвалялі асвятляць памяшканні ў светлы час сутак. Спецыялізаваўся маёнтак на вытворчасці спірту. У тыя часы значная колькасць этанолу выкарыстоўвалася ў якасці аўтамабільнага паліва і пастаўлялася на экспарт.
Спірт на сядзібе выраблялі з бульбы і збожжавых культур. Вялікія аб’ёмы вытворчасці патрабавалі механізацыі сельскагаспадарчых работ. І яна шырока прымянялася. Доказ -- гаражы для сельгастэхнікі, якія выдатна захаваліся. Пры Багдановічах дзейнічала яшчэ і кузня, дзе рамантавалі тэхніку. А запраўлялі трактары і машыны спіртам мясцовай вытворчасці.
Праз дарогу насупраць вінакурні можна ўбачыць рэшткі кароўнікаў. Навошта гаспадары ўтрымлівалі буйную рагатую жывёлу? Гной ад яе выкарыстоўваўся як угнаенне для вырошчвання тых жа бульбы і збожжавых. А яшчэ каровы «ўтылізавалі» барду (адходы спіртавой вытворчасці).
За некалькі дзясяткаў метраў ад былых кароўнікаў знаходзіцца будынак незвычайнай архітэктуры -- малочная. Раней тут на першым паверсе выраблялі сыры, якія высока цаніліся. Такім чынам перапрацоўвалася малако ад усяго статка. На другім паверсе жылі сыравары.
За малочнай, калі рухацца ад вінакурні, знаходзіцца невялікі домік агародніка. Збоку відаць лесвіца, якая вяла ў склеп, дзе размяшчаўся зімні сад. Домік гэты цяпер жылы.
Ад панскага дома да нашага часу захаваліся толькі падмурак і частка лесвіцы. Дом быў драўляны, аднапавярховы. І, што цікава, ад месцажыхарства землеўладальнікаў да кароўнікаў не больш за 200 метраў. Мясцовыя жыхары ўпэўнены, што Багдановічы не жылі б так блізка ад аб’екта жывёлагадоўлі, каб ад яго ішоў спецыфічны «водар». Значыць, ад яго ўмелі пазбаўляцца.
Як адзначалася вышэй, на тэрыторыі сядзібы былі ўзведзены жылыя памяшканні для персаналу. Дзякуючы гэтаму рабочая сіла заўсёды была ў наяўнасці. Гэта зручна для работнікаў і рацыянальна для вытворчасці. А яшчэ вырашалася пытанне падрыхтоўкі кадраў. Моладзь на месцы вучылася прафесійнаму майстэрству, пераймала вопыт.
Цэнтральнае месца на тэрыторыі сядзібы займаў парк прамавугольнай формы, па перыметры акружаны алеямі. У парку рэгулярна праводзяцца суботнікі па добраўпарадкаванні. Недалёка ўзведзена капліца.
Асабіста мяне сядзіба Багдановічаў уразіла тым, што амаль паўтара стагоддзя таму на яе базе быў створаны сапраўдны вытворчы кластар. Вытворчасць спірту (профільнай прадукцыі з высокай прыбавачнай вартасцю) спрыяла ўкараненню перадавых на той час тэхналогій. Таксама развіваўся спадарожны бізнес -- вытворчасць сыроў і мяса. Рос гандаль. Усе эканамічныя аспекты старанна прапрацоўваліся. Належная ўвага надавалася эстэтыцы і лагістыцы.
Дарэчы, і на Маладзечаншчыне вінакурні служылі кропкамі эканамічнага росту для тэрыторыі. І ў нашым раёне ля іх узводзіліся сядзібы, разбіваліся паркі. На вытворчасць прыцягваліся работнікі. Такім чынам, сакрэты паспяховага вядзення бізнесу ў сельскай мясцовасці на нашых землях вядомы даўно.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР, інтэрнэт-рэсурсы, сайт газеты «ШЛЯХ ПЕРАМОГІ».