Удзячная сыну за Парыж
Парыжам Люба «захварэла» яшчэ калі вучылася ў трэцяй школе: разам з французскай мовай увабрала ў сябе захапленне гэтым горадам. Але ён здаваўся такім далёкім і недасягальным у школьныя гады і калі скончыла медінстытут і пайшла працаваць спачатку педыятрам, затым неанатолагам. Сямейныя клопаты, адказная работа, звычайная зарплата… Хіба толькі ў думках Люба гуляла па Елісейскіх палях і Люксембургскім садзе. Але жыццё іншы раз дае нам шанц, галоўнае, не ўпусціць яго. На яе юбілей сын Дзмітрый літаральна ўзяў матулю за руку і адвёў у адно са сталічных турагенцтваў, каб падарыць ёй тур у Парыж, ведаў, што гэта горад яе мары. Любоў прызнаецца, што ў першае падарожжа ехаць было страшнавата: адна сярод незнаёмых людзей, няблізкі шлях... Аднак як толькі аўтобус адправіўся са сталічнай станцыі Дружнай, усе сумненні развеяліся, і яе не пакідала адчуванне шчасця ад новых уражанняў, знаёмстваў. І з кожнай чарговай паездкай гэтыя эмоцыі ўзмацняліся: «Вельмі люблю «калёсныя» падарожжы! Гэта вялікае задавальненне: раніцай прачнуцца ў незнаёмым атэлі, схадзіць на сняданак у стылі шведскага стала, зноў сесці ў аўтобус і не ведаць, якія адкрыцці цябе чакаюць на працягу дня…».
Першым у дэбютным туры быў Амстэрдам – утульны горад з казачнымі домікамі, з якіх, здавалася, зараз выйдуць гномы. «Потым я разоў пяць была ў гэтым гора-дзе, адчуваю сябе там камфортна і лёгка».
І ўсё ж галоўная мэта – Парыж! І ён не расчараваў. Наадварот, аказаўся яшчэ больш атмасферным, велічным, чым уяўляўся ў дзяцінстве. Калі ў першы раз Любоў пабывала на стандартных азнаямленчых экскурсіях, то ў наступныя два наведванні шмат гуляла сама. Аднойчы нават заблудзілася зімовым вечарам, выручыла нядрэнная француз-ская ды… правіла малыша Янота з папулярнага савецкага мультфільма: «Усміхайся! І табе ўсміхнуцца ў адказ. І абавязкова дапамогуць». Большасць турыстаў прагульваецца па правым беразе Сены. Дапытлівая Любоў даследавала і левы, выпіла кавы з круасанам у адным з утульных кафэ на самым беразе ракі. А як забыць атмасферу вераснёўскага Люксембургскага саду: танцпляцоўка, металічныя крэслы, студэнты з кубкам гарбаты і кнігай у руках – як у кіно. І якое шчасце, што гэта не пастановачныя кадры, што ўсё адбываецца на самай справе! Не пашкадавала грошай на білет у кардэбалет у «Мулен Руж» і, безумоўна, у Луўр. Гэты музей пакінуў незабыўны след, хаця, прызнаецца, што ля «Моны Лізы» яркіх эмоцый не адчула і, нібыта герой аднаго з апавяданняў Міхаіла Велера, прымушала сябе ўразіцца…
У наступных паездках Любоў Станіславаўна падарожнічала па поўначы Францыі, любавалася замкамі Луары, востравам-крэпасцю Мон-Сэн-Мішэль, Нармандыяй, каштавала смаўжоў на дзвюх самых вядомых фермах. «Яны вам спадабаліся?» — не ўтрымалася я ад пытання. «Гэта не важна, галоўнае, што я іх ела…». Яна прытрымліваецца правіла: калі ёсць магчымасць, трэба ўбачыць як мага больш, абавязкова пакаштаваць нацыянальную кухню, каб потым не шкадаваць, што мог гэта зрабіць, але ўпусціў шанц. Мая субяседніца добра арыентуецца па карце, не баіцца адступіць ад асноўнага маршруту, самой паехаць у месца, якое зацікавіла. У Італіі, напрыклад, яна адна адправілася на востраў Капры, адкрыла для сябе яго прыгажосць.
Патэльня для паэльі і шапачка з цвіду
Цікава было даведацца, якія сувеніры прывозіць мая субяседніца з далёкіх вандровак. «Канкрэтную калекцыю не збіраю, праўда, па адным магніціку з кожнай краіны вязу абавязкова, як жа без іх, — расказвае Любоў Станіславаўна. — Купляю тое, што спадабаецца, што, узяўшы ў рукі, не магу выпусціць. Так у Іспаніі не захацела расстацца з лялькай у выглядзе шасцімесячнага малыша. Магчыма, яна з маёй работай асацыіруецца, хаця і з яшчэ меншымі дзеткамі працую… Пра Іспанію мне нагадвае і патэльня для прыгатавання паэльі — нацыянальнай стравы з рысу, курыцы, качкі, морапрадуктаў, якую мы каштавалі ў Валенсіі. А калі гляджу на керамічную парачку, якая танцуе фламенка, радуюся, што пашчасціла ўбачыць, як іспанцы выконваюць гэты танец, прычым не толькі сцэнічны варыянт, але і аўтэнтычны. Вачэй не магла адвесці: танцоры вельмі грацыёзныя, трапяткія, у іх рухах столькі пачуццяў! У Лісабоне ўражваюць вуліцы, выкладзеныя каляровай пліткай, якую выпускаюць у гэтай краіне. Уяўляеце, і машыны па ёй ездзяць, настолькі яна трывалая. Пано з падобнай пліткай я прывезла дадому. А ў Англіі купіла шапачку з цвіду і кашаміравы шалік, а яшчэ – фігурку паліцэйскага, якіх там называюць «бобі».
Слоўнік турыста, карта і нічога лішняга
З кожным чарговым падарожжам дарожны чамадан Любові Станіславаўны становіцца меншым. Нічога лішняга, мінімум рэчаў – яе правіла. А вось рыхтуецца да паездкі задоўга. У цэнтральнай раённай бібліятэцы абавязкова бярэ кнігі пра краіну, куды збіраецца. Калі ёсць магчымасць, стараецца прачытаць і мастацкія творы, паглядзець кінафільмы, каб адчуць каларыт краіны. Нямала цікавай інфармацыі знаходзіць у інтэрнэце. Абавязкова складае сабе слоўнік турыста: самыя запатрабаваныя словы і фразы на мове краіны, куды збіраецца ехаць. У час экскурсіі гэты слоўнік папаўняецца. Расказвае, што пасля падарожжа ў Італію вывучыла нямала слоў – гэта мова лёгка запамінаецца. Нельга не здзіўляцца, як падрабязна, з назвамі, цытатамі пісьменнікаў Любоў Станіславаўна можа расказваць пра месцы, дзе ёй пашчасціла пабываць. Яна памятае назвы замкаў, правіцеляў, якія іх узводзілі, ведае шмат легенд, цікавых гісторый.
Рыжых мала, туманаў няма
«Пабывала ў Англіі і развянчала для сябе многія міфы, — з усмешкай расказвае пра апошняе падарожжа мая субяседніца. – Людзей з рыжымі валасамі ў Ірландыі мне сустрэлася вельмі мала. І туманаў там не было. Наогул, вельмі зялёная, спакойная краіна з палямі, лясамі і ўзгоркамі, старажытнымі разбуранымі замкамі, гукамі валынкі, знаёмымі і беларусам. Сустракалі на вуліцах і мужчын у кілтах – нацыянальным адзенні, якое яны апранаюць у асабліва ўрачыстыя моманты». Любоў Стані-славаўна пабывала ў Эдзінбургу, Глазго, Дубліне, іншых гарадах. Лондан – нібы асобная дзяржава, уражвае сваёй велічнасцю. «На беразе Сены я піла каву, на беразе Тэнзы – гарбату», — усміхаецца мая субяседніца. Адзначае, што англічане з вялікай павагай ставяцца да каралеўскай сям’і.
Услед за марай
Любоў Станіславаўна адкрыта ўсяму новаму, яе многае цікавіць. Расказвае, што ўслед за сынам закончыла ў Мінску курсы па гештальт-тэрапіі. «Дзякуючы ім змянілася маё ўспрыняцце жыцця, я перастала быць перфекцыяністкай», — гаворыць мая субяседніца. А нядаўна яна пайшла на курсы польскай мовы, каб адчуваць сябе больш свабодна ў суседняй краіне, дзе цяпер жыве і працуе яе сын. «Галоўнае, не саромецца размаўляць на замежнай мове, не баяцца нешта сказаць няправільна і быць смешным», — лічыць мая субяседніца.
Чым больш падарожнічаеш, тым больш разумееш, колькі ў свеце ўсяго цікавага, чаго ты яшчэ не бачыў. Толькі вернешся — і зноў пачынаеш марыць пра новую вандроўку. Наступныя краіны, якія хоча адкрыць для сябе Любоў Станіславаўна, — Нарвегія і Ісландыя. Спадзяецца, што абавязкова пракоціцца на карабліку па ф’ёрдах, палюбуецца горнымі вадаспадамі, і гэта будзе новая незабыўная старонка жыцця…
Фота: архіў Любові ЛЫСКО.