Леў Сапега і яго «беларускі Версаль»
Палацавы комплекс у гарпасёлку Ружаны Пружанскага раёна на Брэстчыне называюць «беларускім Версалем». І хаця ад былой яго велічы засталося нямнога, нярэдка можна пачуць, што тут павінен пабываць кожны беларус, які цікавіцца гісторыяй сваёй краіны. А для жыхароў нашага горада палац у Ружанах асабліва цікавы, бо яго ўладаром, як і гаспадаром Маладзечна ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя, быў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега.
На жаль, войны, пажары, вандалы разбурылі архітэктурны шэдэўр, узведзены саксонскім скульптарам Янам Самуэлем Бекерам, якому ўдзячныя Сапегі прызначылі пажыццёвую пенсію. Рэстаўрацыя палацавага комплексу пачалася ў 2008 годзе. На сёння адноўлены ўваходная брама, заходні і ўсходні флігелі, у якіх размясціўся музей роду Сапегаў. Вядзецца рэканструкцыя ўсходняга корпуса. Мы звярнулі ўвагу, што яго сцены пафарбаваныя ў зялёны колер. Аказваецца, менавіта такімі яны, а таксама дах, былі пры Сапегах. Уваходны білет у музей каштуе 4 рублі. Фатаграфаваць там не забараняецца. Цікава было пачуць ад экскурсавода, што па легендзе з Ружанскага ў Косаўскі замак можна было трапіць па падземным тунэлі даўжынёй у 25 метраў. Даведаліся і пра тое, што пры Сапегах у замку быў адзін з найбуйнейшых у Еўропе тэатр, у якім налічвалася 60 акцёраў і 40 музыкантаў. Сюды з візітамі прыязджалі каралі, а ў падвалах палаца захоўвалася дзяржаўная казна Вялікага Княства Літоўскага.Ля ўваходнай брамы Ружанскага замка.
Калі прайсціся да цэнтра Ружанаў па вуліцы Савецкай, можна ўбачыць некалькі дзясяткаў драўляных скульптур гістарычных асоб, якія жылі ці прыязджалі ў замак. Тут і сам Леў Сапега, яго сын Казімір, польскі кароль Уладзіслаў, каралева Бона Сфорца. Такі падарунак Ружанам зрабілі ў 2013 годзе ўдзельнікі пленэра рэзчыкаў па дрэве.
У царкве Пятра і Паўла мы памаліліся ля іконы Ружанскай Божай Маці XVII стагоддзя. Калі падышлі да царквы, яна была зачыненай. «Стукайце — і вам адчыняць», — прыгадалі словы з Бібліі. І сапраўды, хаця служба скончылася, бацюшка быў у храме, адчыніў нам…
Непадалёк ад царквы знаходзіцца і 400-гадовы Траецкі касцёл, дзе ёсць лаўка, на якой маліліся прадстаўнікі роду Сапегаў.Цэнтр Ружанаў упрыгожваюць драўляныя скульптуры.
Легенды Косаўскага замка
Бачыла Косаўскі замак на здымках, аднак выйшла з аўтобуса — і ахнула: настолькі ён велічны і не падобны на іншыя. Ды яшчэ стаіць на ўзвышшы: здаецца, яго зубчастыя вежы ўпіраюцца ў аблокі. Вежаў, дарэчы, дванаццаць — па ліку месяцаў года. Чатыры з іх самыя высокія, сімвалы ўраджайных месяцаў — мая, чэрвеня, ліпеня і жніўня. Па дарозе мы даведаліся, што ўзведзены замак у 1838 годзе ў стылі неаготыкі. Было ў ім 132 пакоі, а залы мелі назвы – белая, ружовая, залатая, сярэбраная… Згодна з легендамі, у параднай зале была шкляная падлога, пад якой плавалі залатыя рыбкі. А па начах па калідорах тут хадзіў леў, які ахоўваў замак. І яшчэ адна легенда, пачутая ад экскурсавода. Жонка ўладара замка Пуслоўскага вельмі любіла катацца на санях. Муж, каб дагадзіць ёй, загадаў летам насыпаць «снежную» дарогу з солі, якая на той час была вельмі дарагой. Усе сяляне выйшлі падзівіцца на такое відовішча, а самі неўпрыкмет ссыпалі ў торбы соль…Маладзечанцы на фоне велічнага Косаўскага замка.
Замак Пуслоўскіх знаходзіцца ў адным з самых малых гарадоў нашай краіны Косава ў Івацэвіцкім раёне Брэстчыны. З 2008 года тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы, ЮНЕСКА прызнала замак перспектыўным аб’ектам міжнароднага турызму і выдзеліла 50 тысяч долараў. Цяпер можна любавацца не толькі яго вонкавым убранствам, але і зайсці ўнутр. Уваходны білет каштуе 5 рублёў. І хаця экспазіцыя музея аформлена не поўнасцю, мы прайшліся па белай зале, любаваліся адноўленымі інтэр’ерамі – фрэскамі, французскім камінам, мэблевымі гарнітурамі, старадаўнім посудам. Паралельна пара маладых ладзіла тут фотасесію, аказваецца, прама ў замку размешчаны мясцовы ЗАГС. Ёсць тут і рэстаран, гасцініца.
Зусім побач знаходзіцца дом-музей кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі, побач – двухметровы бронзавы помнік вядомаму беларусу. Непадалёк – кафэ «У Тадэвуша» з утульнымі альтанкамі, драўлянымі масткамі праз азярцо. Ля падножжа замка майстры прадаюць сувеніры. Мы пазнаёміліся з Уладзімірам Літвінчуком, ганчаром з Бярозы, які асвоіў выраб гартаванай керамікі па старадаўніх традыцыях. Акрамя посуду Уладзімір прапануе і арыгінальных буслоў – сімвал Беларусі. Гаворыць, што яны карыстаюцца попытам, асабліва ў замежных турыстаў. Майстар не толькі расказвае пра рэдкі від керамікі, але і беларускія песні спявае…Ганчар з Бярозы Уладзімір Літвінчук вырабляе гартаваную кераміку старажытным спосабам.
Любчанскі замак аднаўляюць валанцёры
У гэтым адметнасць 400-гадовага замка ў вёсцы Любча Навагрудскага раёна: ён рэстаўрыруецца сіламі валанцёраў і выключна на сродкі дабрачыннага фонду. У Любчу мы прыехалі вечарам, на замак любаваліся пры святле месяца. Ён размешчаны на крутым беразе Нёмана. У таямнічым святле ліхтароў разглядалі дзве вежы, якія практычна адноўлены, сцяну паміж імі. У самім замку, дзе раней была школа, работы пакуль не вядуцца. Цікава, што ініцыятарам рэстаўрацыі стаў неабыякавы мясцовы жыхар Іван Пячынскі. Ён стварыў дабрачынны фонд, атрымаў у Міністэрстве культуры дазвол на рэстаўрацыю і спачатку вёў яе на ўласныя зберажэнні. Пазней знайшліся іншыя спонсары. У планах поўнасцю аднавіць аблічча замка 1654 года, каб ён стаў яшчэ адным запатрабаваным турыстычным аб’ектам Беларусі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, Яўгеній СТЭЛЬМАХ.