Сыпаў снег, дзьмуў пранізлівы вецер, неба засцілалі нізкія аблокі. Аднак удзельнікі свята гэтага нават не заўважалі. Яны спявалі традыцыйныя веснавыя песні, вадзілі карагоды, ладзілі гульні. Працаваў кірмаш рамёстваў.
Аднымі з галоўных герояў гукання былі птушкі. Гэтыя сімвалы вясны былі на вышыўках і малюнках. Прыгожа глядзеліся гліняныя, саламяныя птушачкі, а таксама з цеста. А ў самы разгар свята з неба пачуліся птушыныя спевы. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што цёплыя дні не за гарамі.
А наблізіць вясну дапамагалі народныя абрады. Карагод сімвалізаваў гадавы сонцаварот, а птушкі з цеста, якія на ручніку «ўзляталі» ў неба, — добры ўраджай, цёплае надвор’е, здароўе і ўсё, што асацыюецца са шчодрай вясной.
Трэба адзначыць, што ва ўсіх удзельнікаў гукання вясны быў цудоўны настрой. Асабліва радаваліся святу дзеці. А арганізавалі абрад студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.