Спачатку я наведаў самы далёкі пункт маршрута Жупраны. Менавіта тут на мясцовых могілках пахаваны Францішак Багушэвіч побач са сваякамі. Ля помніка класіку беларускай літаратуры былі жывыя кветкі. Людзі наведваюцца сюды часта.
Знаходзяцца могілкі за некалькі дзясяткаў метраў ад велічнага касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла. У будаўніцтва храма ўнёс свой уклад Багушэвіч. У час майго наведвання касцёл рамантаваўся. Разгаварыўся з рабочымі. Аказваецца, прыехалі яны з Масквы. Яшчэ «разрыў шаблону» — размаўлялі будаўнікі па-беларуску. Яны гавораць, што на зямлі Багушэвіча інакш не атрымліваецца…На могілках Францішка Багушэвіча і яго сваякоў заўсёды кветкі і лампады.
Пра музей-сядзібу Францішка Багушэвіча «Кушляны» ў інтэрнэце можна знайсці шмат інфармацыі. Аднак фатаграфіі і сухі тэкст не даюць поўнага ўяўлення пра славутасць. Толькі пабываўшы тут можна адчуць аўру гэтага месца. Адны краявіды чаго вартыя! Захаваўся старажытны парк, у якім растуць векавыя дэкаратыўныя дрэвы. Шыкоўная алея вядзе да Лысай гары, дзе па легендзе ў даўнія часы існавала язычніцкае капішча. На вяршыні ўзгорка з камянёў складзены круг. Можна стаць у яго і ўявіць сябе друідам, які праводзіць містычны абрад.
Сама сядзіба адноўлена. Яна дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у XIX стагоддзі. Цяпер у будынку музей. На ганаровым месцы словы паэта: «Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб не ўмёрлі». У адной з залаў экспануюцца карціны мастакоў з Маладзечна Аляксандра Пашкевіча і Міколы Аўчыннікава. У антуражы аўтэнтычных прадметаў сялянскага і шляхецкага побыту можна арганізаваць цудоўную фотасесію.
Сядзіба Кушляны перайшла ва ўласнасць роду Багушэвічаў у 1749 годзе. Сучасны будынак быў узведзены ў канцы пазамінулага стагоддзя за грошы і пад наглядам Францішка Багушэвіча. Тут аўтар «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» правёў апошнія гады свайго жыцця. У час Першай сусветнай вайны сядзіба выкарыстоўвалася як нямецкі палявы шпіталь. Пасля яе пераходу ва ўласнасць дзяржавы ў будынку размяшчалася сельcкая бібліятэка. Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба «Кушляны» адчыніў свае дзверы ў 1990 годзе.
У канцы аповеду пра падарожжа прынята апісваць уражанні. У мяне яны пацягнулі на сто балаў па стобальнай шкале. І гэта не дзіўна. Паездка ў Жупраны і Кушляны не проста перамяшчэнне ў прасторы, а вандроўка ў месца сілы. Тут будзе цікава аматарам роднага слова, беларускай гісторыі, краязнаўцам, мастакам, звычайным турыстам, тым, хто любіць таямніцы, і тым, хто аддае перавагу простым, зразумелым рэчам.
Важна і тое, што дарога да славутасцей у добрым стане. Праходзіць яна праз Смаргонь, у якой таксама шмат цікавых месцаў. Адлегласць ад Маладзечна да Жупран крыху больш за 60 кіламетраў.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і з афіцыйнага сайта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.