Ад Ражанкі да цэнтра Шчучына кіламетраў восем. Пераадолець іх лепш на спадарожнай машыне. Траса ажыўленая, вадзіцелі добразычлівыя. Доўга чакаць не давядзецца. Мясцовы жыхар, які падвозіў мяне, нават грошай не ўзяў. Пры гэтым правёў міні-аўтаэкскурсію па горадзе. Увогуле, мясцовыя жыхары – найбольш каштоўная крыніца інфармацыі. Яны падкажуць, якія славутасці абавязкова трэба наведаць, дзе нядорага і смачна паесці.
Пешы маршрут пачаўся ў цэнтры Шчучына, дзе захавалася жылая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Усе дамы ў выдатным стане. Кварталы выглядаюць цалкам аўтэнтычна. Тут адчуваеш поўнае пагружэнне ў мінулае.
Прыцягвае ўвагу мясцовы Біг-Бэн (цагляная вежа з гадзіннікам). На шыльдзе пазначана, што адноўлена славутасць у 2007 годзе. Раней на гэтым месцы стаяла падобная вежа. А ўзвялі яе як абярэг ад пажараў, голаду і мору.Раней вежа з гадзіннікам аберагала Шчучын ад пажараў, голаду і мору, а цяпер проста ўпрыгожвае горад.
Вежа ўпрыгожвае невялікі, але ўтульны гарадскі сквер – любімае месца адпачынку жыхароў райцэнтра. А каб адпачынак быў культурным, яго тэрыторыя аб’яўлена тэрыторыяй цвярозасці. На мой погляд, такі вопыт варты пераймання.
У Шчучыне яшчэ раз пераконваешся, што беларускі народ талерантны, міралюбівы і гасцінны. Тут, як амаль ва ўсіх нашых гарадах, недалёка адна ад адной узведзены праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Ля касцёла знаходзіцца будынак калегіума ордэна піяраў.На калядныя святы ля калегіума піяраў вернікі ўстанавілі батлейку.
Як чалавеку, неабыякаваму да экалогіі, мне было прыемна ўбачыць у цэнтры горада магутны дуб. На інфармацыйнай шыльдзе пазначана, што захаваўся ён з часоў Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1761-1847 гг.), доктара багаслоўя і філасофіі, заснавальніка Шчучынскага батанічнага саду, аднаго з першых даследчыкаў флоры і фаўны Беларусі.
У Шчучыне можна нават убачыць кавалачак Францыі. Гаворка ідзе пра палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Узведзены ён у стылі палаца Малы Трыанон, што ў Версалі. Знаходзіцца шчучынская славутасць на беразе штучнага вадаёма.«Пабрацім» Шчучынскага палаца знаходзіцца ў Версалі.
Цікавы горад і аматарам ваеннай гісторыі. Справа ў тым, што з 1960-га па 1989 год у Шчучыне базіраваўся 979-ы Ваўкавыскі Чырванасцяжны ордэна Суворава знішчальны авіяцыйны полк. У памяць аб гэтым на высокім пастаменце ўстаноўлены знакаміты франтавы знішчальнік-перахопнік МіГ-19С. Да 1976 года самалёты гэтай серыі неслі баявое дзяжурства ў Шчучыне. Устаноўка такога помніка – знак павагі да абаронцаў Айчыны і яшчэ адзін доказ гатоўнасці краіны абараняць сваю свабоду і незалежнасць.
На зваротным шляху наведаў сядзібна-паркавы комплекс у аграгарадку Руткевічы. Многім дрэвам тут больш за сто гадоў. Прагульвацца па маляўнічых алеях прыемна і цікава. Невыпадкова тэрыторыя комплексу аб’яўлена батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Чатыры кіламетры ад Руткевічаў да станцыі Ражанка прайшоў пешшу. Хацелася, каб зімовыя краявіды як мага больш дапоўнілі ўражанні ад падарожжа.
Падвяду некаторыя вынікі прапанаванага маршруту выхаднога дня. Білеты на поезд у абодва бакі, абед у кафэ, магніцік і турыстычная карта Шчучынскага раёна абышліся ў 25 рублёў. Затое ўражанняў – на ўсе сто ў сотай ступені!
Для тых, хто адправіцца ў дарогу на ўласным аўтамабілі, – дадатковыя бонусы. Можна, напрыклад, наведаць старажытную праваслаўную царкву абароннага тыпу ў вёсцы Мураванка (яна бачная з вокнаў поезда), агледзець сядзібу «Лябёдка-Іванаўская» ў вёсцы Галавічполе, палюбавацца сядзібай Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок, ацаніць іншыя славутасці. Галоўнае – не сядзець дома, пазнаваць родны край.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.