Новости Молодечно и Молодечненского района

Тры «фішкі» Шэметава

  • 2022-02-28 12:40:00
  • Алег Бяганскі

Перш за ўсё Шэметава ўразіла касцёлам Маці Божай Нястомнай Дапамогі (помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя). Узведзены ён у форме крыжа. Побач з храмам драўляная званіца. Такія яшчэ бачыў у Закарпацці. Храм знаходзіцца на вяршыні ўзгорка, з якога адкрываецца шыкоўны від на наваколле.

Яшчэ шмат «кадраў» было зрасходавана на рэшткі сядзібнага комплексу Сулістроўскіх. Ад былой сядзібы захаваліся руіны, аднак выглядаюць яны вельмі маляўніча. Прабірацца па закінутых памяшканнях – сапраўдны квэст (пры гэтым не трэба забываць правілы бяспекі).

Трэцяя «фішка» Шэметава – само наваколле. Побач з населеным пунктам знаходзіцца сажалкавая гаспадарка. У сонечны дзень пейзаж уяўляе сабой паляну ў атачэнні лесу з мноствам люстэркаў. Усё вышэйзгаданае стварае непаўторнае ўражанне і запамінаецца надоўга.

Вось якая яна, наша беларуская зямля. Заязджаеш у нейкі куток проста з цікаўнасці, а бачыш сапраўдны цуд.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.