У адзін з выхадных дзён мы адправіліся ў вёску Засвір. Мэтай было агледзець мясцовы касцёл у стылі барока (помнік архітэктуры XVIII стагоддзя) і руіны манастыра кармелітаў. Аднак у невялікім населеным пункце славутасцей аказалася больш. Прычым гісторыя іх звязана з рознымі падзеямі.
Трэба адзначыць, што касцёл Найсвяцейшай Тройцы не падмануў нашых надзей. Калі знаходзішся побач з ім, дзівішся велічы і прыгажосці будынка. Здымак у інтэрнэце або відэарэпартаж не могуць перадаць той атмасферы. У гэтым плюс асабістай прысутнасці.
Ад былога манастыра засталіся толькі сцены. На жаль, і яны разбураюцца. Гэта надае наваколлю рамантычныя, філасофскія ноты, прымушае цаніць імгненне, якое перажываеш тут і цяпер. Паблізу знаходзіцца невялікая мураваная брама.
А цяпер пра тое, што не ўпамінаецца ў даведніках. Недалёка ад касцёла можна ўбачыць драўляны дом, пабудаваны ў «закапанскім» архітэктурным стылі з велічным фасадам і вялікім балконам з дэкаратыўнымі парэнчамі на другім паверсе. Выпадкова сустрэлі мужчыну, які ўдзельнічаў у будаўніцтве. Аказваецца, раней тут размяшчаліся праўленне гаспадаркі і вясковы клуб. А ўзвялі будынак пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Пра вайну (Першую сусветную) нагадваюць могілкі, дзе пахаваныя германскія салдаты. Загінулі яны ў выніку прымянення атрутнага газу рускімі войскамі (тады такі прымянялі ўсе варожыя бакі). Могілкі маюць статус вайсковага пахавання і знаходзяцца за касцёлам.
Прырода ў ваколіцах Засвіры ўражвае. Дарога месцамі пралягае па вяршылі ледавіковай грады. Тады складваецца ўражанне, што ты не едзеш, а ляціш, настолькі шырокі адкрываецца далягляд.
Такім чынам, у невялікім населеным пункце пакінулі свой след падзеі ад сярэдніх вякоў да нашых дзён. Як не пабываць тут?
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.