Маю на ўвазе геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Каменныя валы Сцеберацкія». Размешчаны ён у Вілейскім раёне, усяго за 150 метраў ад дарогі Маладзечна -- Нарач. У рэспубліканскай прэсе прагучала, што камяні маглі быць устаноўлены яшчэ ў эпоху мезаліту, каля 7,5 тысячы гадоў таму. Калі гэта так, то мы маем самае старое ў Беларусі збудаванне, якое выкарыстоўваецца да нашага часу.
Калі прыязджаеш на месца, адразу адзначаеш невялікія памеры пяці плоскіх камянёў. Старажытныя людзі сарыентавалі каменны комплекс на палярную зорку. На камянях нанесены знакі. Навукоўцы сцвярджаюць, што ў якасці мастакоў выступілі старажытныя балты ў IV-VI стагоддзях.
Помнік шануецца і цяпер. На галінках дрэў вакол яго людзі развешваюць рознакаляровыя стужкі. На саміх камянях ляжаць манеты. Існуе паданне, што ў камяні ператварыліся валы, на якіх мясцовы селянін араў на Вялікдзень. Адсюль і назва комплексу.
Знаходзячыся тут, міжволі настройваешся на філасофскі лад. Старажытнай абсерваторыяй людзі карысталіся на працягу тысячагоддзяў. Паляўнічым-збіральнікам яна была патрэбна для вызначэння часу міграцыі жывёл. Земляробам комплекс служыў, каб своечасова пасеяць сельскагаспадарчыя расліны. Мяняліся народы, культуры, мовы, тэхналогіі, рэлігіі, сама прырода. А людзі ўсё прыходзілі ў Сцеберакі. Гэта матэрыяльнае ўвасабленне бесперапыннасці традыцый, бачны сімвал непарыўнай гістарычнай памяці народа.