Новости Молодечно и Молодечненского района

Славу вёсцы прынёс вяз-старажыл

  • 2025-01-19 08:06:00
  • Олег ПАЦЕВИЧ

Беларуская глыбінка мае дзіўную ўласцівасць прыцягваць да сябе ўвагу, асабліва калі гэта месца з багатай гісторыяй, цікавымі людзьмі і непаўторнымі пейзажамі.

Вёсцы Талуі больш за 400 гадоў. У аддзеле рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта за №336 захавалася рукапіснае апісанне сяла Маркава і яго наваколляў як дзяржаўнага маёнтка, які належаў вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага, пад назвай «Пабудова двара Маркаўскага» невядомага аўтара на польскай мове, датаванае 1616 годам. Сучасная вёска складаецца з трох частак: верхніх, сярэдніх і ніжніх Талуёў. Мясцовасць вакол яе ўзгорыстая. Нехта думае, што жыццё ў Талуях заканчваецца, а хтосьці, пайшоўшы на пенсію, вяртаецца на малую радзіму.

Унікальнае дрэва часоў ВКЛ

Вядомым і папулярным населены пункт стаў дзякуючы вязу-старажылу. Гісторыю дрэва расказаў краязнавец, былы работнік Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аўтар кнігі «Пра Вяллю, рыбу і рыбалку», жыхар Вілейскага раёна Міхась Міхалевіч. Урач-гігіеніст у 2011 годзе замераў абхват дрэва і пераканаўся, што гэта самы вялікі вяз не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў СНД. У 2018-м каштоўнасць дрэва як прыроднага аб’екта пацвердзілі спецыялісты Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яны зрабілі выснову, што маладзечанскаму старажылу, вышыня якога больш за 25 метраў, каля 230 гадоў.

– Першы раз пашчасціла ўбачыць вялікі вяз у верхніх Талуях у 2011 годзе ў час рэйда па Маркаўскім сельсавеце, – пачаў свой аповед Міхась Міхалевіч. – Пад вялізным дрэвам тэрыторыя ўтрымлівалася не ў чысціні. У дупле і ля вяза знаходзіліся прысыпаныя попелам бітыя слоікі і бутэлькі. Пад шатамі, прыхіліўшыся да ствала, стаялі з дзясятак жэрдак, якія ад часу пачарнелі і падгнілі. Побач, бліжэй да сажалкі, ляжаў абламаны сук. Да неахопнага ствала ўпоперак, адзін над адным, былі прыбітыя ў якасці лесвіцы некалькі аполкаў, каб дзецям было больш зручна залезці наверх. Між тым, мяне вельмі ўразіла гэта звычайная на першы погляд карціна. Здзівілі памеры і веліч векавога дрэва. Абмераўшы яго абхват рулеткай на ўзроўні 1,3 метра ад зямлі, зразумеў, што яно ўнікальнае. Натхніўшыся прадчуваннем адкрыцця, захацеў падзяліцца гэтым з іншымі. Але спачатку трэба было пацвердзіць здагадку аб шчаслівай знаходцы і самому ва ўсім пераканацца. А потым напісаць пра вялікі ўнікальны вяз і месца, вёсачку, дзе ён нарадзіўся і расце. Напісаць не пару звычайных газетных радкоў з фотаздымкам, дзе суха паведамляецца пра памеры, а цэлы нарыс ці нават апавяданне ў форме падарожжа па часе і ўспамінаў дрэва як сведкі падзей, што адбыліся ў бліжэйшым наваколлі.

«Маладзечанская газета» і «Мінская праўда» ўпершыню апублікавалі на сваіх старонках артыкулы пра вяз у Талуях. Звесткі пра яго сталі вядомыя вялікаму колу жыхароў Павілля праз артыкул «Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады – Маладзечна, Вілейка і Смаргонь». Не магу сказаць, што ад гэтага дрэву стала лепш, бо для яго з’явіліся большыя рызыкі. Тым не менш адбыліся вельмі добрыя зрухі. Звесткі пра ўнікальнасць вяза сталі сапраўдным адкрыццём для вяскоўцаў. Дзякуючы таму, што адзін з нешматлікіх жыхароў Талуёў – Іван Дурэйка – выпісваў газету. Былі падпісчыкі і ў суседнім Маркаве. Іван Дурэйка ачысціў дупло, частку ствала, які ператварыўся ў труху, выграб смецце. Прыбраў напаўгнілыя жэрдкі, адарваў прыбітыя аполкі, навёў чысціню на тэрыторыі вакол. Праз год дупло паменшылася ў памерах, напалову зацягнулася, а праз два гады ад яго амаль і знаку не засталося.

Інтэрнэт і журналісты зрабілі сваю справу: матэрыялы пра самы стары на Беларусі вяз у Талуях перадрукавалі розныя парталы і выдавецтвы. Іван Дурэйка звярнуўся спачатку ў раённую інспекцыю аховы прыроды, а потым і ў абласны выканкам з прапановай аб наданні ахоўнага статусу вязу ў адпаведнасці з заканадаўствам і афіцыйным аб’яўленні яго батанічным помнікам прыроды. Прапанову ў райінспекцыі падрымалі, звесткі перадалі ў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя У.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук, выдзелілі сродкі для работы.

Ля вяза ўладкаваны памятны камень з гранітнай шыльдай у выглядзе разгорнутай кнігі, якую зрабілі на ахвяраванні людзей. 1 чэрвеня 2021 года адбылося ўрачыстае ўручэнне пастановы Мінпрыроды аб наданні ахоўнага статусу вязу ў Талуях старшыні Маркаўскага сельвыканкама і адначасовае адкрыццё памятнага каменя. Уручэнне пастановы прайшло святочна, з канцэртам і прамовамі пры вялікай колькасці жыхароў Талуёў і Маркава. Быў надрукаваны памятны каляндар на 2022 год з выявай вяза і ўдзельнікаў свята. Мясцовыя газеты і тэлебачанне ў сваіх рэпартажах асвяцілі гэту падзею.

З клопатам пра малую радзіму

Іван Дурэйка – стараста вёскі Талуі. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, вырашыў вярнуцца ў родную вёску і цяпер жыве ў доме, дзе нарадзіўся і вырас. Іван Міхайлавіч выхоўваўся ў звычайнай сялянскай сям’і. Дапамагаючы бацькам весці хатнюю гаспадарку, ён з дзяцінства зведаў цяжар сялянскай працы. Пасля заканчэння Маркаўскай сярэдняй школы паступіў у Маладзечанскі політэхнічны каледж. У час нашай размовы ён успамінае сваю маладосць:

– Многія мае знаёмыя пасля вучобы ці службы ў арміі не вярталіся ў родную вёску. Стваралі сем’і, нараджалі дзяцей, а дамоў прыязджалі толькі каб бацькам дапамагчы. Моладзі здавалася, што жыццё ў горадзе іншае, больш лёгкае, ды і грошай там больш плацілі, чым у калгасе.

Пасля каледжа Івана прызвалі ў армію. Адслужыўшы два гады, ён уладкаваўся на маладзечанскі завод «Спадарожнік». Брыгадзір, майстар, галоўны энергетык – гэта толькі частка працоўнага шляху Івана Дурэйкі.

– На прадпрыемстве мяне прынялі ветліва. Паступова ўнікаў у вытворчыя працэсы, уліўся ў калектыў, сам пачаў прапаноўваць новыя ідэі і ўвасабляць іх у жыццё, – успамінае мой субяседнік. – На заводзе было сучаснае абсталяванне і даводзілася ўвесь час удасканальваць свае навыкі, атрымліваць новыя веды і брацца за буйныя праекты. Будучыня любога прадпрыемства заўсёды за моладдзю, і мы імкнуліся закласці добрую базу для маладых спецыялістаў. Думаю, у нас гэта атрымлівалася.

Іван Міхайлавіч увесь час працаваў на прадпрыемствах горада на розных пасадах. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак вярнуўся на малую радзіму. Ён і на пенсіі вядзе актыўны лад жыцця. Некалькі гадоў таму яго абралі старастам вёскі. Жыхары ў Талуях галоўным чынам пажылыя і ведаюць Івана Міхайлавіча з дзяцінства.

– Што б я рабіў цяпер у горадзе? – разважае Іван Дурэйка. – На лаўцы сядзець пад пад’ездам – нуда. А тут прасторы якія, паветра – проста неверагодныя пейзажы!

Захавальнік дрэва

Іван Дурэйка расказаў, што пасля артыкула ў газеце зразумеў, наколькі велічны вяз расце побач, і стаў яго даглядаць.

– Летам 2015 года мы заўважылі, што на дрэве з’явіліся сухія сукі. У той жа час стаў высыхаць вадаём. У 2016-м прыязджалі з інспекцыі аховы прыроды, сельвыканкама, чысцілі тэрыторыю, выразалі кусты, паставілі агароджу і ўстанавілі шыльду з надпісам «Вяз гладкаствольны XIV-XV стагоддзя». Але дрэва сохла, яму не хапала вільгаці, трэба было чысціць вадаём. Помнік прыроды, які мог бачыць вялікіх князёў і жыццё мясцовых людзей у розныя эпохі, паступова паміраў, – успамінае Іван Міхайлавіч.

На просьбу аб дапамозе па выратаванні дрэва адгукнуліся неабыякавыя людзі, старшыня Маркаўскага сельвыканкама Іван Мацэвіч, супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі пачысцілі вадаём, узровень вады стаў павялічвацца, і вяз выратавалі ад засыхання. У 2024 годзе жыццё дрэва зноў апынулася пад пагрозай.

– Восенню, калі лісце апала, на вышыні каля шасці метраў я заўважыў, што на ствале ўтварыўся грыб, і неадкладна паведаміў пра гэта ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, – расказаў Іван Дурэйка. – Прыехалі спецыялісты, агледзелі дрэва і растлумачылі, што грыб аказвае разбуральнае дзеянне на кару і карані, у выніку чаго вяз можа загінуць. Супрацоўнікі інспекцыі правялі работу па выратаванні дрэва: абрэзалі грыб, зачысцілі кару да здаровай драўніны, апрацавалі рану растворам меднага купарвасу.

Са словамі падзякі

Так дзякуючы мясцоваму актывісту, прыродаахоўнай арганізацыі і мясцовым уладам у чарговы раз помнік прыроды быў выратаваны.

Іван Мацэвіч падзякаваў старасту і ўсім неабыякавым грамадзянам за работу па захаванні і добраўпарадкаванні помніка прыроды.

– Хачу выказаць словы падзякі Міхасю Міхалевічу і Івану Дурэйку – людзям, якія маюць дачыненне да гэтай добрай справы. У кожным з нас жыве павага да гістарычнай памяці, пачуццё гонару за месца, дзе нарадзіліся і выраслі.

Тэкст і фота: Алег ПАЦЭВІЧ