Новости Молодечно и Молодечненского района

Рака Вялеса

  • 2022-04-15 08:57:48
  • Алег Бяганскі

Трэба адзначыць, што Вілія займае асаблівае месца ў беларускай гісторыі. Менавіта на тэрыторыі, па якой яна нясе свае воды, зарадзілася Вялікае Княства Літоўскае. Па рацэ праходзіў адзін з найважнейшых гандлёвых шляхоў маладой дзяржавы. На яе берагах разгортваліся многія драматычныя і гераічныя падзеі. Увогуле, даліна Віліі засялялася людзьмі яшчэ са старажытных часоў. Аб гэтым сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі.

Вельмі багатая прырода ракі і яе ваколіц. Па берагах растуць прыгожыя дубровы, узвышаныя ўчасткі займаюць велічныя сасновыя бары. Упадаюць у раку шматлікія прытокі, адзін з якіх – стромкая Уша. У даліне створаны прыродныя заказнікі. Прыбярэжныя лясы маюць водаахоўнае значэнне. Па рацэ праходзяць маляўнічыя турыстычныя маршруты.

Папулярная Вілія сярод аматараў рыбнай лоўлі. У рацэ водзяцца акунь, шчупак, плотка, карась, гусцяра. Каштоўнымі лічацца сом, вугар, судак, падуст, мянтуз. Сустракаецца нават «чырвонакніжная» стронга.

Вілія злучае Беларусь і Літву. На яе берагах размешчаны Смаргонь, Вілейка, Вільнюс. Рака мае важнае значэнне. Праз галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы яна забяспечвае вадой сталіцу нашай рэспублікі. Прычым «па дарозе» ў Мінск вадзе трэба падняцца на вышыню 26-павярховага дома. Такая розніца паміж узроўнем Віліі ў пачатку канала і яго вышэйшай кропкай у раёне Вязынкі, дзе праходзіць водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў.

Каб чытачы мелі больш поўнае ўяўленне пра Вілію, прывяду некаторыя лічбы. Так, агульная даўжыня ракі складае 510 кіламетраў (228 з іх — на тэрыторыі Літвы). Плошча вадазбору – амаль 25 тысяч квадратных кіламетраў (яна прыкладна роўная плошчы такой дзяржавы, як Паўночная Македонія). Агульнае падзенне ад вытоку да мяжы з Літвой – 110 метраў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.