Новости Молодечно и Молодечненского района

Падвесны мост ля Заскавіч

  • 2022-06-20 11:34:39
  • Алег Бяганскі

Жанчына падрабязна расказала, як праехаць да моста, і выказала задавальненне, што ён устаноўлены. Па ім зручна дабірацца да самых грыбных і ягадных месцаў у ваколіцах населенага пункта. Паколькі сезон ціхага палявання яшчэ не пачаўся, вырашыў проста паглядзець на славутасць.

Пешаходны мост убачыў, як толькі выехаў па лясной дарозе да Ушы. Адразу адзначыў прыгажосць канструкцыі, а калі перайшоў на той бераг — яшчэ і надзейнасць. Адметна, што канструкцыя ўстаноўлена вышэй за максімальны ўзровень вады ў паводку, таму сувязь паміж берагамі не перарвецца ў любым выпадку.

Уразіла і прыгажосць наваколля. Шырокую пойму акружае хваёвы лес. Калі прайсці па сцяжынцы ад моста да сутокі Ушы і Віліі, атрымаецца цудоўная экалагічная экскурсія. А краявіды так і просяцца на палатно карціны.

На маю думку, падвесны мост праз Ушу можна лічыць славутасцю раённага маштабу.

У ТЭМУ. Самы доўгі ў Беларусі пешаходны падвесны мост знаходзіцца ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці. Яго даўжыня складае 193,3 метра. «Нябесная дарога» праз Ушу нашмат карацейшая. Аднак яна мае сваю адметнасць і верна служыць мясцовым жыхарам і дачнікам.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.