Новости Молодечно и Молодечненского района

Падарожжа ў Валынь

  • 2020-03-19 12:08:55
  • Алег Бяганскі

Прызнацца ў каханні

«Тунэль кахання» — знакавае месца для ўсёй Украіны. Знаходзіцца ён недалёка ад Роўна, у пасёлку Клевань. Гэта сапраўды тунэль у шчыльнай расліннасці, дзе галіны дрэў і кустоў аплятаюць свабодную прастору над чыгуначнымі пуцямі. Часам па іх праязджае састаў. Дзякуючы гэтаму тунэль не зарастае.

У любую пару года сюды едуць людзі. Прызнацца тут у сваіх пачуццях імкнуцца многія. На галінках уздоўж пуцей закаханыя прывязваюць рознакаляровыя стужачкі. Праўда, найбольш гэтых сімвалаў кахання толькі ў пачатку тунэля.

«Паўднёвая сталіца ВКЛ»

Так у сярэднія вякі называлі Луцк. Свае рэзідэнцыі ў гэтым горадзе мелі Любарт (малодшы сын Гедыміна), Вітаўт, Ягайла, а таксама Сапегі, Радзівілы, Астрожскія, іншыя прадстаўнікі кіруючага класа Вялікага Княства Літоўскага. Месца літаральна насычана ваеннай гісторыяй. Захоўваецца ў адміністрацыйным цэнтры Валынскай вобласці і памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Так, у ваенным музеі Валыні мне паказалі легендарную гармату-саракапятку. Яе знайшлі ў палескіх балотах і адрэстаўрыравалі. Гармату ў 1941 годзе пры адступленні пакінула адна з часцей Чырвонай арміі. Яе падабралі мясцовыя партызаны. Яны выкарыстоўвалі зброю па прамым прызначэнні. Гэта быў адзін з нямногіх выпадкаў у Вялікую Айчынную вайну, калі народныя мсціўцы прымянялі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў артылерыю.

Замак за 200 грыўняў

На самай справе Луцкі замак мае нацыянальнае культурна-гістарычнае значэнне і не можа быць ацэнены ў грашовых знаках. Проста яго выява разме-
шчана на купюры ў 200 грыўняў.

У замку можна ўбачыць усе элементы ранняй сярэдневяковай фартыфікацыі. Байніцы на некалькіх узроўнях, галерэі, грозныя вежы. Ёсць на тэрыторыі замка некалькі музеяў. Асабіста мне спадабаўся музей званоў.

Пра былыя баталіі нагадала група моладзі, якая на замкавай плошчы вучылася страляць з лука. І сапраўды, у такім антуражы кожны можа адчуць сябе сапраўдным дружыннікам.

Кавалак Галандыі і дом з хімерамі

Недалёка ад замка мастак Мікалай Галаўня ўзвёў незвычайны будынак. Мясцовыя жыхары называюць яго «дом з хімерамі» — з-за шматлікіх скульптур казачных персанажаў. Аб’ект увайшоў у пералік турыстычных славутасцей горада.
У цэнтры Луцка я знайшоў кавалачак Галандыі. Гэту краіну нагадаў цэнтральны гарадскі парк імя Лесі Украінкі. Размешчаны ён у забалочанай пойме ракі Стыр, для асушэння якой пракапаныя каналы. Натуральныя польдэры… Дарэчы, парк аб’яўлены арніталагічным заказнікам. Тут гняздзяцца многія «чырванакніжныя» віды птушак.

Рэгіён на смак

У час самастойнага падарожжа шмат рухаешся, а значыць, спальваеш калорыі. Для іх папаўнення патрабуецца ежа. А падсілкавацца на Валыні ёсць чым. Узяць, напрыклад, бендэрыкі. Такую назву я прачытаў на адным з рэкламных плакатаў ля кафэ. Вырашыў пакаштаваць. Аказалася, бендэрыкі – гэта абсмажаныя трохвугольныя блінчыкі, фаршыраваныя мясам. Вельмі смачныя! Падаюцца з маянэзам або соусам.

Папулярны на Валыні і боршч. А нашы дранікі мясцовыя жыхары называюць дзерунамі і вельмі іх любяць.

Цэны на абеды ў цэлым дэмакратычныя. У адным з кафэ Роўна я заказаў некалькі страў (у тым ліку мясную) і заплаціў за ўсё 30 грыўняў (прыкладна 2,5 рубля).

Зарадзіцца ад сонца

Такая магчымасць ёсць у жыхароў Роўна. На плошчы Незалежнасці ў цэнтры горада ўстаноўлена сонечная батарэя, ад якой можна зарадзіць гаджат. Бясплатна.
Ганарацца мясцовыя жыхары і будынкам філармоніі (ён нагадвае парыжскі Нотр-Дам), і дзіцячай чыгункай (кузняй маладых кадраў для транспартных арганізацый).

Ля дома, дзе я жыў, бачыў двух нічыйных сабак. Выглядалі яны добра, людзей не баяліся. А на вушах мелі вялікія каляровыя біркі. Як аказалася, у Роўна дзейнічае праграма стэрылізацыі бадзяжных жывёл. Пэўную колькасць асобін аперыруюць і лечаць за кошт бюджэту. Многім сабакам дапамагаюць валанцёры.

Ля плошчы ў раёне абласнога краязнаўчага музея ўстаноўлены дзясяткі пісанак. У гэтым «фальклорным лесе» можна нават заблукаць.

Замест значка — пярсцёнак

Раённы цэнтр Астрог славіцца сваёй акадэміяй і шматлікімі помнікамі архітэктуры. Усе яны звязаныя з іменем Канстанціна Астрожскага — палітычнага дзеяча, асветніка, мецэната, гетмана ВКЛ. Дарэчы, нарадзіўся ён на тураўскай зямлі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Астрожская акадэмія ўваходзіць у дзясятку лепшых універсітэтаў Украіны. Тут вучаць журналістыцы, праву, эканоміцы, іншым навукам. Уразіла матэрыяльная база ВНУ. Камп’ютары, новая мэбля з вензелямі, пакоі адпачынку з «ляжачымі» крэсламі для студэнтаў. Установа мае заможных мецэнатаў і моцны апякунскі савет. А выпускнікі замест традыцыйных значкоў носяць сярэбраныя пярсцёнкі.

У падвале найбольш старых будынкаў акадэміі пахаваныя манахі (раней тут быў кляштар). А калідоры, якія вядуць да былых келляў, нізкія і вузкія. Як паведамілі студэнты, аднойчы пахаванні вырашыў наведаць Віталій Клічко. Адміністрацыя ВНУ непакоілася, што чэмпіён свету па боксе ў час экскурсіі зачэпіць калоны і разбурыць некропаль. Абышлося. Сцены, якія прастаялі вякі, вытрымалі і асілка.

Тарас Бульба не ўзяў…

Памятаеце знакаміты эпізод аповесці «Тарас Бульба», калі казакі штурмуюць крэпасць? Дык вось, у бессмяротным творы Мікалая Гогаля апісваюцца падзеі ў горадзе Дубна (Ровенская вобласць).

Дубненскі замак і цяпер выглядае грозна і непрыступна. За глыбокім ровам размясціліся рэдуты. На пазіцыях устаноўлены муляжы гармат. З сярэдніх вякоў захаваліся казармы, арсенал, памяшканні, лядоўня для харчовых прыпасаў.
У адным з падвалаў турысты могуць азнаёміцца з калекцыяй прылад для катаванняў. На ўваходзе вісіць шыльда: «Абыходзьцеся з экспанатамі асцярожна. Іначай вы можаце атрымаць траўму». А хто б сумняваўся…

Беларускі акцэнт

У час падарожжа яшчэ раз пераканаўся, што быць грамадзянінам Беларусі – прэстыжна і ганарова. А беларускі акцэнт можа быць падставай для дадатковых скідак на тавары на рынку.

Увогуле, нашых землякоў на Валыні паважаюць. І ёсць за што. Аўтатрасу паміж Роўна і Луцкам рамантуе айчынная дарожная арганізацыя. Аўтазапраўкі, дзе гандлююць беларускімі нафтапрадуктамі, карыстаюцца вялікай папулярнасцю па прычыне якасці паліва. У пашане тут айчынная мэбля і касметыка.

Наша краіна ў мясцовых жыхароў асацыюецца з паняццямі якасці, парадку, дысцыпліны.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.