Новости Молодечно и Молодечненского района

Падарожжа ў Пухавіцкі раён

  • 2021-04-02 07:49:25
  • Алег Бяганскі

Дом, дзе тварылі Колас і Бядуля

У Мар’іну Горку (адміністрацыйны цэнтр Пухавіцкага раёна) прыехаў на электрычцы. На прывакзальнай плошчы прыцягнула ўвагу самаходная артылерыйская ўстаноўка. Помнік устаноўлены ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Як і многія турысты, спыніўся ля грознай тэхнікі, сфатаграфаваў яе.

Я ведаў, што недалёка ад станцыі знаходзіцца цікавая славутасць — сядзіба ХІХ стагоддзя. Належала яна міністру ўнутраных спраў Расійскай імперыі Льву Маркаву (гады жыцця 1830-1883). Пешая прагулка заняла хвілін 15. Маёнтак нагадвае палац. Уражанні дапаўняюць цагляныя вежы, якія асацыююцца з сярэдневяковымі замкамі. Побач працякае рэчка Цітоўка, на якой створана сажалка.

Сядзіба Маркава — адна са славутасцей Мар’інай Горкі.

Месца настройвае на лірычны лад, натхняе на творчасць. Нездарма з 1935-га па 1941 год у будынку сядзібы размяшчаўся дом творчасці пісьменнікаў Беларусі. Тут гасцілі і працавалі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, іншыя знакамітыя дзеячы айчыннай літаратуры.

Навокал сядзібы раскінуўся старажытны парк, у якім расце векавы дуб-волат. Згодна з павер’ямі дрэва выконвае любыя жаданні.

Тут гасціла Леся Украінка

Каб агледзець наступную славутасць, накіраваўся ў вёску Блонь. Размешчана яна недалёка ад Мар’інай Горкі. У вёсцы знаходзіцца яшчэ адзін помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя — сядзіба роду Бонч-Асмалоўскіх. У 1993 годзе тут разгарнуў экспазіцыю раённы краязнаўчы музей.

Як паведаміла супрацоўніца музея Юлія Гулецкая, род Бонч-Асмалоўскіх быў шырока вядомы ў пазамінулым стагоддзі. Ён даў многіх рэвалюцыянераў, грамадскіх дзеячаў, вучоных. Так, вядомы антраполаг Глеб Анатольевіч Бонч-Асмалоўскі першым на тэрыторыі былога СССР знайшоў астанкі неандэртальскага чалавека.

Юлія Гулецкая запрашае наведаць Пухавіцкі раён.

Да гаспадароў сядзібы прыязджала знакамітая паэтэса, пісьменніца, перакладчыца Леся Украінка. Таму кожны год прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ладзяць у Блоні памятныя мерапрыемствы.

Сядзібу акружае старажытны парк. Побач працякае рэчка. Тут сапраўды адчуваецца подых гісторыі.

Царква Святой Жыццепачатнай Тройцы ў Блоні – помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя.

Ездзіць «па струнцы»

У Пухавіцкім раёне гісторыю, сучаснасць і будучыню раздзяляюць літаральна некалькі кіламетраў. Каб пераканацца ў гэтым, трэба пакінуць Блонь, праехаць Мар’іну Горку і па вуліцы Чапаева накіравацца ў напрамку пасёлка Азёрнага. Там знаходзіцца знакаміты ЭкаТэхнаПарк.

Іншых такіх аб’ектаў у нашай краіне няма. На тэрыторыі парку тэсціруецца перспектыўны від транспарту — «струнны» (калі лёгкія вагоны рухаюцца па рэйках-струнах, нацягнутых паміж апорамі). Па меркаванні распрацоўшчыкаў, такая тэхналогія экалагічная, эканамічная і бяспечная.

Для тэсціравання спецыяльных вагонаў узведзена некалькі эстакад. Сярод іх ёсць і здвоеная, дзе знізу рухаюцца падвясныя вагончыкі з меншай хуткасцю, а зверху — з большай. Кіраванне рухам цалкам аўтаматычнае. Разлічаны вагончыкі на розную колькасць пасажыраў (ад аднаго да пяці).
На жаль, праехаць у «экакапсуле» мне не давялося. Варта нагадаць, што ЭкаТэхнаПарк аб’ект не турыстычны, а прамысловы. Доступ туды абмежаваны. Аднак сам выгляд пляцоўкі нагадвае кадры з фантастычнага фільма.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.