Працягваем вандраванне па Маладзечанскім раёне. Са старонак газеты расказваем нашым чытачам пра гісторыю вёсак і дзіўныя лёсы іх жыхароў.
Лепшы спосаб знаёмства з новай вёскай – гэта цікавы субяседнік і аглядная экскурсія. За некалькі гадзін, праведзеных у кампаніі Вольгі Капіцы, пагаварылі пра ўсе этапы гісторыі аграгарадка Маркава, пра цікавых людзей, традыцыі і культуру.
Вольга Капіца нарадзілася ў невялікай вёсцы Юхавічы, што побач з Маркавам. Пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута 19 гадоў адпрацавала ў сельскай гаспадарцы. Затым прадоўжыла навучанне ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Сёння працуе ў Маркаўскай сярэдняй школе педагогам сацыяльным. Вольга Георгіеўна ведае ўсё пра сваю малую радзіму і можа гадзінамі расказваць пра гісторыю маркаўскага краю.
Краязнаўства – радзімазнаўства – радзімалюбства
– Вы падарожнічаеце са старонак газеты і робіце гэта з вялікім захапленнем. Я – ваш чалавек. Падарожнічаю, вывучаю гісторыю малой радзімы, – пачала нашу размову Вольга. – І для мяне гэта так натуральна, бо разумею, што гэта патрэбна і нам, і моладзі. Усе памкненні і намаганні сучаснікаў накіраваны ў будучыню, але мы не можам не думаць аб мінулым, бо яно – аснова нашага сёння і нашага заўтра. Такая неабходнасць і натуральная сувязь часоў ніколі не павінна слабець ні, тым больш, губляцца. Кожны дзень, калі ідзём на работу, заняткі ці проста гуляем па вуліцах роднага горада ці вёсачкі, мы бачым помнікі культуры, архітэктуры, прыроды і нават не здагадваемся пра іх унікальнасць. У кожнага з нас ёсць магчымасць па-іншаму паглядзець на штодзённыя рэчы і перамяніць сваё стаўленне да спадчыны.
«Вёсачка мілая Маркава, як мне цябе не любіць»
– Гэта словы з гімна населенага пункта. Пачатак XV стагоддзя, а дакладней, 1415 год – першае ўпамінанне мястэчка Маркава ў пісьмовых крыніцах таго часу. Але ў якіх дакладна – звестак няма. Асабіста я лічу, што як мінімум на стагоддзе Маркава старэйшае. Дарэчы, 2025 год – юбілейны для аграгарадка, царквы і Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі. Ужо створаны штаб па падрыхтоўцы да святкавання, – запрашае на святы мая субяседніца.
Уладарамі Маркава ў розныя часы былі Нарушэвічы, Мышкевічы, Храбтовічы, Забярэзінскія, Радзівілы, Сапегі, Нарбуты, Пацы, Коцелы, Агінскія… Не хопіць і старонкі друкаванага тэксту, каб пералічыць усіх уладароў населенага пункта за яго шматвяковую гісторыю.
– У выніку спадчынных раздзелаў і продажу асобных валасцей староства значна паменшылася, але ў пачатку XVIII стагоддзя, у канцы шведскай вайны, яно ўваходзіла ў лік пяці найбольшых дзяржаўных уладанняў Ашмянскага павета, дзе мелася 169 гаспадарак. Змяняліся ўладары і дзяржавы, у склад якіх уваходзіла Маркава, а жыццё працягвалася. Самы буйны рост і развіццё населены пункт зведаў пасля 1861 года. Тады ў ім налічвалася 45 двароў, у якіх жыло 369 жыхароў. А праз 36 гадоў, згодна з перапісам 1897 года, у мястэчку Маркава Вілейскага павета Віленскай губерні ўжо 122 двары, у якіх жыве 765 жыхароў, – працягвае аповед Вольга Георгіеўна.
Гістарычны цэнтр Маркава
Гісторыя аграгарадка вельмі доўгая і цікавая. Шкада, што шматлікія войны і хваляванні пакінулі нам мала сведчанняў мінулага. Наш займальны маршрут падыходзіць да гістарычнага цэнтра Маркава.
– Запрашаю вас на рыначную плошчу – гістарычны цэнтр мястэчка, – гаворыць Вольга Георгіеўна. – Мясцовыя старажылы і сёння называюць гэта месца «рынкам», калі хочуць сказаць, што падзея адбывалася ў цэнтры вёскі. Пасярод рынку знаходзілася вечавая званіца. У скверы побач з плошчай у канцы 1990-х пабудавалі каплічку – на тым месцы, дзе раней быў касцёл. Класічны план забудовы: цэнтральная плошча, царква, касцёл… Усё было да толку, як кажуць у нас у Маркаве, ды і ў вас, напэўна, таксама.
Прывітанні правадыру Леніну
Злева ад нас знаходзіцца Маркаўскі сельвыканкам. На будынку замацавана цікавая шыльда...
– На будынку Маркаўскага сельвыканкама ў канцы 70-х гадоў XX стагоддзя адкрылася мемарыяльная дошка з тэкстам пісьма, якое на імя Леніна напісалі маркаўцы, – тлумачыць Вольга. – Яго тэкст быў знойдзены ў архівах газеты «Бядняк» за 1919 год.
Добра працавалі і весела адпачывалі
Вяртаючыся на рыначную плошчу, мая субяседніца расказвае, як у мястэчку адпачывалі людзі і якія традыцыі захаваліся дагэтуль:
– Розныя існуюць даныя аб тым, з якога часу ў Маркаве сталі ладзіць два разы на год кірмашы-фестывалі, але ўсе даследчыкі адзіныя ў меркаванні аб датах іх правядзення: на Міколу летняга (22 мая – Дзень памяці свяціцеля Мікалая Цудатворца) і 28 жніўня (Успенне Прасвятой Багародзіцы, ці Прачыстая, Спажа). Ва ўсе часы працавалі шмат і цяжка, але ніхто не галадаў. На стале ў людзей заўсёды быў хлеб і было да хлеба. Шанавалі зямлю, бо з яе толькі і жылі. Гандлявалі пянькой, збожжам, вырабамі мясцовых майстроў. У Маркаве працавалі цэхі: ганчарны, гарбарны, ткацкі, сталярны, асобныя сем’і займаліся шапавальствам. Апошнім мясцовым дзеючым шапавалам была Валянціна Лапанік. На маёй памяці, прыкладна да сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагодзя. Былі ў мястэчку на двух азёрах і два млыны.
Рэлігійная спадчына
Далей наш шлях ляжыць да вясковай святыні – праваслаўнага храма. Царкву лічаць сэрцам вёскі і месцам духоўнага прыцягнення жыхароў. Падыходзячы да мясцовай святыні, Вольга Капіца расказвае гісторыю храма:
– Сучасны будынак Свята-Троіцкай царквы быў узведзены ў 1860 годзе. Дзяржаўнай палатай на будаўніцтва новай царквы было выдзелена 6000 рублёў золатам. Як сведчаць ведамасці, у чэрвені 1859 года быў закладзены падмурак новай царквы. За вельмі кароткі час будынак быў узведзены. Асвечаны ён 6 снежня. Царква ў Маркаве дзейнічала на працягу ўсёй сваёй гісторыі, не закрывалася ў часы ганенняў на веру і вернікаў. Побач з храмам захавалася капліца ХІХ стагоддзя. Яны і сёння ў выдатным стане і з’яўляюцца цікавымі архітэктурнымі помнікамі і славутасцямі Беларусі. Шмат што змянілася ў нашым жыцці, але традыцыі застаюцца і перадаюцца: карагод «Лука» на Вялікдзень, фэст на Спажу. Няхай не з такім размахам і не на конях, а часцей на машынах збіраемся да царквы, але ж збіраемся. І штогод мясцовая дзятва бяжыць 28 жніўня не ў магазін па цукеркі, а да царквы па «пеўнікаў», зробленых рукамі, як і сто гадоў таму. І няхай пакуль толькі па цукеркі, але надыдзе час – і зойдуць яны ў храм, запаляць свечку, і зацепліцца агонь веры ў іх сэрцах. Так было, так ёсць, і так будзе. Усяму свой час.
Памяць застаецца, а вёска змяняецца
Няма ўжо той старой вёскі, з драўлянымі зрубамі, з прыбіральнямі за сотні метраў ад хаты, з мноствам пабудоў у дварах, дзе захоўваліся ежа і была размешчана жыўнасць.
Старшыня Маркаўскага сельвыканкама Іван Мацэвіч расказаў пра свой сельсавет:
– Аграгарадок Маркава – самы буйны населены пункт на тэрыторыі сельсавета. На падведамнай тэрыторыі добра развітая інфраструктура. Двойчы на сваёй зямлі мы адзначалі раённыя «Дажынкі» – у 2015 і 2022 гадах. У рамках мерапрыемстваў, што ладзяцца з мэтай добраўпарадкавання населеных пунктаў, зроблены рамонт і рэканструкцыя асноўных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Выканана азеляненне тэрыторыі адміністрацыйных будынкаў, заасфальтаваны вуліцы.
Ушанавана памяць пакаленняў
На тэрыторыі сельсавета ёсць пяць помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчынай вайны. Велізарная ўвага надаецца навядзенню парадку на трох грамадзянскіх могілках. На тэрыторыі аграгарадка высаджаны дзве алеі: Алея адзінства (у гонар Дня адзінства 2021 года) і Алея бацькоўскай любові (у рамках Тыдня бацькоўскай любові 2022 года).
Астравок культуры
Марына Чарняўская больш за 14 гадоў працуе ў бібліятэцы, і за гэтыя гады тут многае змянілася.
– Чытачы розных узростаў, прафесій прыходзяць да нас па кнігі. Хачу назваць самых актыўных нашых чытачоў. Гэта Іван Нарэйка і Міхась Сіняўскі, – гаворыць бібліятэкар.
Без іх не абыходзіцца ніводнае свята
Усе святы ў аграгарадку праходзяць пад песні ў выкананні ансамбля «Маркаўчанка». Яму ўжо больш за паўвека, у 1992 годзе калектыў атрымаў званне «народны».
Педагагічныя традыцыі школы
Большасць настаўнікаў Маркаўскай сярэдняй школы – яе выпускнікі. Сярод іх і Анастасія Дземеш, Кацярына Іванец. Педагагічныя традыцыі тут перадаюцца ад настаўніка да вучня.
Маркава працягвае жыць!
Сёння аграгарадок Маркава – адміністрацыйны цэнтр сельсавета, у якім у 247 гаспадарках жыве больш за 600 чалавек, 97 з іх – маладзейшыя за працаздольны ўзрост.
Тэкст і фота: Алег ПАЦЭВІЧ