Новости Молодечно и Молодечненского района

«Паўлінка» ў Акопах

  • 2020-08-17 08:19:57
  • Алег Бяганскі

«Акопы» сталі для мяне сапраўдным адкрыццём. Нават не ведаў, што ўсяго за 80 кіламетраў ад Маладзечна на невялікай тэрыторыі сканцэнтравана так шмат цікавага. Напрыклад, знакамітая Лысая гара – адна з самых высокіх кропак Беларусі — 342 метры над узроўнем мора. А вёска Карпілаўка, праз якую пралягаў шлях, звязана з жыццём і дзейнасцю празаіка і публіцыста Ядвігіна Ш. Што тычыцца фальварка Акопы, у ім з 1909-га па 1926 год жылі маці і сёстры Янкі Купалы, да якіх ён прыязджаў на працягу 16 гадоў.

Трэба адзначыць, што літаратурны музей створаны не ў саміх Акопах, а ў вёсцы Харужанцы (за два кіламетры ад былога фальварка). У ваколіцах гэтага невялікага населенага пункта можна ўбачыць усё, чым славіцца Лагойшчына: высокія ўзгоркі, магутныя бары, бурлівыя ручаі. Сапраўдная беларуская Швейцарыя! Нездарма Янка Купала любіў наведваць гэтыя мясціны. Відаць, сама прырода дапамагала яму ствараць выдатныя літаратурныя творы. А садзейнічаў творчасці яркі нацыянальны каларыт. Тут жылі ўсе прататыпы «Паўлінкі».

Шлях ад Маладзечна да музея праходзіць па былых Віленскім і Даўгінаўскім трактах. Гэтыя дарогі выкарыстоўваліся яшчэ ў часы былой Рэчы Паспалітай. Яны адыгрывалі вялікую ролю ў эканамічным жыцці дзяржавы, а цяпер звязваюць стагоддзі ў адзіны непарыўны гістарычны летапіс.

У чым адрозненне «Акопаў» ад іншых музеяў? Перш за ўсё ў інтэрактыўнасці. Тут экспанаты з’яўляюцца толькі сродкамі, каб перанесціся ў часы Янкі Купалы, адчуць тую ж атмасферу. Наведвальнікі ў музеі складаюць вершы, вучацца разбіраць почырк Песняра. Засвоіць матэрыял дапамагаюць гульні і конкурсы. На маю думку, менавіта так трэба прывіваць любоў да айчыннай літаратуры і Радзімы наогул.

Вялікае значэнне мае антураж месца. З гэтым у «Акопах» усё ў парадку. Сёлета, дарэчы, у музеі пачалі праводзіць інтэрактыўныя фестывалі з поўным пагружэннем у атмасферу беларускага побыту пачатку ХХ стагоддзя. Прыемна, што ўдзел у іх прымаюць і нашы землякі. Свае сувеніры прапануюць майстры Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў, рамеснікі з нашага і Лагойскага раёнаў. Гандлёвыя рады кірмашу звычайна размяшчаюцца на паляне недалёка ад музея. Вырабы тут на любы густ. А ў каго заставаліся яшчэ грошы, іх можна было патраціць у карчме «Апошні грош».

Не забыліся арганізатары і пра музычнае афармленне. Дарэчы, пасля таго як пакаштуеш напітак «Пчаліны пацалунак», даволі цяжка ўтрымацца і не пусціцца ў скокі пад народную музыку.

Сапраўднай «вішанькай на торце» стала вечарына ў сям’і Крыніцкіх. Шматлікія госці назіралі, як Паўлінка «адшывае» фанабэрыстага пана Быкoўcкaгa. Сцэна пастаўлена з гумарам, а гледачы прымаюць у ёй непасрэдны ўдзел. Добры настрой пасля наведвання музея захаваўся надоўга.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.