Новости Молодечно и Молодечненского района

Пінск: пракаціцца на цеплаходзе, паспрабаваць мясцовы «снікерс»

  • 2021-08-27 07:30:06
  • Анжаліка Крупянькова

Амаль 140-тысячны Пінск называюць сталіцай беларускага Палесся… Гэты горад, дарэчы, амаль на трыста гадоў старэйшы за Маладзечна. Першыя сведкi аб ім адносяцца да 1097 года.

Падарунак роднаму гораду

Пінск знаходзіцца амаль у 400 кіламетрах ад Маладзечна. Дарога немалая, таму мы вырашылі паехаць на два дні. Спыніліся ў самым цэнтры горада ў прыватным гасцявым домiку «Пінскі дворык», якi адкрылi зусім нядаўна. Будынак гістарычны, 1916 года, аднак «начынка» сучасная, інтэр’еры стыльныя, у нумарах – усё неабходнае, уключаючы кандыцыянер, халадзільнік, чайнік, фен. У падарунак — выдатная турыстычная карта. Рэспект тым, хто яе склаў так даступна і змястоўна. Адміністратар расказала, што гэты асабняк з чырвонай цэглы доўгі час пуставаў і разбураўся, другое жыццё яму даў прадпрымальнік і мецэнат Васілій Амялюсік, ураджэнец Пінска, які цяпер жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Вось такі цудоўны падарунак роднаму гораду.

На цеплаходзе музыка не iграла…

У першы дзень мы вырашылі прагуляцца па набярэжнай — вуліцы Дняпроўскай флатыліі — і пракаціцца па Піне на цеплаходзе. Па-добраму пазайздросцілі пінчукам (менавіта так называюць сябе карэнныя жыхары): іх горад на вадзе падобны на паўднёвы курорт. На берагах ракі абсталявана некалькі пляжаў (самы папулярны ў народзе называюць «сабачка»). З набярэжнай адкрываецца прыгожы від на месца, дзе Піна ўліваецца ў яшчэ больш шырокую Прыпяць.

Рачны вакзал

На фоне блакітнага Рачнога вакзалу, падобнага на параход, фатаграфуюцца ўсе турысты. Аднак прагулачны цеплаход «Пінск» сюды не прышвартоўваецца, для яго пабудавалі сучасны прычал ніжэй па цячэнні. Білет на 45-мінутную рачную прагулку на аднаго пасажыра – 5 рублёў. За 200 рублёў судна можна цалкам зняць на гадзіну. Рэйс адбываецца, калі збіраецца не менш за 30 пасажыраў. Жадаючых у выхадны дзень было значна больш, усе імкнуліся трапіць на адкрытую верхнюю палубу, каб пракаціцца па Піне з вецярком. Цеплаход даволі «стомлены», 1979 года выпуску, аднак шпарка разразаў водную гладзь. З набярэжнай, пляжаў людзі махалі пасажырам – тут такая традыцыя. Для поўнага антуражу не хапала прыемнай музыкі на борце, ды і цікавая інфармацыя пра Піну і Пінск не была б лішняй…

У выхадны дзень шмат жадаючых пракаціцца па Піне на цеплаходзе.

Старэйшы касцёл у Беларусі

З ранку наступнага дня мы адправіліся ў сабор Унебаўзняцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, адзін са старэйшых касцёлаў Беларусі, узведзены ў 1706-1730 гадах у стылі барока. Ён з’яўляецца галоўнай часткай архітэктурнага комплексу манастыра францысканцаў. У касцёле ішла служба, нам пашчасціла пачуць гукі аднаго з самых старажытных у нашай краіне аргана, другога па велічыні ў Еўропе. Ён пабудаваны ў 1837 годзе і налічвае 1498 труб. Касцёл адметны і тым, што ў ім знаходзіцца «Пінская Мадонна» Альфрэда Рэмера. Мясцовыя жыхары называюць яе «Мадонна з грыўкай» ці «Пінская мама».
Побач з касцёлам – мясцовая «Пізанская вежа» — чатырохярусная званіца, якая пасля дабудовы апошняга паверху адхілілася ад восі.

Дровар, лазовы ставок

Музей Беларускага Палесся знаходзіцца ў велічным будынку калегіума, пабудаванага у XVII стагоддзі. Музею 97 год, ён адзін са старэйшых у нашай краіне. У багацейшай экспазіцыі аформлены цэлыя пакоі, сабраны прынады працы палешукоў, іх адзенне. Нас уразіў драўляны веласіпед – «дровар» 1920-га года, а таксама віртуозна сплецены з лазы ставок для лоўлі рыбы.

Адзін з самых цікавых экспанатаў Музея Беларускага Палесся – драўляны веласіпед.

Наогул жа, у гістарычным цэнтры горада ледзь не кожны дом – помнік архітэктуры. Па іх колькасці Пінск саступае толькі Гродна. Мы любаваліся домам Напалеона Орды, музыканта і мастака, які намаляваў і былы Беніцкі маёнтак на Маладзечаншчыне. Знайшлі і іншыя гістарычныя будынкі – сінагогу, банкі, шахматна-шашачны клуб, размешчаны ў былым…бардэлі. Цяпер гэты будынак прадаецца. У «Пінскім муры» — велічным палацы Бутрымовіча, дзеда Напалеона Орды, знаходзіцца ЗАГС. У будынку старадаўняга кінатэатра размешчаны Палескі драматычны тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча. Адзін з самых запатрабаваных спектакляў — «Пінская шляхта». Самыя «прасунутыя» турысты ўмудраюцца сумясціць экскурсію ў Пінск з гэтым спектаклем.

Па прысмакі – у «Залаты колас»

Гэта кафэ рэкамендуюць у інтэрнэце, бо тут прадаецца салодкі пачастунак, які называюць «пінскім снікерсам». Мы паспрабавалі: сапраўдны, маса з арэхамі і какавай падобна на яго. Цана нятанная: за кілаграм — 20 рублёў. Тут жа можна купіць забытыя ласункі савецкіх часоў: грыбы з пясочнага цеста, палоскі з яблычным павідлам, розныя булачкі і пячэнне. А яшчэ – паспрабаваць каву па-пінску з сіропам з агурка. Заказаць гэтую каву мы ад мноства ўражанняў забыліся, аб чым цяпер шкадуем. Што ж, ёсць нагода вярнуцца…

«Шпацыр па газу»

Менавіта так, міксуючы польскую мову і ідыш (у 1939 годзе 75 працэнтаў насельніцтва горада складалі яўрэі), тут называлі прагулку па галоўнай вуліцы Касцюшкі. З савецкіх часоў 800-метровая «пешаходка» носіць імя Леніна. У адрозненне ад «брадвеяў» у іншых гарадах яна не заасфальтаваная, а выкладзеная пліткай, стылізаванай пад даўніну. На некаторых участках захавалі і «пінскую костку» 1930-х гадоў – шасцігранную бетонную плітку. Па ўсёй вуліцы нібыта плыве выкладзеная пліткай рознакаляровая хваля. А ў яе пачатку сустракае скульптура Палешука – карэннага пінчука, які характэрна загібаючы мезенец, нібыта кажа: «Па-першае, я – з Пінска…» (такі надпіс можна прачытаць на пастаменце). Паляшук не сумуе: кожную хвіліну яго абдымаюць турысты, каб сфатаграфавацца. Ну і, зразумела, труць яму нос і рукі на ўдачу…Пацерлі і мы. А яшчэ, пакупаўшыся ў прагрэтай шчодрым жнівеньскім сонцам Піне, з мосту кінулі ў яе манеткі і загадалі жаданне – абавязкова калі-небудзь вярнуцца ў гэты ўтульны і гасцінны старажытны горад, які нам вельмі спадабаўся.

«Па-першае, я з Пінска!» — гэтымі словамі сустракае гасцей горада бронзавы Паляшук на пешаходнай вуліцы Леніна.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.