Так, для мяне было сапраўдным адкрыццём, што ў Барысаве захавалася воданапорная вежа архітэктара Уладзіміра Шухава. Нагадаю, менавіта гэты архітэктар спраектаваў знакамітую ажурную тэлевежу ў Маскве. Яе барысаўская сястра была ўзведзена ў 1927 годзе. Уражвае, што цыстэрна на сотні тон вады «пасаджана на шкілет» з тонкіх металічных вугалкоў, змацаваных балтамі і сцяжкамі.
Былы прамысловы аб’ект выглядае неверагодна! Своеасаблівая ёлка з масіўным наканечнікам... Знаходзіцца славутасць на скрыжаванні вуліц Гастэлы і Энгельса. Ад чыгуначнага вакзала да яго мінут 15-20 пешшу. Вонкавая лесвіца, якая вядзе наверх, у аварыйным стане. Таму «сэлфі» можна зрабіць толькі ля падножжа вежы.
А вось аматарам грамадзянскай архітэктуры раю наведаць раён Стары Барысаў. Размешчаны ён даволі далёка ад вакзальнай плошчы, за Бярэзінай. Таму лепш дабірацца грамадскім транспартам. Паездка будзе цікавай -- тут добра захавалася старая гарадская забудова. Каб не сучасныя шыльды на крамах і кафэ, атрымалася б поўнае пагружэнне ў XIX стагоддзе.
Архітэктуры адпавядае рытм жыцця. Гарадскія кварталы ўяўляюць сабой музей пад адкрытым небам (прычым бясплатны). Многія дамы раней належалі багатым яўрэям. Да нашага часу захаваўся будынак былой сінагогі. У атачэнні старых жылых дамоў і гандлёвых радоў гарманічна глядзіцца касцёл Нараджэння Прасвятой Дзевы Марыі. Яго будаўніцтва завяршылася ў 1823 годзе.
Яшчэ пару кварталаў -- і перад вамі праваслаўны кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстова. У храм улюбляешся з першага погляду. Ён велічны і адначасова дамашні. Калі я аглядаў славутасць, стаяла дрэннае надвор’е: было сыра і ішоў мокры снег. А чырвоная цэгла сабора выпраменьвала цеплыню.
У Барысаве беражліва ставяцца да гісторыі горада, шануюць гістарычную спадчыну. Доказ таму -- помнік заснавальніку горада князю Барысу. Устаноўлены ён у 2002 годзе. Знаходзіцца славутасць ля кафедральнага сабора.
І яшчэ пра адзін гістарычны аб’ект, з якім вы абавязкова сустрэнецеся, калі будзеце падарожнічаць па чыгунцы. Маю на ўвазе будынак чыгуначнага вакзала. Пабудавалі яго ў 1914 годзе. У той час ён быў адзіным двухпавярховым вакзалам на 200-кіламетровым шляху ад Мінска да Оршы.
Ёсць у Барысаве і іншыя славутасці. Як ёсць знакавыя месцы ў любым беларускім горадзе і нават многіх сельскіх населеных пунктах. Увогуле, кожны куток нашай краіны адметны і цікавы. Трэба толькі берагчы тое, што засталося нам ад продкаў, што ствараюць нашы сучаснікі. Толькі тады мы станем годнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый многіх пакаленняў беларусаў
ДАВЕДКА. Годам заснавання Барысава лічыцца 1102-гі. Заснаваў паселішча полацкі князь Барыс Усяславіч. Сёння Барысаў буйны прамысловы і транспартны вузел сталічнага рэгіёна. Тут працуе больш за 40 прадпрыемстваў. У горадзе жыве каля 140 тысяч чалавек.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.
* Праект, прысвечаны 85-годдзю Мінскай вобласці.